Top.Mail.Ru
0

Штогод лясы ў Беларусі павялічваюцца на плошчу вялікага мегаполіса

Спецыялісты падлічылі, што плошча лясоў у нашай краіне за апошнія 30 гадоў вырасла прыкладна на мільён гектараў. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктар ЗВЯРТОЎСКІ, лясы цяпер займаюць амаль палову тэрыторыі нашай краіны і складаюць 9,8 мільёна гектараў. За гады незалежнасці лясістасць Беларусі вырасла з 35 % да 40,2 %. Малавядомы, але вельмі цікавы факт — на аднаго жыхара нашай краіны прыпадае гектар пакрытых лесам зямель, пры гэтым на аднаго жыхара планеты — паўгектара.



Яшчэ тысячы гектараў ветравалаў

Ужо за 8 месяцаў гэтага года лесааднаўленне праведзена на плошчы ў 27 тысяч гектараў, што адпавядае тэрыторыі сталіцы, адзначыў спецыяліст. Цяпер на слыху ва ўсіх ветравалы — сёлета лясы на такіх участках створаны на плошчы практычна 8 тысяч гектараў. Лес не толькі трэба пасадзіць, яго неабходна даглядаць. «Лесагаспадарчымі ўстановамі пастаянна праводзіцца догляд за ляснымі культурамі. Так, ужо за гэты год праведзены догляд на больш чым 98 тысяч гектараў», — падкрэсліў Віктар Звяртоўскі. Аднак ветравалы яшчэ не паўсюль прыбраныя — засталося звыш 3 тысяч гектараў пашкоджаных лясоў.

Уся работа Міністэрства накіравана на павелічэнне плошчы лясоў і рацыянальнае іх выкарыстанне. Дзякуючы гэтаму з 1994 года палепшыліся асноўныя колькасныя і якасныя паказчыкі. Так, доля саспелых лясоў за гэты час вырасла ў 5 разоў — з 350 тысяч гектараў практычна да 1,8 мільёна гектараў. Гэта адбіваецца на штогадовым павелічэнні высечак. Так, разліковая лесасека сёлета зацверджана ў памеры 17 мільёнаў кубаметраў, увёў у курс справы прадстаўнік Мінлясгаса. Расце і запас драўніны на корані — павялічыўся ён больш чым на 870 мільёнаў кубаметраў — да 2 млрд «кубоў». З іх больш за 500 млн — саспелая і перастойная драўніна. Пры гэтым сярэдні ўзрост насаджэнняў з 1994 года вырас з 44 да сёлетніх 58 гадоў.

Рэкорднае пагалоўе

Лес з’яўляецца асноўным месцам пражывання дзікіх жывёл, уключаючы буйных, якія адносяцца да паляўнічых відаў. Гэтым тэрыторыям у Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага, лічыць начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр КАЗАРЭЗ. За 30 гадоў колькасць аленяў павялічылася больш чым у 11 разоў — з 4,5 тысячы да 50,5 тысячы.

Гэта, напэўна, адзін з самых яркіх прыкладаў аднаўлення біялагічнага віду на нашай тэрыторыі за такі кароткі перыяд. Хутка павялічылася таксама колькасць ласёў — да 50 тысяч. Тут трэба адзначыць, што гэты від вельмі важны для лясоў паўночнай часткі Беларусі. Колькасць казуль у нас вырасла больш чым у чатыры разы — з 34 тысяч да 130 тысяч. І такое пагалоўе падтрымліваецца ўжо досыць працяглы час.

Штогод у нашай краіне здабываецца 1,6–1,8 тысячы ваўкоў. Гэта сведчыць аб тым, што сярэдняя колькасць звера ў нашых лясах налічваецца каля 4 тысяч адзінак. Гэтых драпежнікаў цалкам дастаткова для падтрымання «ў тонусе» траваедных дзікіх жывёл. А выпадкі нападу ваўкоў на сельскагаспадарчых жывёл у нашай краіне адзінкавыя.

Што датычыцца мядзведзя, то, сапраўды, сёлета ў нашай краіне было адкрыта паляванне на касалапага. Цяпер у Еўразіі назіраецца станоўчы трэнд па павелічэнні колькасці мядзведзяў. Наша палявая статыстыка падлічыла 1067 жывёл, а гэта лічыцца ўжо зашмат. Акрамя таго, нарастае напружанасць паміж гэтым зверам і чалавекам. «Таму з пачатку ліпеня да 

31 снежня ў нас адкрыта паляванне на мядзведзя. Сёлета вырашана адстрэліць 47 гэтых жывёл. А на сёння ліквідавана ўжо крыху больш за 10», — удакладніў Аляксандр Казарэз.

Спецыяліст падкрэсліў, што адстрэльваюць менавіта праблемных жывёл, якія былі неаднаразова заўважаныя ў паходах на пчальнікі і на найбліжэйшыя сельскагаспадарчыя падворкі.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю