Форум праходзіць у інавацыйным будынку Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO, што само па сабе сімвалічна, адзначалі ўдзельнікі і госці выставы. Экспазіцыя (часткова размешчаная на выставачнай плошчы пад адкрытым небам) ахоплівае ўсе ключавыя сегменты: сучасныя будаўнічыя і аддзелачныя матэрыялы і інструменты, асвятляльнае абсталяванне і сістэмы кандыцыянавання, цеплазабеспячэння і вентыляцыі, газавае і сантэхнічнае абсталяванне. Да ўвагі наведвальнікаў — будаўнічая і дарожная тэхніка, навукова-тэхнічная і інавацыйная дзейнасць, папулярызацыя і прасоўванне сучаснай архітэктуры і мадэляў гарадскога асяроддзя, даступнае і камфортнае жыллё, інтэр’ерны і ландшафтны дызайн.
Па традыцыі BUDEXPO дае магчымасць прадпрыемствам знайсці новых партнёраў і заключыць узаемавыгадныя кантракты, прафесіяналы будаўнічай галіны ўдзельнічаюць у насычанай дзелавой праграме. Прадстаўлена яна ў выглядзе кантэнт-пляцовак, дзе абмяркоўваюцца трэнды і перспектывы развіцця, праходзяць выступленні і панэльныя дыскусіі аб новых тэхналогіях, інавацыях, лічбавых прадуктах, варыянтах імпартазамяшчэння.
З добрымі тэмпамі
— Наша краіна дынамічна развіваецца, і адным з драйвераў яе развіцця ў апошнія гады з’яўляецца будаўнічая галіна, — падкрэсліў, адкрываючы XXVІІ міжнародную архітэктурна-будаўнічую выставу BUDEXPO, першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Уладзімір Навумовіч. — Мы перасягнулі мяжу 6,3 % у ВУП краіны. Гэта стала магчымым менавіта дзякуючы прысутным тут — тым, хто заняты ў будаўнічай галіне, інжынерынгавым арганізацыям.
Звярнуўшы ўвагу слухачоў на міжнародны фармат выставы, Уладзімір Навумовіч падкрэсліў:
— Наша краіна заўсёды адкрыта для перагавораў, і я спадзяюся, што ўсе прысутныя ў рамках запланаваных мерапрыемстваў знойдуць партнёраў, адкрыюць для сябе нешта цікавае і выстава прынясе адчувальныя вынікі.
Адкрыццё BUDEXPO-2025 супала з Днём народнага адзінства, адзначыў першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва. І арганізацыі будаўнічай галіны пастараліся максімальна прадставіць свае навінкі. Установы сістэмы Міністэрства архітэктуры, будаўнічага комплексу, прамысловыя прадпрыемствы і інжынерныя арганізацыі на сваіх стэндах прапануюць прафесійным удзельнікам рынку свае будаўнічыя вырабы, новыя калекцыі і інавацыйныя матэрыялы, новыя тэхналогіі ў сферы цыфравізацыі і электроннага развіцця праектавання.
— На сёння будаўнічая галіна краіны з добрымі тэмпамі працуе па экспарце: у раёне 100 % ад ўзроўню мінулага года, — расказаў першы намеснік міністра. — Прыбаўляем у экспарце паслуг там, дзе маем высокую дабаўленую вартасць. Аб’ём экспарту паслуг па выніках сямі месяцаў наблізіўся да 700 млн долараў. Прырастаем за кошт розных рынкаў па мностве кірункаў. Беларускія праектныя арганізацыі занятыя ў міжнародных праектах (асноўны наш партнёр — Расія). Нашы будаўнічыя і інжынерныя арганізацыі працуюць над рэалізацыіяй праектаў у Калузе, Уладзімірскай вобласці і іншых рэгіёнах Расіі. Гэта перш за ўсё ўзвядзенне сацыяльных аб’ектаў — школ, дзіцячых садкоў, а таксама аб’ектаў інфраструктуры і прамысловых аб’ектаў.
Увод жылля ў Беларусі праходзіць па плане, тэмпы выконваюцца, праінфармаваў Уладзімір Навумовіч.
Вопыт беларускіх калег цікавы будаўнікам і праекціроўшчыкам Кыргызстана, падкрэсліў намеснік міністра будаўніцтва, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Кыргызскай Рэспублікі Талантбек Іманакунавіч. Госць адзначыў, што ў яго краіне разгорнута маштабнае будаўніцтва больш за 600 сацыяльных аб’ектаў, а таксама стадыёна і аэрапорта. Ёсць сумесныя праекты з беларускімі калегамі, у планах — падпісанне мемарандума, які спросціць супрацоўніцтва прадпрыемствам і арганізацыям будаўнічай галіны абедзвюх краін, дадаў ён.
Чаму варта пабываць?
Відавочна, што для прадстаўнікоў будаўнічых кампаній, архітэктараў, інжынераў і дызайнераў гэта выстаўка — самая чаканая падзея года. Але экспазіцыя цікавая і звычайным наведвальнікам, далёкім ад будаўнічай сферы, бо будаўніцтва і рамонт так ці інакш датычацца кожнага з нас. BUDEXPO дае магчымасць атрымаць кансультацыі высакакласных спецыялістаў, даведацца аб новых рашэннях у будаўніцтве і аздабленні, патрымаць у руках і пратэсціраваць навінкі.
Сярод экспанентаў ёсць і тыя, хто прымае ўдзел у найбуйнейшай беларускай будаўнічай выстаўцы ўпершыню. Дэбютанты падрыхтавалі для гасцей цікавыя актыўнасці, прызы і фірменныя падарункі. Сярод навін у праграме выстаўкі — дэманстрацыйная пляцоўка для майстар-класаў «BUDАКАДЭМІЯ». Праект разлічаны ў першую чаргу на маладых спецыялістаў галіны: ён дазваляе палепшыць навыкі, атрымаўшы актуальныя веды ад лідараў галіны, наўпрост пагутарыць з пастаўшчыкамі, пратэсціраваць новыя інструменты і, вядома, заявіць пра сябе.
Адна з найцікавейшых новых лакацый — «Арт-прастора», дзе праходзяць лекцыі і выступленні па найбольш інавацыйных і запатрабаваных кірунках развіцця будаўнічай сферы. Міжнародныя кейсы «Арт-прасторы» — прадстаўленне і абмеркаванне найбольш яркіх (на думку прафесіяналаў) архітэктурных праектаў. Яшчэ адзін кірунак работы — «разумныя» матэрыялы і інавацыйныя тэхналогіі, у прыватнасці BІM (Buіldіng Іnformatіon Model) у праектаванні будынкаў і, вядома, штучны інтэлект у дапамогу архітэктарам.
BІM — гэта інфармацыйная мадэль, тлумачыць прадстаўнік ГК «СіСофт» Раман Байцоў. Сёння будынак успрымаецца не як разрозненыя чарцяжы, а як адзіны арганізм. І якраз BІM-мадэль злучае разам усё, што датычыцца будаўніцтва: ад знешняга выгляду і інжынерных сетак да дызайну інтэр’еру. У адзіную сістэму ўвязваюцца эканоміка, этапы будаўніцтва, лагістыка, навакольнае асяроддзе, кожны матэрыял з назвай і колькасцю. BІM-праекціроўшчык аб’ядноўвае дакументацыю, перакладае чарцяжы ў 3D і напаўняе кожны блок неабходнай інфармацыяй. Падыход дазваляе пазбягаць памылак у праектаванні, кантраляваць кожны этап будаўніцтва, эканоміць час і матэрыяльныя рэсурсы. А значыць, за ім будучыня.
Застаецца дадаць, што ў дні правядзення BUDEXPO-2025 для наведвальнікаў выстаўкі арганізаваны часовыя аўтобусныя маршруты. Гэта № 912э («Ст. м. «Акадэмія навук» — «Міжнародны выставачны цэнтр») і № 962э («Ст. м. «Пушкінская» — «Міжнародны выставачны цэнтр»).
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА