Пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў на Гродзеншчыне. Кіраўнік дзяржавы наведаў Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр. Сёлета манастыр святкуе сваё 505-годдзе. Таксама адзначаецца 555 гадоў з дня знаходжання цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці — адной з самых вядомых і шануемых святыняў Беларусі. Жыровічы для нашай краіны — месца знакавае, яно ўсю сваю шматвекавую гісторыю было рэлігійным і адукацыйным цэнтрам, захоўвала і аберагала крыніцы духоўнасці нашага народа. З лёгкай рукі Прэзідэнта Жыровіцкі манастыр вядомы як «жамчужына праваслаўя». Для многіх беларусаў (і не толькі) Жыровічы з’яўляюцца месцам сілы. Таму падчас візіту Прэзідэнта гаварылі, канешне, аб духоўным, але не забыліся і пра надзённае.
Не грошы прасіць, а талакой рабіць
З надзённага і пачалі. «Некаторыя элементы, якія акружаюць гэтую мясціну, сведчаць, што тут сёе-тое рабілі на хуткую руку зусім нядаўна. І па-ваеннаму, так, каб далажыць, — выказаў заўвагі кіраўнік дзяржавы. — Не ўсё зроблена, абсалютна не ўсё. Запомніце: гэта жамчужына праваслаўя. Так вызначылі, значыць, трэба зрабіць так, каб ні аднаго ўчастка тут не было недагледжанага. Тут жылі святыя людзі. Мы для праваслаўных павінны тут зрабіць ідэальнае месца».
У лютым, сустракаючыся з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кожнай канфесіі стварыць свой рэлігійны цэнтр. «Трэба патрошку дапамагаць усім, каб захаваць мір і спакой на беларускай зямлі», — зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка. Жыровічы адразу былі вызначаныя як цэнтр праваслаўя. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што дапамагаючы адной канфесіі, трэба не забываць і пра дапамогу іншым. Інакш могуць пачацца непаразуменні, што, вядома, нікому не трэба. «Зыходзіць трэба з таго, дзе і што нам трэба зрабіць, каб захаваць мір і спакой на гэтай зямлі. А рэлігійны мір і спакой — адзін са складнікаў усеагульнага нашага міру», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы: да дапамогі канфесіям трэба падыходзіць рацыянальна. Паводле яго слоў, у дзяржавы яшчэ маса пытанняў, якія трэба вырашаць у першую чаргу, напрыклад, жыллё, дарогі, жыллёва-камунальная гаспадарка, сельскагаспадарчая тэхніка і іншыя. А вось, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, ніхто не скардзіцца на тое, што няма куды схадзіць памаліцца. Беларускі лідар адзначыў, што цяпер менш людзей ходзіць у цэрквы, якіх у прынцыпе ў краіне нямала, таму да будаўніцтва новых храмаў трэба падыходзіць узважана. «Давайце будаваць, дзе трэба. Дзе людзям трэба прыйсці і душу адвесці, або сэрца, дзе трэба пакланіцца. Але жыллё? У храмах людзі жыць не будуць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт настойвае: выдаткоўваючы дзяржаўныя сродкі, трэба расстаўляць прыярытэты. Прыярытэтам ён назваў дах над галавой у людзей, перш за ўсё вайскоўцаў. «Як я іх буду пасылаць на вайну (не дай бог, канешне, вайна), а ў іх дзецям і жонцы няма куды ісці. Таму ўсіх трэба забяспечыць жыллём. І ўсе ставяць пытанне: жыллё, жыллё, жыллё. Таму гэта прыярытэт прыярытэтаў, з гэтага трэба зыходзіць. — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба разумець: храм давайце будзем будаваць, калі ёсць грошы». Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што праваслаўная канфесія — самая шматлікія у краіне, а дапамога патрэбна і тым, у каго менш вернікаў. І гэты фактар таксама трэба ўлічваць.
«Трэба падключаць усіх. І перш за ўсё я вельмі разлічваю на царкву, што мы адродзім добрае — добрае з савецкіх часоў, — калі мы не грошы прасілі, а талакой усё збіраліся і сёе-тое рабілі. Я ўпэўнены, што тут шмат людзей, якія гатовыя падключыцца», — сказаў Прэзідэнт. Ён заклікаў і святароў дзейнічаць больш актыўна і ў адным ключы з уладамі. «Мы з гэтага будзем зыходзіць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы не зробім, якімі б нашы дзеці святымі ні былі, якая б моладзь у нас добрая ні была, без нас ужо ніхто не зробіць».
«Вясной будзеце здаваць экзамен!»
Абмяркоўвалі і зямное. Прэзідэнт звярнуў увагу і на ход сельскагаспадарчых работ. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: вясной кіраўніцтва Гродзенскай вобласці будзе здаваць экзамен, як пасеяна, як усё прыведзена ў парадак. Беларускі лідар выказаў і бягучыя заўвагі. «Па кукурузе аналіз не правялі, дзе будзеце на зерне, дзе будзеце на сілас касіць. Я баюся, што ў нас атрымаецца так, што мы разлічваем атрымаць зерне кукурузы, а кукуруза не саспее. І мы страцім час, каб яе ўбраць на сілас. Не ўбяром на сіла — кукуруза перасохне, і зерне не атрымаем ад кукурузы», — выказаў занепакоенасць кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт расказаў, што напярэдадні абмяркоўваў гэтую тэму з кіраўніком Мінсельгасхарча: «Я яго дапытваў учора: ты мне растлумач, дзе, што і як, ці саспее кукурузая?.. Пачынаюцца агульныя фразы філасофскія».
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўважліва паглядзець на гэтае пытанне. Таксама ён звярнуў увагу, што на палях дагэтуль не сабраная салома — і за гэтым трэба сачыць. «Не збярэм салому -немагчыма нічога рабіць на гэтым полі», — нагадаў правіла земляробства беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што пасеяна па азімых збожжавых. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў далажыў, што на дадзены момант засеяна 30% плошчаў ад запланаванага. У кожным раёне вобласці засталося пасеяць прыкладна па 8 тысяч га, тэмпы за апошнія два дні ўзнялі ўдвая — па 500 га штодня ў кожным раёне засейваюцца.
«Да 1 кастрычніка ў цябе ўсё павінна быць пасеяна. Далей няма чаго залазіць у пасяўную. Трэба пасеяць. Але не збярэш салому — не пасееш», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён звярнуў увагу, што ў вобласці павольна ідзе ўборка буракоў, пацікавіўся ўраджаем бульбы. «Менш, чым у іншыя гады, але свае патрэбы мы закрываем», — сказаў Юрый Караеў. Ён запэўніў, што ёсць і дадатковыя аб’ёмы для паставак, напрыклад, у Мінск: «Мінску таксама мы даём. На 90% дагаворы заключаныя ўжо, вызначана, хто захоўвае, хто будзе браць».
«Глядзі, каб у нас не было праблем з гароднінай і бульбай», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Юрый Караеў дадаў, што Гродзенская вобласць гатовая падзяліцца ўраджаем яблыкаў. Прэзідэнт гэта ацаніў. «Калі ёсць лішнія яблыкі — аддай. Падыдзі з дзяржаўных пазіцый, а не толькі з пазіцый вобласці», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы нагадаў і пра падрыхтоўку сховішчаў, каб захаваць гародніну, садавіну, бульбу. «Гэта па-ваеннаму трэба рабіць», — даручыў ён. І нагадаў: вясной усе будуць здаваць экзамен.

«Гэта важна для моладзі»
Аднак, нягледзячы на важнасць сельскагаспадарчай тэматыкі, не яна была галоўным пытаннем гэтай прэзідэнцкай камандзіроўкі. Кіраўнік дзяржавы быў больш засяроджаны на духоўных пытаннях. У Свята-Успенскім саборы Аляксандр Лукашэнка запаліў свечку перад Жыровіцкай іконай Божай Маці. У 1470 годзе ікона з’явілася пастушкам прама на грушавым дрэве. З гэтай дзівоснай падзеі і пачалася гісторыя Жыровічаў як цэнтра праваслаўя. А паколькі гэта цэнтр праваслаўя, вядомы за межамі нашай краіны, Прэзідэнт настойвае: тут усё павінна быць у ідэальным парадку. «Усё трэба зрабіць, каб сюды людзі пайшлі. Гэта жамчужына, моладзь тут будзем выхоўваць», — сказаў ён.
У размове з мітрапалітам Веніямінам Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рэлігійныя цэнтры трэба стварыць, перш за ўсё для будучых пакаленняў. Пры гэтым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гнаць у царкву нікога не трэба, трэба стварыць умовы, каб моладзь сама прыходзіла ў храм. Паводле яго слоў, роля царквы ў тым, каб закладваць духоўныя, маральныя асновы. Але разам з тым трэба праяўляць і гнуткасць у асобных пытаннях, улічваць сучасныя рэаліі, каб быць бліжэй да людзей. «Мы ж яе, моладзь, не пераробім. У чымсьці перарабіць вы павінны, але ўжо радыкальна не пераробім, таму дзесьці трэба крыху і прыстасавацца, каб людзі былі нашы, каб яны былі ў царкве»,- арыентаваў кіраўнік дзяржавы.
«Не трэба перарабляць, але карэктаваць», — пагадзіўся мітрапаліт Веніямін. Прэзідэнт заўважыў, што ў Беларусі гэта пакуль удаецца. Мітрапаліт распавёў, што сёння ў нашай і ў іншых краінах сярод моладзі набірае папулярнасць такі кірунак, як манастырынг. Ён патлумачыў: гэта калі людзі прыязджаюць у манастыр, каб адарвацца ад інтэрнэту, тэлефона, пажыць, папрацаваць.
Прэзідэнту далажылі аб ходзе рэстаўрацыі манастырскага комплексу. Гэтае пытанне з самага пачатку знаходзіцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы. У 1996 годзе Аляксандр Лукашэнка наведваў манастыр ў дзень свята Жыровіцкай іконы Божай Маці. Ужо тады было зразумела, што рэстаўрацыя патрэбная сур’ёзная. З пачатку 2000-х гадоў манастырскі ансамбль пачаў паэтапна абнаўляцца: рэстаўравалі вучэбныя карпусы семінарыі, затым прыступілі да аднаўлення брацкага корпуса і іншых збудаванняў. Наведваючы манастырскі комплекс у 2021 годзе, Прэзідэнт даручыў на працягу чатырох гадоў завяршыць добраўпарадкаванне не толькі манастыра і яго тэрыторыі, але і самога аграгарадка. За гэты час былі рэстаўраваны Свята-Успенскі сабор і Богаяўленская царква. Працягваецца рэканструкцыя Георгіеўскага храма — ён знаходзіцца ў аддаленні ад абіцелі, але таксама ўваходзіць у ансамбль манастыра. Добраўпарадкаваны цэнтр аграгарадка Жыровічы, ён гарманіруе з манастырскім комплексам. «Усё трэба прывесці ў парадак, каб паломнікі, прыходзячы сюды, бачылі, што мы дакрануліся да гэтага, што мы не проста гаворым, але і робім», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнту расказалі, што да ўсіх работ актыўна прыцягваецца моладзь — студэнты, семінарысты. Кіраўнік дзяржавы пахваліў такі падыход.
На тэрыторыі Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра пахаваны першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт. Аляксандр Лукашэнка наведаў яго магілу. І ў знак павагі ўсклаў букет белых руж — любімых кветак мітрапаліта.
«Цэнтр добры, прыгожы. Месца добрае. Але трэба дашліфаваць, асабліва ўскраіны», — сказаў напрыканцы Прэзідэнт. На памяць пра наведванне Свята-Успенскага манастыра кіраўніку дзяржавы падарылі карціну «Свята ў Жыровічах». Аўтар карціны -беларускі мастак, заслужаны дзеяч мастацтваўУладзімір Барабанцаў. На карціне намалявана свята Вербнай нядзелі на фоне Свята-Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што карціна зойме пачэснае месца ў Палацы Незалежнасці.
Валерыя СЦЯЦКО
Аг. Жыровічы