Top.Mail.Ru

Чарговы крок у забеспячэнні эканамічнай стабільнасці

Адзін з найбуйнейшых транспартна-лагістычных цэнтраў краіны папоўніўся новым аб’ектам

Шматфункцыянальны мультымадальны комплекс пабудаваны ў рамках мадэрнізацыі і пашырэння ТЛЦ «Мінск-Белмытсэрвіс-2». Сучасны тэрмінал з неабходнай інфраструктурай для апрацоўкі грузаў, якія прыбываюць аўтамабільным і чыгуначным транспартам, адпавядае самым высокім стандартам арганізацыі складской гаспадаркі. Чакаецца, што новыя магутнасці найважнейшага лагістычнага звяна краіны ўзмоцняць эканамічны эфект. Адкрыццё комплексу стала свайго роду падарункам да прафесійнага свята — Дня мытніка.

Найноўшая пагрузачна-разгрузачная тэхніка, а таксама максімальная аўтаматызацыя гаспадарчых працэсаў дазваляюць аператыўна аказваць поўны пакет паслуг па захоўванні і апрацоўцы тавараў. Штомесяц у сярэднім тут апрацоўваецца 37 тысяч тон тавараў або каля 2 тысяч транспартных сродкаў. Галоўная перавага аб’екта — яго размяшчэнне паблізу сталіцы. Тут створаны ўсе ўмовы для вядзення бізнесу, працы людзей.



Заканадаўцы — на вастрыні жыцця

«Узвядзенне комплексу і новага тэрмінала — чарговы крок па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў справе забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў сферы эканомікі, займання ўпэўненай пазіцыі Беларусі як лагістычнага цэнтра ў сярэдзіне Еўропы, — звярнуў увагу падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця аб’екта Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА. — Мы бачым, што адбываецца на заходніх граніцах, што робіць наша суседка Польшча, але на гэта адказваем адкрыццём новага комплексу. Сёння наша краіна ва ўмовах санкцый знаходзіць новыя рынкі збыту, транспартныя калідоры і паспяхова асвойвае ўсходні напрамак, краіны далёкай дугі».

Палата прадстаўнікоў удзяляе сур’ёзную ўвагу ўдасканаленню заканадаўчай базы, якая рэгулюе пытанні мытнай дзейнасці. «Летась былі прыняты змяненні ў Закон „Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь“, — канкрэтызаваў спікер. — Жыццё ўносіць карэктывы з улікам сённяшніх рэалій, таго, што адбываецца на знешнім контуры. На другой сесіі дэпутатамі былі ратыфікаваны 4 міжурадавыя пагадненні па пытаннях мытнай дзейнасці з такімі краінамі, як Індыя, Куба, Экватарыяльная Гвінея, Нікарагуа. Яны накіраваны найперш на спрашчэнне парадку мытнага афармлення шматлікіх грузаў паміж Беларуссю і гэтымі краінамі. Упэўнены, што кірунак будзе развівацца і ўдасканальвацца. Беларусь паспяхова працуе ў многіх структурах. Мы з’яўляемся паўнавартасным членам ШАС, што дае дадатковыя магчымасці для развіцця гандлёва-эканамічных адносін, а тут, вядома, без работы мытнай службы абысціся немагчыма».

Пасля адкрыцця аб’екта Ігар Сергяенка правёў сустрэчу з супрацоўнікамі Мінскай рэгіянальнай мытні. Спікер праінфармаваў калектыў аб заканадаўчай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, іншых задачах, якія стаяць перад дэпутацкім корпусам. Ішла размова і пра асноўныя сэнсы новага дзяржаўнага свята, якое днямі адзначалі беларусы, — Дня народнага адзінства.

Арыенцір — на Усход

Як адзначыў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір АРЛОЎСКІ, на тэрыторыі транспартна-лагістычнага цэнтра «Мінск-Белмытсэрвіс-2» пабудаваны дадатковыя складскія памяшканні на 5 тысяч квадратных метраў. «У тры разы пашырана кантэйнерная пляцоўка, павялічаны пляцоўкі для стаянкі транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць мытнае афармленне, палепшаны пад’езды да цэнтра, — дадаў ён. — Вельмі важна, што мы ўстанавілі тут маразільныя камеры, дэфіцыт якіх для захоўвання грузаў, што знаходзяцца пад мытным кантролем, адчуваўся ў краіне. Цяпер у Мінску, Мінскім рэгіёне ёсць магчымасць ажыццяўляць мытны кантроль любых відаў замарожаных або ахалоджаных тавараў».

Па словах Уладзіміра Арлоўскага, адкрыццё новага комплексу з’яўляецца адным са шляхоў, накіраваных на развіццё беларускай лагістыкі ў тым ліку ў бок Усходу. «Паток грузаў пераарыентаваўся: цяпер больш як 80 % мытных грузаў перамяшчаецца праз Расію, Казахстан, Кыргызстан і прыходзіць да нас з Усходу, — канкрэтызаваў ён. — Такія грузы таксама трэба апрацоўваць. Гэта імпартныя грузы нашых суб’ектаў гаспадарання, гэта экспарт нашых суб’ектаў, які ідзе ў трэція краіны. Таму такія лагістычныя комплексы ўнутры краіны дазваляюць апрацоўваць грузы, якія ідуць з Усходу і на Усход. Мы і далей будзем развіваць магутнасці вакол краіны».

Наступны буйны транспартна-лагістычны комплекс, па словах старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, будзе ўзведзены ў Віцебскай вобласці. «Калі нам закрываюць заходнія вароты, мы адчыняем усходнія, — дадаў ён. — Усё робім для таго, каб лагістычны паток не спыняўся, а, наадварот, нарошчваўся».

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

У тэму

Да польскіх перавозчыкаў — у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам

Журналісты пацікавіліся ў старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта сітуацыяй на польскай граніцы. «У звычайным парадку, калі граніца адкрыта, грузавікі, у тым ліку польскія, уязджаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, тут адбываецца перачэпка паўпрычэпаў або перагрузка грузаў у транспартныя сродкі Еўразійскага саюза, і польскія грузавікі вяртаюцца ў Польшчу, — нагадаў Уладзімір Арлоўскі пра тое, як адбывалася транспарціроўка грузаў у гэтым кірунку да нядаўняга часу. — Цяпер, пасля таго, як польскі бок закрыў граніцу, адпаведна, польскія грузавікі выехаць назад у Польшчу не могуць. Паколькі ўезд на тэрыторыю Беларусі часовы (звычайна ён складае 10 дзён), гэты тэрмін практычна ва ўсіх грузавікоў скончыўся, таму мы прынялі рашэнне аб яго прадаўжэнні яшчэ на 10 дзён. Гэты перыяд заканчваецца 27–28 верасня».

Што датычыцца далейшых дзеянняў беларускага боку ў выпадку, калі граніца з Польшчай не адкрыецца, кіраўнік мытнага ведамства праінфармаваў, што па заканчэнні адведзеных 10 дзён польскія грузавікі будуць размешчаны на нашых пляцоўках. «Да перавозчыкаў будуць прыняты меры ў адпаведнасці з заканадаўствам, — падкрэсліў Уладзімір Арлоўскі. — Мы спадзяёмся, што на працягу тыдня сітуацыя вырашыцца і польскі бізнес не пацерпіць ад дзеянняў польскіх улад».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю