Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) Чашніцкага раёна — адзін з самых паспяховых не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў краіне. Дзякуючы перамозе ў разнастайных конкурсах, тут удалося рэалізаваць шэраг праектаў. Так на тэрыторыі з’явіўся спартыўны комплекс, дзе наведвальнікі могуць займацца ў цёплы час года, цяпліцы, дзе вырошчваюць агародніну, абсталяваны пакой псіхалагічнай разгрузкі, дзе маюцца ўстройствы для шэрагу методык рэлаксацыі. У хуткім часе тут пачнуць рэалізоўваць новы адукацыйны праект для людзей з інваліднасцю — выраб посуду з гліны. Аднак усе поспехі былі б немагчымыя без калектыву цэнтра на чале з дырэктарам Таццянай ГАПОНЕНКА, ініцыятыўнасці і актыўнасці якога можна толькі пазайздросціць.
Прыгажосць пачынаецца на ўваходзе — тэрыторыя цэнтра ўпрыгожана ружамі, клемацісамі, гартэнзіямі, плектрантусамі. Кветкамі, як і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, займаюцца спецыялісты цэнтра і кіраўнікі гурткоў, наведвальнікі. Тут маецца тэрапеўтычная зона — са спартыўным комплексам пад ценявым навесам, набытым за сродкі ад выйгрышу конкурсу Пасольства Славакіі ў Беларусі, а таксама вулічнай мэбляй, дзе можна ўтульна пагрэцца пад сціплым восеньскім сонейкам. У цяпліцах даспявае апошні ўраджай памідораў і расце свежая зеляніна — для абедаў, якія наведвальнікі цэнтра, у прыватнасці маладыя людзі з інваліднасцю, вучацца гатаваць самастойна.
- ТСАН абслугоўвае жыхароў Чашнікаў і Новалукомля, а таксама ўсіх вёсак раёна. Комплексную дапамогу дома атрымлівае 831 чалавек, з імі працуе больш чым сотня сацыяльных работнікаў. Ёсць аддзяленне для пажылых людзей — звыш 300 людзей сталага веку наведвае цэнтр самастойна. Напрыклад, толькі ў Новалукомлі гурток па спевах аб’яднаў каля 4 дзясяткаў чалавек, столькі ж займаецца ў гурку па аздараўленчай гімнастыцы для пажылых. Таксама тут дапамагаюць шматдзетным сем’ям, а іх у раёне, між іншым, каля 300. Ёсць і аддзяленне, дзе працуюць з маладымі людзьмі з інваліднасцю, навучаючы іх самастойнаму жыццю. 98 інвалідаў наведваюць дома, у тым ліку з 16 людзьмі з інваліднасцю кіраўнікі гурткоў праводзяць заняткі дома.
Адной з асаблівасцяў цэнтра з’яўляецца аддзяленне для маладых людзей з інваліднасцю. Калі спаўняецца 18 гадоў, яны пераходзяць пад патранаж ТЦСАН. Прывіць ім навыкі самастойнага жыцця — задача, здавалася б, простая, але толькі на першы погляд. Аднак з ёй выдатна спраўляюцца кіраўнікі гурткоў. Адна з іх — Ганна Прыстаўка, кіраўнік гуртка «Гаспадынька». Напачатку маладыя людзі вучацца гатаваць простыя стравы — салаты, боршч, блінчыкі, ну, а напрыканцы задача з зорачкай — спячы пірог, што ў выхаванцаў Ганны Сяргееўны таксама атрымліваецца выдатна.
Не менш важная місія — авалоданне швейнай машынкай. Маладыя людзі, у тым ліку і хлопцы, шыюць пасцельную бялізну, махровыя і кухонныя ручнікі. Заказчыкаў і пакупнікоў на прадукцыю хапае, напрыклад, на выстаўцы «Адпачынак-2025» раскупілі ўвесь наяўны асартымент пасцельнай бялізны — чатыры дзясяткі камплектаў. Акрамя таго, пад кіраўніцтвам кіраўніка гуртка «Самоделкин» Ліліі Хамянок маладыя людзі працуюць з тканінамі, бісерам, халодным фарфорам, вараць мыла, вяжуць. Наведвальніца цэнтра Мая Лузгін робіць дрэвы з бісеру, якія добра прадаюцца.
А дапамагае хлопцам і дзяўчатам развіваць дробную маторыку падчас творчасці Анастасія Зуева, інструктар па працоўнай тэрапіі. Напрыклад, з дапамогай малявання па дрэве. Хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць яго нарыхтоўваць, апрацоўваць, шліфаваць, пакрываць грунтоўкай, пасля разам малююць. Нядаўна Анастасія Рыгораўна з калегай распрацавала праект па вырабе посуду «Гліняны цуд», які заняў прызавое месца на конкурсе. Хутка ён будзе рэалізаваны.
Для маладых людзей з інваліднасцю ТЦСАН — не толькі карысныя навыкі, але і кантактаванне. Яны разам праводзяць усе святы, на якія запрашаюць бацькоў і сяброў. А некаторыя нават сустрэлі тут другую палавінку.
У адной з такіх сямейных пар ужо падрастае сын-школьнік. А для некаторых цэнтр стаў месцам працы. Напрыклад, хлопец з інваліднасцю па зроку, які наведваў аддзяленне, прайшоўшы адаптацыю на рабочым месцы, цяпер працуе ў штаце. Ён займаецца сублімацыйным друкам на кубках, талерках, футболках. ТЦСАН, дарэчы, першым у раёне асвоіў такі від дзейнасці
Наведваюць цэнтр і пажылыя інваліды. Цяпер, напрыклад, яны робяць бутаньеркі, якія ТЦСАН распрацаваў да абласных «Дажынак».
— Выразаем, клеім, робім паштоўкі, малюем карціны па нумарах. Прыходзім сюды некалькі разоў на тыдзень, бо дома ў адзіноце сумна, — кажа жыхарка Чашнікаў Тамара Пятроўна.
Наведваюць пажылыя і гурток па аздараўленчай гімнастыцы пад кіраўніцтвам Вольгі Маркевіч. Практыкаванні на ўсе групы мышцаў, а таксама магчымасць пазаймацца на спартыўных трэнажорах збірае некалькі разоў на тыдзень пажылых, але вельмі актыўных жанчын. Напрыклад, жыхарка Чашнікаў Ніна Мяфодзьеўна займаецца ў гуртку ўжо 9 гадоў, і ў свае без малога 70 гадоў нават садзіцца на шпагат!
Не забываюць сацыяльныя службы і тых, хто мае патрэбу ў дапамозе на вёсцы.
— Наша задача — дайсці да кожнага, пачуць яго праблемы і дапамагчы ў іх вырашэнні, кажа дырэктар Чашніцкага ТЦСАН Таццяна Гапоненка.
Мабільныя перасоўныя групы, куды ўваходзіць спецыяліст, які вядзе збор дакументаў на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, юрыст, псіхолаг выязджаюць у аграгарадкі і вёскі і кансультуюць жыхароў на месцы. Праводзяцца і сустрэчы па тэмах, якія цікавяць пажылых людзей з удзелам медыкаў, натарыуса, а таксама па фінансавай адукаванасці і пытаннях кіберзлачыннасці.
Напрыканцы пытаемся ў кіраўніка цэнтра пра сакрэт паспяховай працы.
— Дзяржава і так дае шмат, а нам трэба крыху прыкласці намаганняў, каб было ярчэй, весялей, прыгажэй. Заўсёды кажу свайму калектыву: хочаце добрую зарплату — трэба прыкласці намаганні, зарабіць пазабюджэтныя сродкі — і будзе добрая прэмія, — усміхаецца Таццяна Гапоненка.
Алена КРАВЕЦ
фота аўтара