Top.Mail.Ru

Чым будзе здзіўляць выстаўка «ІНАПРАМ. Беларусь»

Дзелавая праграма «ІНАПРАМ. Беларусь» абяцае стаць адным з ключавых элементаў мерапрыемства.

Першы намеснік міністра прамысловасці Андрэй КАНЮШКА адзначыў, што міжнародная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ. Беларусь» пройдзе ў Мінску з 29 верасня па 1 кастрычніка ў выставачным цэнтры BELEXPO.

Плануецца, што ў выстаўцы возьмуць удзел самыя перадавыя расійскія кампаніі. Акрамя таго, чакаюцца рэгіянальныя экспазіцыі: наяўнасць сваіх стэндаў пацвердзілі Масква, Санкт-Пецярбург, Рэспубліка Татарстан, Тульская, Кіраўская, Яраслаўская, Ульянаўская, Чалябінская вобласці і іншыя. Усяго свае дасягненні прадставяць каля 20 расійскіх рэгіёнаў. У рамках выстаўкі таксама плануецца ўдзел Еўразійскай эканамічнай камісіі.

У рамках форумнай часткі запланаваны шэраг стратэгічна важных сесій, накіраваных на ўмацаванне прамысловай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС і развіццё тэхналагічнага супрацоўніцтва. Свае распрацоўкі і рашэнні прадэманструюць таксама і беларускія кампаніі з розных кірункаў прамысловасці: «Амкадор», БЕЛАЗ, МАЗ, БМЗ, «Гомсельмаш», «Планар», «Белпрампраект», а таксама прадстаўнікі профільных міністэрстваў і арганізацый.

Будзе прадстаўлена выставачная экспазіцыя шырокага спектру тэхналагічных рашэнняў ад аўтамабільнай прамысловасці і авіябудавання да робататэхнікі і інавацыйных медыцынскіх рашэнняў. 

Сімвалам расійска-беларускага партнёрства стане тралейбус вялікага класа 303 Т, створаны на базе кузава ААТ «МАЗ», абсталяванага перадавой сістэмай аўтаномнага ходу і сучасным ацяпленнем, што падкрэслівае высокі ўзровень уніфікацыі з аўтобусамі беларускага вытворцы і эфектыўнасць сумеснай працы інжынераў дзвюх краін.

  • Акрамя таго, адна з кампаній Башкартастана плануе прадставіць на выстаўцы макет расійска-беларускага інвестыцыйнага кластара. Ён прадугледжвае максімальныя прэферэнцыі для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, пачынаючы з вызвалення ад выплаты маёмасных падаткаў і зніжэння стаўкі па падатку на прыбытак да хуткага ўзвядзення вытворчай інфраструктуры «пад ключ» з улікам індывідуальных патрабаванняў інвестараў.

Чакаецца правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных перспектывам прамысловага супрацоўніцтва ў еўразійскай прасторы, аўтаматызацыі вытворчасці і прамысловым ІT, выкарыстання беспілотных авіяцыйных сістэм, міжрэгіянальнаму гандлёва-прамысловаму дыялогу, сучасным рашэнням у сферы транспартнай інфраструктуры, сумесным магчымасцям развіцця аўтамабільнай прамысловасці і іншым стратэгічна важным для абедзвюх дзяржаў тэмам.

Важнай падзеяй для моладзі дзвюх краін стане галоўная сесія «Універсітэт ІНАПРАМ: будуем кар’еру ў прамысловасці», дзе кіраўнікі і эксперты кампаній, навуковых і адукацыйных цэнтраў Беларусі і Расіі раскажуць пра спосабы пабудовы кар’еры ў прамысловасці і адкажуць на пытанні. Ужо цяпер мерапрыемства выклікае велізарны ажыятаж: забраніравана больш за 70 % выставачных плошчаў. У агульнай складанасці экспазіцыя расійскіх і беларускіх арганізацый зойме больш за 15 тысяч квадратных метраў.

Сяргей КУРКАЧ

У тэму

Як адзначыў першы намеснік міністра прамысловасці, вялікая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі розных імпартазамяшчальных і інтэграцыйных праектаў. «За гэту пяцігодку аб’ёмы ўкладанняў прадпрыемстваў Мінпрама ў актыўную частку абсталявання выраслі ў тры разы. Рэалізуецца каля 25 імпартазамяшчальных і інтэграцыйных праектаў фактычна ва ўсіх падгалінах машынабудавання, — адзначыў Андрэй Канюшка. Пры гэтым унутраны рынак забяспечваецца якаснай, у тым ліку інавацыйнай, прадукцыяй, наладжаны пастаўкі за межы Беларусі.

Экспарт у краіны «далёкай дугі» вырас практычна на 50 %. Не спыняючыся на сваіх традыцыйных рынках, прадпрыемствы працягваюць работу па дыверсіфікацыі і пашырэнню геаграфіі паставак.

Прафесійнае свята, якое прайшло пад слоганам «Час магчымасцяў — час перамог», машынабудаўнікі адзначылі ў Брэсце 

«Пачатак традыцыі святкавання Дня машынабудаўніка ў рэгіёнах быў пакладзены ў 2022 годзе. Першым з беларускіх гарадоў яго прыняў Гомель. Лакацыі мяняюцца кожны год, канцэпцыя свята ўдасканальваецца і напаўняецца новым зместам, — расказвае Аксана Каруна, прэс-сакратар Міністэрства прамысловасці. — Сёлета рэспубліканскае свята ў Брэсце адзначалася ўпершыню. Жыхары і госці горада змаглі бліжэй пазнаёміцца з дасягненнямі ключавых прадпрыемстваў сістэмы Міністэрства прамысловасці».

Паглядзець было на што: на плошчы ў 3,2 тысячы квадратных метраў, дзе раскінулася выстаўка галіновых прадпрыемстваў, можна было пабачыць 56 габарытных экспанатаў. Гледачоў уразілі аўтамабіль-офіс, кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 90 тон і турыстычны аўтобус. Тут жа былі прадстаўлены пагрузчыкі, харвестар, фарвадар, лінейка трактароў і збожжаўборачных камбайнаў, легкавыя аўтамабілі і іншая тэхніка... Прэзентавалі і прамысловыя дасягненні Брэстчыны.

У Брэсцкім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце з удзелам міністра прамысловасці Андрэя Кузняцова і старшыні аблвыканкама Пятра Пархомчыка адкрылі лабараторыю «Лічбавы інжынірынг рухавікоў». Гэта ўнікальны праект Мінскага маторнага завода. Студэнты на базе лабараторыі будуць вывучаць лічбавыя мадэлі практычнай работы з сучаснымі дызельнымі рухавікамі.

А яшчэ арганізацыі Мінпрама падарылі Брэсту прыгожы мурал (дарэчы, першы ў Беларусі, прысвечаны машынабудаўнікам). Пад надпісам «Працоўная слава краіны» адлюстраваны зборны вобраз прамысловасці — рабочыя, тэхналогіі і інавацыі — усё, што ўвасабляе аснову беларускага машынабудавання.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Чытайце таксама: Інавацыйную выставу «ІНАПРАМ. Беларусь» наведаюць да 40 замежных дэлегацый

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю