У віншавальным звароце да аграрыяў Мінскай вобласці гаворыцца: «Каравай Міншчыны сёлета важыць больш за 2 мільёны тон. Гэта чвэрць рэспубліканскага намалоту і самы вялікі ўнёсак з усіх рэгіёнаў краіны. Рэкордная ўраджайнасць і добрыя паказчыкі практычна ў кожным раёне вобласці з’яўляюцца сведчаннем гаспадарлівага падыходу да зямлі і захавання тэхналогій».
Асобныя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў камбайнерам і вадзіцелям, якія прадэманстравалі выдатныя рэзультаты на айчыннай тэхніцы.
У звароце да хлебаробаў Гродзенскай вобласці адзначаецца, што працаўнікі Прынёманскага краю, аб’яднаныя адказнасцю і мэтанакіраванасцю, зноў даказалі, што для прафесіяналаў, якія шчыра любяць сваю справу, любы выклік пераўтвараецца ў новую магчымасць.
«У вельмі няпросты па ўмовах надвор’я год вы вырасцілі і сабралі больш за 1 мільён 700 тысяч тон збожжавых і зернебабовых культур з рапсам. Гэта другі вынік па краіне. Атрымана самая высокая ўраджайнасць збожжа — больш за 50 цэнтнераў з гектара, а па асобных гаспадарках — больш за 90. Гэта стала магчымым за кошт высокай культуры земляробства, заснаванай на спрадвечных традыцыях, гаспадарлівага стаўлення да роднай зямлі, перспектыўных навуковых распрацовак», — сказана ў віншаванні.
Гарады, што прымаюць абласныя фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі — Заслаўе (Мінская вобласць) і Ваўкавыск (Гродзенская вобласць), — істотна падрыхтаваліся да ўрачыстасцяў. Добраўпарадкаваны і ўпрыгожаны вуліцы, святочныя праграмы насычаны цікавымі мерапрыемствамі, а самае галоўнае — створана атмасфера свята і ўдзячнасці хлебаробам. Тым, без каго немагчыма ўявіць развіццё і росквіт нашай Радзімы.