Top.Mail.Ru

«Арганізоўвайце, напружвайце, прадавайце»

Якія задачы Прэзідэнт паставіў перад кіраўніком Урада


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына. Галоўная тэма — эканоміка. 

«Перад размовай з вамі запытаў інфармацыю пра „касякі“ ўрада — ВУП 101,6 % (тэмп росту. — «Зв.»), але прасядаюць галоўныя галіны. І мяне што здзіўляе: я вам даручыў заняцца непасрэдна прамысловасцю. Добра, па сельскай гаспадарцы вы, магчыма, перасягнеце год... Ураджайнасць вышэйшая і так далей па 9 месяцах. Палічым, паглядзім... Але ў нас адставанне па сельскай гаспадарцы, хай там і доля працэнта. І адставанне па прамысловасці. Прамысловасць — ваша пытанне, пытанне нумар адзін. Арганізоўвайце, напружвайце, прадавайце. Таму што экспарт у нас, што больш за ўсё напружвае, прасеў на 2,5 %», — размову кіраўнік дзяржавы пачаў крытычна. 

Што датычыцца экспарту, то Аляксандр Турчын удакладніў, што прасеў экспарт тавараў, але разам з экспартам паслуг тэмп росту экспарту складае 101,2 %. «Але і тавары трэба падцягваць. Таму што тавары — гэта людзі, гэта працоўныя калектывы, гэта заработная плата», — заўважыў у адказ Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на складах застаюцца запасы, якія не прададзены. Ён прывёў у прыклад масла, якога колькі вырабляецца, столькі і прадаецца, а тыя запасы, якія ўжо былі, так і застаюцца на складах. Паводле слоў Прэзідэнта, напрыклад, у Кітаі нашу прадукцыю гатовыя купляць па сусветных цэнах. «Дык трэба паглядзець вакол. Гэта ж не справа, у свеце народ галадае, а мы не ўсё можам прадаць. Калі масла не купляюць, дык трэба менш яго вырабляць», — заклікаў кіраўнік дзяржавы. 

3651-2_1.jpg

Пры гэтым ён адзначыў, што аб’ёмы вытворчасці свініны аднаўляюцца недастатковымі тэмпамі. «Па свініне калі мы выраўняемся?» — спытаў Прэзідэнт. Аляксандр Турчын далажыў, што ўжо з верасня пачалося запаўненне жывёла-месцаў. Па Мінскай вобласці ўжо за верасень рост прадукцыйнасці свініны дасягне 136 %. 

«Гэта ўсё зразумела. Але трэба віцэ-прэм’ера, які адказвае за сельскую гаспадарку, Шулейку, узяць на жорсткі кантроль. Пакуль выніку яго дзейнасці я не бачу. А гэта яго пытанне ў вытворчасці — кантроль, (ён павінен бачыць) і асабліва продаж — экспарт. Віцэ-прэм’ер за гэта адказвае», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на дрэваапрацоўку і лёгкую прамысловасць, па названых сферах таксама ёсць пытанні. Пры гэтым, заўважыў ён, ёсць і станоўчыя моманты. 

«У гэтыя складаныя часы нялёгка працаваць. Але, тым не менш, я хачу, каб вы ведалі, каб не было тут ніякай рэўнасці, я папрасіў былога прэм’ера (былых жа не бывае, малады чалавек, адукаваны, дасведчаны), каб ён стварыў групу ў сябе ў Нацыянальным банку. А такія людзі ёсць — разумныя, адукаваныя, дасведчаныя ў эканоміцы, каб яны дапамагалі паралельна з Камітэтам дзяржкантролю (не зусім функцыя Камітэта дзяржкантролю, ведаеш, чым ён павінен займацца), каб яны мяне інфармавалі, аналізавалі сітуацыю ў эканоміцы. А па грошах жа відаць усё, ты ж эканаміст, разумееш, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму без усялякіх крыўд. Я Галоўчанку папрасіў: „Сфарміруй мне такую групу ў Нацыянальным банку, ты яе кіраўнік і аб’ектыўна мне павінен аналізаваць і дакладваць“. Таму што маё ўражанне гэта адно, а то — спецыялісты. Гэта, вядома, незакрытая будзе інфармацыя, Прэм’ер павінен яе бачыць і будзе бачыць».


Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанне пералёту праз Беларусь прыватных авіякампаній з Казахстана. «Нашы самалёты там не абслугоўваюцца, не запраўляюцца. Расійскія, дакладна такія, яны запраўляюць і абслугоўваюць, беларускія — не. Трэба выпраўляць сітуацыю. Вось цяпер на асаблівы кантроль пытанне паставілі», — падкрэсліў ён. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, у Беларусі ў гэтай сітуацыі павінны быць дакладныя прыярытэты. «Нам трэба абараняць свае інтарэсы. Калі яны супадаюць з іншымі краінамі, добра. Не супадаюць — шукаем кампраміс. То бок па-чалавечы. Таму што Казахстан нам не чужая краіна. Гэта краіна, з якой мы ў ЕАЭС. Мы заўсёды мелі добрыя адносіны з Казахстанам. Псаваць гэтыя адносіны не трэба. Але інтарэсы неабходна абараняць», — заявіў Прэзідэнт.

Эканоміка расце, прагрэс ёсць, але і праблем хапае

Аляксандр Турчын расказаў і журналістам пра падрабязнасці даклада Прэзідэнту і далейшыя планы ўрада.

Аб «чорных лебедзях», якім не трэба паддавацца 

«Адназначна ахарактарызаваць бягучы стан эканомікі будзе складана, таму што насамрэч мы працуем у вельмі няпростых умовах. Сказаць, што ў нас няма праблем, — гэта будзе няправільна. Але тым не менш мэта ўрада ў бягучым моманце — зрабіць так, каб у нас быў збалансаваны рост эканомікі. Каб у нас аб’ёмы вытворчасці не суправаджаліся ростам складскіх запасаў, каб аб’ёмы вытворчасці не суправаджаліся ростам дэбіторскай запазычанасці. Каб наша эканоміка працавала эфектыўна. Можа быць, гэта незаўважна, але ўрад вельмі эфектыўна працуе ў гэтым напрамку, мы працуем з нашымі партнёрамі па ЕАЭС, з партнёрамі ў Расійскай Федэрацыі. Ёсць шэраг дамоўленасцяў, якія дазваляюць нам з аптымізмам глядзець наперад», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр. Ён прызнаў, што ёсць і праблемы ў асобных прадпрыемстваў, ёсць праблемы нават асобных галін.

«Мы ва ўрадзе прынялі рашэнне паглядзець на гэтыя праблемы сістэмна. Мы прааналізавалі шэраг прадпрыемстваў, якім у свой час па рашэнні кіраўніка дзяржавы была аказана дзяржаўная падтрымка. Прыемна, што для большасці гэта падтрымка дала станоўчы эфект — прадпрыемствы працуюць, выконваюць свае абавязацельствы. Але ёсць шэраг прадпрыемстваў, якім гэта падтрымка выніку не прынесла», — адзначыў ён. Цяпер урад прапрацоўвае стратэгічныя рашэнні, якія датычацца перш за ўсё канцэрнаў «Белллеспаперпрам» і «Беллегпрам», і простых рашэнняў тут няма. Па словах Прэм’ер-міністра, на працягу года плануецца ўносіць адпаведныя прапановы на ўзровень кіраўніка дзяржавы.

Што датычыцца знешнеэканамічнай дзейнасці, па выніках 7 месяцаў тэмп росту экспарту тавараў і паслуг — 101,2 %. «Але экспарт таксама павінен быць эфектыўным, мы не павінны прадаваць тавар сабе ва ўрон. Мы павінны зарабляць на экспарце нашых тавараў і паслуг», — заўважыў Аляксандр Турчын. Па яго словах, прагрэс у гэтым кірунку ўжо ёсць. Але дастаткова і праблем, аптымізму не дадаюць санкцыі, недружалюбныя крокі суседзяў, напрыклад нядаўняе закрыццё граніц Польшчай. «Мы кожны дзень жывём у нейкіх чаканнях чарговых, як я кажу, „чорных лебедзяў“. Мне здаецца, што спакойнага жыцця ўжо дакладна не будзе. Будуць узнікаць тыя ці іншыя праблемы, але наша задача з імі спраўляцца. Задача ўрада — не дапусціць ніякага абвалу і забяспечваць збалансаваны рост, нельга забяспечваць рост ва ўрон іншым паказчыкам, асабліва эканамічным», — дадаў кіраўнік урада. 

Аб цэнаўтварэнні, якое павінна быць справядлівым 

Журналісты закранулі і пытанне справядлівага цэнаўтварэння — задачу, якую Прэзідэнт пастаянна ставіць перад урадам. Аляксандр Турчын заўважыў, што класічнае рыначнае паняцце раўнаважкай цаны шмат у чым тоесна таму, што кажа Прэзідэнт аб формуле справядлівай цаны. Па словах Прэм’ер-міністра, вельмі складаная задача знайсці такую цану, якая б задавальняла і вытворцу, і прадаўца, і пакупніка. Ён нагадаў, што ў красавіку ўрадам было прынята рашэнне па карэкціроўцы парадку рэгулявання цэн вытворцаў. Ключавая мэта гэтага рашэння — даць магчымасць айчынным вытворцам устанавіць станоўчы ўзровень рэнтабельнасці вытворчасці сваёй прадукцыі. На прыкладзе прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны ў Слуцку Аляксандр Турчын расказаў, што там узровень рэнтабельнасці дасягнуў 6 %. «Людзі вывелі з зоны адмоўных значэнняў вытворчасць сваёй прадукцыі і вырабляюць яе з невялікай рэнтабельнасцю. Гэта адназначна справядлівае рашэнне. Прычым узровень рэнтабельнасці ў 6 % таксама не вельмі дазваляе весці, напрыклад, інвестыцыйную дзейнасць. Але мы разумеем, што ў бягучым моманце гэтага будзе дастаткова», — сказаў кіраўнік урада. Разам з тым звярнуў увагу ён, у структуры цаны ёсць і фактар росту заробкаў. «У нас рост заработнай платы ў рэальным выяўленні каля 10 %. У намінальным — значна вышэйшы. Але ў структуры сабекошту кожнага тавару ёсць зарплата, — адзначыў Аляксандр Турчын. — На мой погляд, знайсці гэты баланс, раўнавагу, справядлівасць — гэта галоўная задача ўрада. Сёння ўрад кантралюе працэсы, якія адбываюцца ў краіне»

Аб дапамозе фермерам з-за неўраджаю яблыкаў

Паводле слоў Прэм’ер-міністра, нельга, каб вытворца вырабляў прадукцыю сабе ва ўрон. Аляксандр Турчын прывёў у прыклад праблему неўраджаю яблыкаў, звязаную з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я сёлета. «Але ёсць выдаткі, пастаянныя выдаткі. Сад нельга не апрацоўваць, не даглядаць яго. Гэта значыць, ты выдаткі нясеш тыя ж, што і ў мінулым годзе, але размяркоўваеш іх не на 3 тысячы тон, а на 300 кілаграм. Таму сабекошт яблыка, відавочна, не можа быць такі, як летась, — адзначыў Прэм’ер-міністр. — Мы разумеем, што агулам у краіне аб’ём вытворчасці яблыкаў каля 40 % ад узроўню мінулага года. Урад прыняў усе рашэнні. У тым ліку мы зараз запускаем для фермераў банкаўскі прадукт. Для таго, каб тыя, у каго складаная сітуацыя са сваім бізнесам, маглі да наступнага года ўзяць на камфортных умовах крэдытныя рэсурсы, каб яны маглі дацягнуць да наступнага ўраджаю»

Аб збалансаванасці эканомікі і экспарце паслуг

У цэлым, адзначыў Аляксандр Турчын, калі глядзець на глабальныя, геапалітычныя ўмовы, у нас усё вельмі нават нядрэнна. «Эканоміка расце. Можа, не такімі тэмпамі, як хацелася б. Але, на мой погляд, да нейкай збалансаванасці мы прыйшлі», — сказаў Прэм’ер-міністр. Ён адзначыў работу аграрыяў, якія сёлета сабралі годны, адзін з самых высокіх у гісторыі ўраджай збожжавых. Расце жывёлагадоўля. Прадукты будуць, перапрацоўка ідзе, экспарт ёсць. 

Складанай задачай Аляксандр Турчын назваў дыверсіфікацыю паставак. Хутка вырашыць яе немагчыма, але ўрад працуе над гэтым пытаннем. Тэмп росту экспарту тавараў і паслуг сёлета складае 101,2 %. «Не можа не радаваць апераджальны тэмп росту экспарту паслуг. Структура эканомікі ў развітых краінах мае на ўвазе ўдзельную вагу паслуг у ВУП большую, чым у Беларусі», — сказаў Прэм’ер-міністр. У гэтым плане кіраўнік урада адзначыў перспектывы развіцця такіх кірункаў, як турызм або IT-сектар, якім на дзяржаўным узроўні ўдзяляецца вялікая ўвага.

Валерыя СЦЯЦКО
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю