Летняя аздараўленчая кампанія — важная частка клопату дзяржавы аб здароўі падрастаючага пакалення. Апроч адпачынку на свежым паветры дзеці займаюцца спортам, удзельнічаюць у творчых і адукацыйных праграмах, знаходзяць новых сяброў. Таму попыт на такія праграмы з кожным годам толькі расце. У гэтым сезоне планавалася аздаравіць каля 400 тысяч дзяцей і падлеткаў, на што дзяржавай было выдаткавана больш за 73 мільёны беларускіх рублёў.
З гэтых сродкаў 72 мільёны накіравалі на патанненне кошту пуцёвак, 800 тысяч — на бясплатныя пуцёўкі для дзяцей, больш за 600 тысяч рублёў — на дапамогу ў падрыхтоўцы лагераў. Асаблівую ўвагу ўдзялілі інфраструктуры. На ўмацаванне тэхнічнай базы загарадных устаноў пайшло больш за 38,5 мільёна рублёў, што на 22 % больш, чым летась. «24,7 мільёна дадалі ўласнікі лагераў, 11,2 мільёна — мясцовыя бюджэты, яшчэ 1,6 мільёна паступіла ад прафсаюзаў, спонсараў і са сродкаў гуманітарнай дапамогі», — падкрэсліў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай. Дзякуючы рэкорднаму фінансаванню ўдалося палепшыць умовы лагераў і павялічыць колькасць дзяцей, якія ў іх адпачываюць. У выніку план быў перавыкананы на 6 тысяччалавек, а агульная колькасць школьнікаў перавысіла 395 тысяч.
Усяго ў розных рэгіёнах краіны працавала амаль 6 тысяч аб’ектаў адпачынку — гэта каля 4,5 тысячы лагераў з дзённым знаходжаннем і прыкладна 1,5 тысячы кругласутачных устаноў. Такой колькасці аказалася дастаткова, каб забяспечыць бясплатнымі і льготнымі пуцёўкамі ўсіх жадаючых. Падчас летніх канікул больш за 19 тысяч школьнікаў знаёміліся з салдацкім побытам, праходзілі паласу перашкод, вывучалі ваенную тэхніку ва ўстановах ваенна-патрыятычнага профілю. А больш за 15 тысяч падлеткаў правялі лета, сумяшчаючы адпачынак з працоўнай дзейнасцю.
Цэнтрам абмену вопытам і пляцоўкай міжнароднай дзіцячай дыпламатыі традыцыйна стаў «Зубраня»:
«Па запрашэнні кіраўніка дзяржавы ў нас адпачыла 275 дзяцей з 9 краін. Акрамя таго, для дзяцей, якія праходзяць рэабілітацыю або лячэнне ад анкалагічных захворванняў, былі арганізаваны тэматычныя змены сумесна з Беларускім дзіцячым фондам «Вясёлка надзеі», — падзялілася дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Таццяна Асмалоўская.
Кантролем якасці і бяспекі дзіцячага адпачынку актыўна займаліся прафсаюзы. Да пачатку летняй аздараўленчай кампаніі і падчас яе былі праведзены маніторынгі ў 120 лагерах. У першую чаргу ўвага ўдзялялася прафілактыцы дзіцячага і дарослага траўматызму. Акрамя таго, прафсаюзныя арганізацыі заняліся і фінансаваннем. Па словах Наталлі Федарук, начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, для лагераў краіны было набыта кухоннае абсталяванне, спартыўны інвентар, музычная і камп’ютарная тэхніка, мэбля і пасцельныя прыналежнасці: «Сумесна з наймальнікамі мы арганізуем экскурсіі, замаўляем аўтобусы, каб дзеці маглі пабываць у гістарычных і памятных месцах краіны. У лагеры прыязджалі тэатры з выязнымі спектаклямі, намі былі набыты прызы для фестываляў і конкурсаў, каб адпачынак быў яркі і запамінальны».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА