Бягучы год стане самым паспяховым для беларускага турызму. Гэта відаць найперш па запаўненні ўсіх сродкаў размяшчэння, у тым ліку гасцініц, санаторыяў, аграсядзіб і нават прыватных кватэр, паколькі вырас паток не толькі арганізаваных, але і індывідуальных турыстаў. Найбольшая колькасць гасцей прыязджае да нас з Расіі, але нямала іх з Прыбалтыкі (дзякуючы бязвізаваму ўезду) і іншых краін ЕС, а таксама краін СНД. Павелічэнне колькасці маршрутаў нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» таксама спрыяе прыросту турыстаў. Гэта дае штуршок для трансфармацыі праграмы «Беларусь гасцінная», у тым ліку нядаўна быў абноўлены лагатып Нацыянальнага агенцтва па турызме, у аснове якога кветка сімвалу нацыянальнага гастратурызму — бульбы.
Рэкордны год
Як нагадала дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына ВАРАНОВІЧ, кіраўнік дзяржавы адзначаў, што турызм павінен стаць сапраўдным нацыянальным брэндам. Яго трансфармацыя пачалася яшчэ ў 2020 годзе, калі кожная краіна фіксавала павышаную ўвагу да ўнутранага турызму. Улічваючы гэта, у Беларусі было шмат зроблена і яшчэ варта зрабіць у галіне інфраструктуры і прыцягнення інвестыцыйных праектаў. Але і з улікам ужо рэалізаванага сёлетні год абяцае стаць самым паспяховым, пераўзышоўшы паказчыкі самага выніковага дагэтуль 2019-га.
Спрыяюць актыўнасці саміх беларусаў і рэспубліканскія мерапрыемствы, у прыватнасці, турыстычны конкурс «Пазнай Беларусь» і акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Узнікненню апошняй спрыяла цікавасць з боку беларусаў і замежнікаў да дня адкрытых дзвярэй, які праводзілі некаторыя турыстычныя аб’екты, у выніку ў 2022 годзе было вырашана яго адначасова правесці ўсюды, дзе пажадаюць запрасіць да сябе гасцей. І калі падчас першай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» ўдзельнічала 516 аб’ектаў турызму, якія наведала амаль 24,5 тысячы чалавек, то сёлета ў 1413 аб’ектаў завітала больш за 178 тысяч турыстаў.
Знаёмае — па-новаму
Рэкордная колькасць заявак паступіла сёлета і на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе сацыяльнай рэкламы «#ПазнайБеларусь» — 2 231, паведаміў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый МАРОЗАЎ. Самая папулярная намінацыя — «Слоган», тут сабрана звыш 1,4 тысячы заявак, акрамя таго на конкурсе заяўлены намінацыі «Плакат» і «Відэаролік» (паднамінацыі «Відэаролік арганізацыі» і «Відэаролік падарожніка»). Прапанаваныя варыянты будуць выкарыстоўвацца для работы ў сацыяльных сетках, каб далей прасоўваць падарожжы па роднай краіне. Акрамя таго, іх можна будзе ўбачыць на білбордах.
Як расказаў мінулагодні пераможца конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Плакат» Данііл Папруга, калі ён глядзеў работы ўдзельнікаў конкурсаў папярэдніх гадоў, для сябе адзначыў іх высокі прафесійны ўзровень.
— Для мяне перамога ў конкурсе — гэта найперш адказнасць натхняць людзей на падарожжа па сваёй краіне. На маім плакаце — не абстрактныя пейзажы, а месцы, дзе мне давялося пабываць, — дадаў пераможца.
Сёлетняя цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 26 верасня падчас V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Перспектывы развіцця турызму ў сучасных умовах: сусветныя тэндэнцыі і рэгіянальныя кантэксты», прымеркаванай да Сусветнага дня турызму.
Як падкрэсліў Дзмітрый Марозаў, «Пазнай Беларусь» — гэта платформа для творчай самарэалізацыі, дзе кожны можа выказаць сваю любоў да Беларусі праз сацыяльную рэкламу. Мэта конкурсу — натхніць людзей на падарожжы па роднай зямлі, адкрыць для сябе нязведаныя маршруты і ўбачыць знаёмыя мясціны па-новаму.
Кветка бульбы
А вось у цэнтры абноўленага лагатыпа Нацыянальнага агенцтва па турызме — кветка бульбы. Менавіта яна перамагла ў галасаванні ў тэлеграм-канале агенцтва.
— Большасць апытаных менавіта ў ёй адчула штосьці роднае, — адзначыў Дзмітрый Марозаў, дадаўшы, што пялёсткі кветкі сімвалізуюць усе рэгіёны нашай краіны. Больш за тое, гэта сімвал гастранамічнага турызму Беларусі — многія замежныя госці пры наведванні просяць пакаштаваць менавіта беларускія дранікі. Акрамя таго, лагатып мае адсылку яшчэ да аднаго сімвала Беларусі — папараць-кветкі.
— У краіне вельмі шмат робіцца для развіцця турызму. Адкрываюцца новыя аб’екты, сядзібныя комплексы, рэстаўрыруюцца
замкі. Прыродаахоўныя ўстановы арганізуюць новыя цікавыя экскурсіі, паходы, маршруты. Удасканальваецца якасць аказваемых паслуг. Каласальная работа праводзіцца ў рэгіёнах, распрацоўваюцца тэматычныя сайты, ствараюцца групы ў сацыяльных сетках, рыхтуюцца маршруты, каб прыцягваць як беларускіх, так і замежных турыстаў, — рэзюмаваў Дзмітрый Марозаў.
Алена КРАВЕЦ