Top.Mail.Ru

Трэба дома бываць не госцем

У гэтым упэўнены нашы суайчыннікі, якія сёння жывуць у розных краінах свету

На Радзіму яны прыязджаюць па веды, звязаныя з культурай і традыцыямі. У Мінску праходзіць творчая стажыроўка для беларусаў замежжа. У ёй бяруць удзел нашы суайчыннікі з Расіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Італіі.

На працягу тыдня госці паўдзельнічаюць у майстар-класах па саломапляценні, стварэнні паясоў, па ручной набіванцы па тканіне, роспісе па шкле, ганчарстве, мастацкай апрацоўцы дрэва. Яны пазнаёмяцца з майстрамі з Мінска і Бярозы, пабываюць у музеі маляванкі ў Заслаўі. У праграме таксама — наведванне памятных месцаў і экскурсіі на беларускія прадпрыемствы.

  • Творчыя стажыроўкі для беларусаў замежжа, якія праводзіць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, праходзяць з 2016 года. Прыязджаюць кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, а таксама тыя, хто шмат робіць для папулярызацыі беларускай культуры ў краінах пражывання. Запатрабаванымі сталі тэматычныя праграмы, калі на занятках у Беларусі прадстаўнікі творчых калектываў змогуць атрымаць вопыт і ідэі, якія выкарыстаюць падчас работы. Ужо праводзіліся сустрэчы для спевакоў і харэографаў. У верасні стажыроўка накіравана на паглыбленае вывучэнне рамёстваў і промыслаў, таму сярод яе ўдзельнікаў ёсць майстры, якія працуюць з рознымі матэрыяламі. Напрыклад, сярод прадстаўнікоў беларусаў Камчаткі — майстар разьбы па дрэве, з Башкартастана прыехала жанчына, якая вырабляе аўтарскія лялькі, з Латвіі — прадстаўнікі гуртка «Зробім разам», дзе вучаць рабіць каларытныя сувеніры.

Сёння прадстаўнікі беларускай дыяспары часта спалучаюць розныя заняткі. Тыя ж вышывальшчыцы і майстры саломапляцення могуць займацца ў вакальных і танцавальных калектывах, весці пошукавую работу, звязаную з гісторыяй перасяленцаў і захаваннем памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

Старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Беларусы Башкартастана» Раіса Зюзько, якая прыехала з Уфы, расказала пра сяло Балтыка ў Іглінскім раёне, дзе пражывае 700 беларускіх сямей. Там ёсць уласныя садок, школа, Дом культуры. На факультатыўнай аснове ў дзіцячых установах выкладаецца беларуская культура. Дзякуючы намаганням грамадскага аб’яднання працуе беларуская хата — музей, абсталяваны ў стылі ХІХ стагоддзя. Для яго збіраюцца экспанаты, звязаныя з беларускімі перасяленцамі, некаторым з рэчаў больш за сто гадоў. У беларускай хатцы знаходзіцца сапраўдная печка, і тут можна праводзіць не толькі фальклорныя вечары і экскурсіі, але і смажыць бульбу, рабіць дранікі. Калі ў Балтыку прыязджаюць госці, у іх ствараецца ўражанне, што трапілі ў Беларусь, бо нашы суайчыннікі дамы будуюць так, як было прынята на радзіме, а ў хатах прадстаўнікоў старэйшага пакалення яшчэ і сёння можна пабачыць ручнікі, дыванкі і нават калыскі. Турыстычны маршрут па Іглінскім раёне прызнаны адным з найлепшых у Расійскай Федэрацыі для прадстаўнікоў сталага ўзросту. 

Увогуле, у Башкартастане дзейнічае праграма «актыўнага даўгалецця», у рамках якой кожны пенсіянер можа паўдзельнічаць у экскурсіях як па сваёй краіне, так і па Беларусі (праезд аплачваецца дзяржавай). Па словах Раісы Зюзько, у Беларусь на працягу года можа накіроўвацца каля 9 груп пенсіянераў, і многія нашы суайчыннікі ўжо скарысталіся гэтай магчымасцю. Башкартастан актыўна развівае эканамічныя і культурныя сувязі з Беларуссю, прадстаўнікоў дыяспары заўсёды запрашаюць на адкрыццё сумесных прадпрыемстваў

Таксама беларусы Башкартастана шмат робяць для захавання памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Сёння яны працуюць над стварэннем базы «Фронт у тыле ворага» — збіраюць інфармацыю пра ўраджэнцаў Башкірыі, якія ўдзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю