Сёння ў Магілёве і вобласці распачнецца XXVІІІ Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2025». У рамках форуму з 24 да 26 верасня гледачоў чакае паказ конкурсных кінастужак, а таксама спецыяльныя фестывальныя праграмы з работамі ўдзельнікаў мінулых гадоў, творчыя сустрэчы з аўтарамі і майстар-класы ад прафесіяналаў індустрыі.
Сёлета, як і ў папярэднія гады, арганізатарамі — Міністэрствам культуры і Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам — падрыхтавана цікавая праграма. Найперш, магіляўчане і госці горада змогуць пазнаёміцца з новымі работамі айчынных і сусветных аніматараў. У рамках фестывалю праводзяцца тры конкурсы: анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці і конкурс дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сёлета на форуме больш за 700 удзельнікаў з 78 краін свету. За перамогу сярод анімацыйных фільмаў паспаборнічаюць 89 кінаработ, а ў конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці — 92 работы. Упершыню на фестываль завітаюць прадстаўнікі анімацыйнай кінаіндустрыі з Туніса, Пакістана, Анголы, Манголіі, Іарданіі, Панамы, Камеруна, Шры-Ланкі, Бангладэша, Бахрэйна, Беніна, Гандураса. Шырока будзе прадстаўлена і Беларусь.
- Пунктамі прыцягнення фестывалю ў Магілёве стануць кінатэатры «Космас», «Радзіма» і «Чырвоная зорка». Так, урачыстае адкрыццё «Анімаёўкі-2025» адбудзецца ў кінатэатры «Радзіма» днём. Але ўжо з раніцы ў фае і ў вялікай зале пройдзе адкрыццё выстаўкі работ конкурсу дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Экспазіцыя будзе працаваць і ў іншых кінатэатрах горада. Пасля пачнецца конкурсная праграма фільмаў «Аніматары свету дзецям». У канферэнц-зале кінатэатра запланаваны майстар-класы «Пярнаты сябар» народнага майстра па саломапляценні Ірыны Кухцінай. Увечары ў малой зале стартуе конкурсная праграма фільмаў. Урачыстае закрыццё таксама пройдзе ў гэтай лакацыі 26 верасня днём, пасля ў праграме — дэманстрацыя фільмаў-пераможцаў.
У кінатэатры «Космас» пройдзе конкурсная праграма фільмаў дзіцячай анімацыйнай творчасці з галасаваннем гледачоў. Чакаецца таксама творчая сустрэча з расійскім рэжысёрам-аніматарам, мастаком-пастаноўшчыкам Рымам Шарафутдзінавым. У дзень закрыцця праграма фестывалю прапаноўвае майстар-клас «STOP-MOTІON і яго звышмагчымасці» ад рэжысёра-аніматара, мастака-пастаноўшчыка кінастудыі «Беларусьфільм» Таццяны Нагорскай. І, вядома, будуць паказы конкурснай праграмы і дэманстрацыя фільмаў-пераможцаў.
У кінатэатры «Чырвоная зорка» можна наведаць майстар-клас «Ілюзіён: сакрэты мантажу» рэжысёра анімацыйнага і ігравога кіно, сцэнарыста, педагога Алены Туравай.
Набыць білеты на мерапрыемствы «Анімаёўкі-2025» можна ў касах згаданых кінатэатраў і на сайце mogіlevkіno.by.Спяшайцеся за сваім пропускам у свет дзяцінства і мастацтва анімацыі.
Алена ДРАПКО