Top.Mail.Ru

Дэпутат Сяргей Рачкоў расказаў аб асаблівасцях Васняцоўскай выбарчай акругі № 93

«Працуем разам на карысць роднай краіны»

Старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргею Рачкову як карэннаму мінчаніну добра знаёмыя кожны куток Заводскага і Ленінскага раёнаў беларускай сталіцы, частка якіх ахоплівае Васняцоўскую выбарчую акругу № 93. За плячыма ў дэпутата маецца і досвед у выкладчыцкай дзейнасці, і работа ў банкаўскай сістэме... Парламентарый з’яўляецца кадравым дыпламатам, займаецца знешнепалітычнай, знешнеэканамічнай дзейнасцю. Яго дэвіз па жыцці: «Паважаць мінулае, клапаціцца пра сучаснасць, разам будаваць будучыню!» З улікам камісіі, якую ўзначальвае народны выбраннік, выбудавана і работа ў акрузе. У першую чаргу ўвага ўдзяляецца рабоце з людзьмі, інфармаванню грамадзян аб унутранай і знешняй палітыцы нашай краіны. Пра тое, па якіх яшчэ прыярытэтных кірунках вядзе сваю дзейнасць дэпутат, а таксама пра асаблівасці работы з выбаршчыкамі ён расказаў карэспандэнту «Звязды».

Жывая камунікацыя з людзьмі — у прыярытэце

— Лічу гэта найбольш эфектыўнай формай узаемадзеяння з выбаршчыкамі, якіх, дарэчы, у Васняцоўскай выбарчай акрузе № 93 пражывае звыш 70 тысяч, — адзначыў Сяргей Рачкоў. — Заводскі раён адрозніваецца ад іншых раёнаў горада Мінска, паколькі тут у асноўным пражываюць людзі, занятыя ў рэальным сектары эканомікі. Гэта грамадзяне, якія асабліва цэняць справядлівасць і праўду, гатовыя актыўна ўступіць у дыялог. Я люблю кантактаваць. Рэгулярна праводжу прыёмы грамадзян, на якія, дарэчы, стала прыходзіць не так шмат людзей. Нядаўна прыняў удзел у пасяджэнні адміністрацыі Заводскага раёна, дзе абмяркоўваліся вынікі работы са зваротамі грамадзян. Адзначу, што апошнім часам зніжаецца ў тым ліку і колькасць паўторных зваротаў. Гэта сведчыць перш за ўсё аб тым, што мясцовыя органы ўлады сталі нашмат лепш працаваць, больш якасна вывучаць патрэбы нашых людзей і больш эфектыўна рэагаваць на іх просьбы.

Усяго з пачатку гэтага года атрымаў больш за 20 пісьмовых зваротаў, правёў 16 прамых тэлефонных ліній, 84 сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. Бывае, прыходзяць людзі з канфліктнымі сітуацыямі, але ў выніку ўсе праблемы вырашаем.

Актыўна ўзаемадзейнічаю з калегіяльнымі органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). Мною быў праведзены шэраг сустрэч з кіраўніцтвам, на якіх абмяркоўвалі сумесныя планы і формы работы ў далейшым. Удзяляем час і надзённым праблемам, якія пасля трансліруюцца кіраўніцтву Заводскага раёна і сталіцы ў цэлым.

Належная ўвага ўдзяляецца і рабоце з моладдзю. Часта наведваю студэнцкія калектывы, удзельнічаю ў дыялогавых пляцоўках, камунікую з прафесарска-выкладчыцкімі саставамі. Ведаю, якія праблемы сёння хвалююць падрастаючае пакаленне і прадстаўнікоў сістэмы адукацыі. Рэгулярна ўзаемадзейнічаю са школьнікамі, расказваю ім аб унутранай і знешняй палітыцы нашай дзяржавы. Ім гэта цікава. Маладыя людзі, напэўна, потым расказваюць пра нашы сустрэчы сваім бацькам — маім выбаршчыкам.

І гэта дае свой вынік. У прыватнасці, калі праводзім маніторынг цэн у крамах, размаўляю з пакупнікамі. Калі прадстаўляюся, многія кажуць, што ведаюць мяне, праінфармаваныя аб дзейнасці, якой займаюся.

Што хвалюе людзей?

— Назіраецца пэўная ўзаемасувязь паміж той камісіяй, якую я ўзначальваю, і пытаннямі, з якімі звяртаюцца выбаршчыкі, — падкрэсліў суразмоўца. — Нямала пытанняў паступае ад людзей адносна міжнародных адносін. Беларусаў хвалююць тэмы міру і вайны, міжнароднага становішча нашай краіны, сітуацыя вакол Беларусі. У цэнтры ўвагі застаецца канфлікт паміж Расіяй і Украінай. Апошнім часам асабліва адчуваецца, што наша грамадская самасвядомасць становіцца больш сталай, людзі неабыякава ставяцца да сучаснасці і будучыні сваёй краіны. У тым ліку, напэўна, дзякуючы дзейнасці інфармацыйных груп дэпутатаў.

Як прыклад, нядаўна грамадзянка звярнулася да мяне з наступнай просьбай: жанчына хацела, каб інфармацыя пра яе бацьку — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны — была ўнесена ў «Кнігу памяці».

Мы гэта пытанне паспяхова вырашылі. 

Вось яшчэ прыклад: у грамадзянкі ўзніклі пытанні наконт добраўпарадкавання пахавання ў Маскве. Я сарыентаваў, па якім алгарытме ёй варта дзейнічаць. У выніку мінчанка засталася задаволена і нават пісьмова падзякавала за якасную сумесную работу.

Што датычыцца заканатворчасці, канструктыўныя прапановы грамадзян знаходзяць адлюстраванне ў праектах законаў. І яны датычацца не толькі міжнароднай 

дзейнасці. Існуе такая форма работы, як вывучэнне тэматычных пытанняў у выбарчай акрузе. Зыходзячы з гэтага, складаецца выніковы дакумент, які ўносіцца ў профільную камісію Палаты прадстаўнікоў для далейшага выкарыстання пры падрыхтоўцы законапраектаў.

Нядаўна, напрыклад, педагагічнай грамадскасцю Заводскага раёна вывучалася Палажэнне Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Затым меркаванні былі перададзены ў профільную камісію Палаты прадстаўнікоў, а ў далейшым выкарыстоўваліся пры яго абмеркаванні і дапрацоўцы. На этапе падрыхтоўкі таго ці іншага законапраекта мы імкнёмся вывучыць меркаванні тэматычных экспертаў у сваіх акругах для таго, каб дакументы найбольш поўна адлюстроўвалі бягучую сітуацыю.

Добраўпарадкаванню ўдзяляецца асаблівая ўвага

— Я асабіста ўключаюся ў навядзенне парадку на тэрыторыі маёй акругі, — адзначыў Сяргей Рачкоў. — Многія двары на яе тэрыторыі заасфальтаваны, а для дзяцей устаноўлены новыя гульнявыя комплексы. Асаблівая ўвага бяспецы грамадзян. Паколькі з кожным годам расце колькасць аўтамабіляў, сродкаў персанальнай мабільнасці, устанаўліваюцца новыя дадатковыя дарожныя знакі, дзе неабходна. Што датычыцца азелянення тэрыторый, шчыльна ўзаемадзейнічаю з КОТГС. Арыентую іх удзяліць увагу навядзенню парадку. Гэта асабліва важна ў Год добраўпарадкавання. Сам удзельнічаю ў пасадцы дрэў, і грамадзяне таксама падключаюцца.

Важны кірунак — ажыццяўленне дэпутацкага кантролю. У сталічнай гімназіі № 14 пры маім актыўным удзеле была праведзена капітальная рэканструкцыя школьнага стадыёна. Цяпер на прышкольнай тэрыторыі функцыянуе футбольнае поле са штучным пакрыццём, лёгкаатлетычныя дарожкі і 8 шматфункцыянальных пляцовак. У тым ліку для заняткаў скейтбордынгам. Такім чынам, працуем разам на карысць роднай краіны.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю