Top.Mail.Ru

У нашай краіне жыве больш за 1,6 мільёна пажылых людзей ва ўзросце 65+

Гэта 18 % ад агульнай колькасці беларусаў.

Актыўнае даўгалецце — вынік усяго жыцця

Як адзначае намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА, у рамках Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2025» з 2021 года развіваюцца ўмовы, каб людзі старэйшага ўзросту маглі займацца творчасцю, спортам, турызмам, удзельнічалі ў сярэбраным валанцёрстве, атрымлівалі новыя веды ў рамках дадатковай адукацыі дарослых. Сёння больш за 50 тысяч чалавек займаецца ў розных гуртках і клубах, распрацавана каля 400 турыстычных маршрутаў, адаптаваных для пажылых, больш за 15 % асоб старэйшага пакалення ўцягнута ў валанцёрскую дзейнасць, а ў ТЦСАНах функцыянуе 220 гурткоў па камп’ютарнай пісьменнасці, дзе навучаецца каля 6 тысяч чалавек.

Штогод да Дня пажылых людзей па ініцыятыве Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з партнёрамі праводзіцца рэспубліканская акцыя «Павага. Клопат. Адказнасць», якая пачнецца на днях. Сярод яе цэнтральных падзей — рэспубліканскія спартыўна-масавыя мерапрыемствы «Актыўнае даўгалецце — 2025», 30 верасня ў Астраўцы будзе дадзены старт 4-му Рэспубліканскаму марафону скандынаўскай хадзьбы «Крок да даўгалецця». Старт адбудзецца ў 11 гадзін і прыцягне актыўных і спартыўных пажылых людзей па ўсёй краіне. Летась у марафоне ўзяло ўдзел амаль 6 тысяч чалавек.

Па добрай традыцыі да кожнага свята пажылых з’яўляюцца новыя ўстановы сацыяльнай сферы. 

У гэты раз будуць адкрыты аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. А сацыяльныя ўстановы па ўсёй краіне атрымаюць 26 новых мікрааўтобусаў.

Даступнасць перш за ўсё

Для людзей больш сталага ўзросту, як правіла 75+ (а такіх грамадзян у краіне больш за 580 тысяч), больш важны клопат, догляд і сацыяльнае абслугоўванне. Задача дзяржавы — забяспечыць сацыяльнымі паслугамі ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу. Для гэтага ў Беларусі працуе 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага асблугоўвання насельніцтва і 80 сацыяльных пансіянатаў. Сацыяльнымі паслугамі ў краіне дзякуючы гэтым установам ахоплена амаль 190 тысяч грамадзян. У параўнанні з 2021 годам колькасць атрымальнікаў сацыяльных паслуг вырасла на 30 %, або на 40 тысяч чалавек.

Усё больш запатрабаванымі становяцца сацыяльныя паслугі на даму, а таксама формы нефармальнага догляду. Ствараюцца ўмовы, каб людзі сталага веку заставаліся ў дамашнім камфортным асяроддзі. Колькасць тых, хто атрымлівае паслугі па доглядзе на даму, складае больш за 110 тысяч. Падтрымка аказваецца і асобам, якія ажыццяўляюць догляд за сваімі блізкімі і атрымліваюць выплаты — 24,6 тысячы чалавек.

— Даступнасць сацыяльных паслуг з’яўляецца важнай дзяржаўнай задачай. З улікам дэмаграфічных тэндэнцый мы вызначылі яе асноўнай задачай пяцігодкі. Ужо амаль сфарміраваны праект дзяржаўнай праграмы «Грамадства роўных магчымасцяў» да 2030 года, адной з падпраграм якой з’яўляецца «Дабрабыт старэйшага пакалення». Паводле яе асноўныя задачы сістэмы сацыяльнай абароны — развіццё інфраструктуры дзяржаўных устаноў сац-абслугоўвання, акрамя таго будзе сфарміраваны рынак сацыяльных паслуг шляхам прыцягнення грамадскіх аб’яднанняў і прыватных суб’ектаў, — падзялілася планамі Марына Арцёменка.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю