Аказанне якаснай дапамогі адзінокім старым, інвалідам, асабліва тым, хто пражывае ў аддаленых маланаселеных вёсках, сёння ў раёнах немагчыма без дакладнай зладжанай работы ўсіх зацікаўленых служб, але ў прадстаўнікоў мясцовай улады тут асаблівая місія — хто, як не яны, ведаюць пра тых, каму дапамога патрэбна найперш. Супрацоўнікі сацыяльнай службы, якія працуюць у цеснай звязцы з сельсаветамі, дэпутатамі, памочнікамі старшынь сельвыканкамаў па населеных пунктах.
Вядома, для іх цяпер надзённы клопат — халодны сезон, які трэба дамагчы перажыць тым, каму асабліва складана.
І ўвага, і паслуга
У Кармянскім раёне Гомельшчыны, які вызначаецца значнай колькасцю аддаленых маланаселеных пунктаў, выпрацавана дакладная сістэма такой работы на месцах. Так, сёння ў Кармянскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на ўліку каля 200 адзінокіх пажылых людзей. Усяго сацыяльную падтрымку раённай службы атрымлівае больш за дзве тысячы грамадзян розных сацыяльных катэгорый.
У мінулым годзе з нагоды абласнога фестывалю-свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі», які ўпершыню прымала Карма, падарункам для жыхароў раёна стаў абноўлены тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як звяртае ўвагу дырэктар Кармянскага ТЦСАН, дэпутат Кармянскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Ворганава, работа абноўленага цэнтра дапамагае забяспечыць шырокі спектр паслуг па падтрымцы ўразлівых катэгорый людзей: ад кансультацыйнай дапамогі да праграм рэабілітацыі. Пры гэтым заўсёды ў прыярытэце — індывідуальны падыход да кожнага чалавека. Сацыяльна важнае пытанне, пераканана дэпутат, — у тым ліку дапамагчы пажылым жыхарам на вёсцы падрыхтавацца да халоднага сезону.
У гэтым плане вельмі важна ўзаемадзеянне паміж сельсаветамі, Кармянскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і цэнтральнай райбальніцай. Яшчэ летам складаюцца спісы людзей, якім можа спатрэбіцца падтрымка ў халодны сезон. Асаблівая ўвага — адзінокім пенсіянерам.
Як звяртае ўвагу начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кармянскага райвыканкама Вольга ЗАХАРЭНКА, сёння асноўная задача сацыяльнай службы не ў тым, каб змясціць адзінокага пажылога чалавека ў стацыянарную ўстанову, а дапамагчы яму максімальна доўга заставацца ў родных мясцінах, дома, мець стасункі, бо гэта, як правіла, вельмі важна для старых.
Сацыяльная служба Кармяншчыны прапануе самыя розныя формы работы падтрымкі ўразлівых катэгорый людзей. Сярод іх паслугі памочніка па доглядзе, жыллё часовага пражывання, гасцявая, прыёмная, патранатная сям’я.
Акрамя таго, Кармянскі раён стаў першым у Гомельскай вобласці, дзе для аказання неабходных сацыяльных паслуг існуе такая форма падтрымкі ўразлівых людзей, як кватэра для часовага знаходжання. Жыллё абсталявана мэбляй і побытавымі прыладамі. Скарыстацца паслугай могуць адзінокія пажылыя, людзі з інваліднасцю, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, у выпадках, калі здароўе не дазваляе чалавеку зімаваць аднаму ў аддаленай вёсцы. Аплачваюцца ў кватэры толькі выдаткі за камунальныя паслугі.
— Такая практыка, з аднаго боку, палягчае працу сацыяльных работнікаў, якія прыходзяць у кватэру адразу да некалькіх падапечных, а з другога — дазваляе палепшыць умовы пражывання адзінокіх пажылых людзей і стварыць больш спрыяльную эмацыянальную атмасферу, — тлумачыць Вольга Захарэнка.
- У раёне актыўна выкарыстоўваецца і практыка сацыяльных «мабільных брыгад» па выездзе спецыялістаў усіх чатырох профільных аддзяленняў раённага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, псіхолага і юрыста. Спецыялісты наведваюць населеныя пункты ўсіх сельсаветаў. Гэта магчымасць для вяскоўцаў комплексна атрымаць усю неабходную дапамогу па месцы жыхарства. Цікава, што ў складзе мабільнай брыгады, спецыялісты цэнтра з ноутбукамі: прапануюць вяскоўцам «залатога» ўзросту навучыцца ствараць уласны электронны кабінет, каб запісацца на прыём да ўрача ў райбальніцы, аплаціць паслугі праз інтэрнэт ці проста навучыцца тэлефанаваць, камунікаваць, глядзець фотаздымкі сваякоў у сацсетках. Гэта вельмі падабаецца жыхарам аддаленых населеных пунктаў. Асаблівая ўвага падчас работы сацыяльных мабільных брыгад удзяляецца праблемам захавання бяспечных умоў жыцця.
— Мы сутыкаемся з тым, што для пажылога чалавека галоўнае не паслуга, а ўвага. Вельмі часта людзі радуюцца не пакупкам, а самаму факту, што да іх зайшлі, пагаварылі, выслухалі, — рэзюмуе Вольга Анатольеўна і дадае, што для спецыялістаў сацлужбы раёна важна не проста прадаставіць паслугу, а зрабіць так, каб пажылыя і людзі з інваліднасцю адчувалі сябе спакойна і ўпэўнена.
«Ведаем пра кожнага»
Алекшыцкі сельсавет размешчаны ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. У яго склад уваходзяць 18 населеных пунктаў, у якіх пражывае 1500 чалавек. З іх 30 адносяцца да адзінокіх, больш за 250 да адзінока пражываючых пажылых людзей. Як адзначыў старшыня Алекшыцкага сельсавета Мікалай Прымачэнка, кожны чалавек атрымлівае ўвагу.
Сельсавет заўсёды на сувязі з пажылымі жыхарамі і трымае на кантролі ўмовы пражывання, адсочвае, ці ўсё добра. Акрамя таго прадстаўнікі сацыяльнай абароны, МНС, міліцыі, электрасетак, газавай службы правяраюць умовы пражывання пажылых людзей. Звяртаюць увагу на стан жылля, забяспечанасць энергіяй і ацяпленнем, здароўе.
— Асабліва актуальны маніторынг у перадзімовы перыяд. Важна праверыць спраўнасць ацяплення, асабліва пячнога. Ажыццяўляецца дастаўка дроў і торфу. Але многія дамы дзеці і ўнукі бабуль і дзядуляў абсталявалі электрычным ацяпленнем. І ў прынцыпе пытанняў да сваякоў адзінока пражываючых у нас няма. Калі ёсць нейкія пытанні, яны аператыўна адгукаюцца. Многіх старых на зіму забіраюць у горад. Хаця пажылыя вельмі пярэчаць, а калі ёсць нейкая праблема, то не любяць дзецям гаварыць, каб лішні раз не трывожыць. Але мы, вядома, паведамляем і трымаем у курсе.
Калі якая-небудзь праблема патрабуе аператыўнага ўмяшання, у сельсавеце заўсёды ідуць насустрач. У вёсцы Траццякі летась ураган паваліў дрэва, яно ўпала на гаспадарчую пабудову адзінокай бабулі. Яна патэлефанавала ў сельсавет — і дрэва аператыўна дапамаглі прыбраць.
— Вось зусім нядаўна звярталася бабуля з вёскі Жукевічы. Разрасліся дрэвы моцна, галіны віселі над дарогай, было нязручна хадзіць і ездзіць.
Сама яна слабенькая, відавочна, нічога з гэтым зрабіць не магла. Мы накіравалі людзей, гаспадарка выдзеліла трактар з прычэпам, і ўсё расчысцілі. І гэта толькі пара прыкладаў, іх значна больш, бо праца вядзецца на рэгулярнай аснове.
Акрамя таго, на тэрыторыі Алекшыцкага сельсавета знаходзіцца аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Яно працуе з 2012 года, раней размяшчалася бальніца сястрынскага догляду, а сам будынак знаходзіцца на балансе раённай бальніцы. Тут ёсць усё неабходнае для камфортнага пражывання. На першым паверсе размешчаны харчаблок, на другім — пакоі пражывання, санвузел, сталовая, а таксама ўся неабходная інфраструктура. Аддзяленне разлічана на 18 ложка-месцаў, на дадзены момант тут пражываюць 15 чалавек, у якіх няма блізкіх родных. Самаму старэйшаму жыхару 98 гадоў, а сярэдні ўзрост — 76. Штат аддзялення поўнасцю ўкамплектаваны, працуюць 10 чалавек, якія з цяплом і клопатам адносяцца да пастаяльцаў
У цэнтры часта бываюць госці. Гэта святары, школьнікі, валанцёры, моладзь. У аддзяленні сацыяльны работнік вядзе два гурткі. Адзін з іх накіраваны на развіццё дробнай маторыкі. Удзельнікі працуюць з невялікімі прадметамі, робяць спецыяльную зарадку, у гэтым дапамагае медыцынская сястра. А другі гурток накіраваны на прафілактыку дэменцыі. Тут актыўна чытаюць, абмяркоўваюць навіны, цікавяцца падзеямі раёна.
Вельмі хочацца адзначыць атмасферу, якая тут пануе. Няма адчування самоты, не застаецца непрыемнага асадку пасля наведвання. Унутры ўсё чыста і прыгожа, бабулі і дзядулі размаўляюць у калідорах, хтосьці ў пакоі адпачынку займаецца рукадзеллем. На вуліцы ў асяроддзі кветак і кустоў стаіць альтанка, у якой ідуць ажыўленыя размовы. Тыя, у каго ёсць жаданне, дапамагаюць даглядаць тэрыторыю. Відаць, што да ўстановы ставяцца ўважліва, у тым ліку і сельскі савет, усяляк яе падтрымліваюць.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
Фота kormanews.by.