На экскурсіі пабывала звыш 80 чалавек — фіналісткі Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2025» і іх бацькі, супрацоўнікі дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр «Нацыянальная школа прыгажосці», прадстаўнікі ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал», які браў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства.
Сустрэлі гасцей па традыцыі ў Зале ўрачыстых цырымоній. Тут коратка расказвалі пра гісторыю стварэння палаца. Тэрміны будаўніцтва галоўнай афіцыйнай пляцоўкі краіны былі скарочаныя Прэзідэнтам з 57 месяцаў да 30. Ужо ў кастрычніку 2013-га Палац Незалежнасці адчыніў свае дзверы для першых высокіх гасцей, а некалькі гадоў таму па распараджэнні Аляксандра Рыгоравіча — і для звычайных беларусаў.
Увагу экскурсантаў звярнулі і на той факт, што ўвесь палац пабудаваны беларускімі спецыялістамі. Гэты праект для ўсёй будаўнічай галіны краіны стаў сапраўдным іспытам і да гэтага часу застаецца школай кампетэнцый для многіх спецыялістаў. Падчас экскурсіі гасцей падрабязна пазнаёмілі з гісторыяй і сімволікай беларускай дзяржаўнасці, паказалі залы, дзе прымаюцца найважнейшыя рашэнні, а таксама экспазіцыю з падарункамі ад замежных дэлегацый.
- Для пераможцы Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2025» Алены КУЧАРУК экскурсія па сімвале беларускай дзяржаўнасці стала прыемнай нечаканасцю. «Уражваюць не толькі агульныя маштабы Палаца Незалежнасці, але і атмасфера, у якую трапляеш, — веліч спалучаецца з неверагоднай прыгажосцю, беларускімі матывамі. Гаворачы аб залах, якія нам удалося наведаць, адзначу, што кожны з іх унікальны і непаўторны. У гэтым і ёсць разыначка. А ў цэлым, думаю, пабываць тут варта кожнаму беларусу, каб пераканацца: палац неверагодны!»
Прыгажосць у дэталях — пра Палац Незалежнасці, адзначыла першая віцэ-міс Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2025» Алія КАРОТКАЯ. «Для мяне вялікі гонар пабываць тут, — падзялілася дзяўчына. — Уразіў незвычайны факт: тэмпература ў палацы — каля 16-18 градусаў цяпла, што, здавалася б, халаднавата, але атмасфера наадварот вельмі прыемная, падбадзёрлівая. Паколькі я жыву ў цэнтры Мінска, даволі часта праязджала раней галоўную афіцыйную пляцоўку ў краіне і нават падумаць не магла, што калі-небудзь апынуся тут. У кожнага з нас ёсць такая магчымасць, трэба толькі зачапіцца за яе!»
Дырэктар-мастацкі кіраўнік Нацыянальнай школы прыгажосці Беларусі Бажэна ЯРЭМІЧ ужо не ўпершыню пабывала ў рэзідэнцыі Прэзідэнта, аднак гэта афіцыйная цырыманіяльная пляцоўка застаецца лідарам па ўражаннях, прызналася суразмоўніца: «Ад экскурсіі застаецца прыўзняты ўзровень патрыятызму, любові да сваёй краіны, да беларусаў, якія стварылі Палац Незалежнасці. Пасля яго наведвання яшчэ больш хочацца тварыць на карысць роднай Беларусі».
Яна ВАЛАСАЧ