Белаазёрск, малады горад з цікавай гісторыяй і працавітай душой, сёлета стане сталіцай абласных «Дажынак» на Брэстчыне. Да свята горад літаральна абнавіўся: тут з’явіліся новыя культурныя і спартыўныя аб’екты, абноўлены сацыяльныя ўстановы, упарадкаваны вуліцы і двары. Аднак «Дажынкі» — гэта не толькі пра навядзенне парадку і рамонт фасадаў. Гэта, перш за ўсё, сімвал павагі да працы, ушанаванне традыцый і сведчанне таго, што развіццё рэгіёна немагчыма без удзелу людзей, якія жывуць тут і самі ствараюць сваю будучыню.
Асноўныя этапы падрыхтоўкі
Да абласных «Дажынак» пачалі рыхтавацца яшчэ ў 2024 годзе, калі былі распрацаваны канцэпцыі комплекснага абнаўлення горада. Як адзначыў старшыня гарвыканкама Уладзімір ПІЛІПЕЦ, сёлета асноўная ўвага была накіравана на сацыяльныя аб’екты, дваровыя тэрыторыі і стварэнне новых зон адпачынку. Асноўная мэта — зрабіць горад больш зручным, камфортным і сучасным.
Першачарговыя работы закранулі двары на праспекце Міра. Іх пашырылі, уладкавалі парковачныя месцы, устанавілі сістэмы асвятлення і відэаназірання. Значныя перамены адбыліся і на сацыяльных аб’ектах. Дом культуры капітальна рамантуецца — ад даху да ўнутраных памяшканняў, створана сучасная бібліятэчная прастора і абноўлена асноўная зала. Бальніца і паліклініка атрымалі новыя фасады, адрамантаваны харчаблок, добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі, усталяваны альтанкі. Асаблівая ўвага была ўдзелена бяспецы і камфорту людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Новыя культурныя і спартыўныя аб’екты
Адным з сімвалаў абнаўлення стаў праект на так званым «Чарадзейным» возеры. Тут створана пешаходная зона, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, з’явілася каваная фігура Феі — мастацкі сімвал мясцовасці. Для зручнасці жыхароў усталявалі новыя лавы, урны, арганізоўваюцца харчовыя лакацыі.
Важнай падзеяй стане адкрыццё басейна ў аздараўленчым цэнтры «Энергія», які будзе даступны як для тых, хто там адпачывае, так і для жыхароў горада. Прадугледжаны таксама спецыяльныя праграмы для школьнікаў па навучанні плаванню.
Не менш значна для гараджан і абнаўленне стадыёна: на ім з’явілася сучаснае пакрыццё, дадатковыя трыбуны, падтрыбунныя памяшканні, новае асвятленне. На тэрыторыі створана інфраструктура, якая дазваляе праводзіць спаборніцтвы высокага ўзроўню.
Змены не толькі дзеля «Дажынак»
Да свята таксама быў закладзены парк Славы і Гонару, дзе размесцяць помнік Герою Савецкага Саюза Іосіфу Вікенцьевічу Свядзінскаму. У далейшым парк будзе развівацца — менавіта тут будуць ушаноўваць памяць людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у гісторыю і развіццё Белаазёрска.
Цікавай падзеяй стане адкрыццё помніка крэветцы — арыгінальная ініцыятыва і прыклад супрацоўніцтва грамадскасці, прадпрыемстваў і гарадскіх улад.
Як падкрэсліў Уладзімір Піліпец, жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да свята — ад грамадзянскіх ініцыятыў да валанцёрскай дапамогі. «Вядома, пасля „Дажынак“ работы па добраўпарадкаванні будуць працягвацца, каб Белаазёрск быў горадам, дзе камфортна жыць, працаваць і адпачываць. Асноўная каштоўнасць — чалавек, і ўсё робіцца дзеля яго дабрабыту», — адзначыў кіраўнік гарвыканкама.
Уражанні жыхароў
Гараджане адзначаюць, што апошнія месяцы сталі для іх асаблівымі: родныя вуліцы, плошча і двары набылі новы выгляд, а разам з
тым прыйшло адчуванне, што Белаазёрск атрымаў другое дыханне. Жыхарка Наталля прызнаецца: «Наш Белаазёрск сапраўды змяніўся. Дзеці з радасцю ходзяць у абноўленую школу, дзе не толькі класы, але і спартыўная зала сталі сучасныя і светлыя. Як маці я бачу, што гэта вялікі ўнёсак у будучыню».
Работнік мясцовага прадпрыемства Віктар дадае: «Самы вялікі плюс у тым, што горад стаў больш утульны. Новыя тратуары, асвятленне, добраўпарадкаваныя двары — усё гэта адчуваеш кожны дзень. Сёння проста прыемна прайсціся па вуліцах».
Пенсіянерам таксама падабаюцца змяненні, якія абнавілі Белаазёрск. Мая суразмоўца адзначае, што рамонт паліклінікі, які пачаўся крыху раней, ператварыў будынак установы ў зручны сучасны комплекс, дзе ўсё зроблена для таго, каб наведвальнікі адчувалі сябе больш камфортна: «Цяпер умовы для пацыентаў сталі нашмат лепшыя: усё чыста і светла. Гэта вялікая падтрымка для людзей майго ўзросту».
Для навучэнцаў мясцовага каледжа горад таксама адкрываецца з іншых бакоў і перспектыў. Студэнт Аляксандр цалкам задаволены тым, якая інфраструктура з’явілася для моладзі: «Асабліва важна, што ў горадзе мадэрнізаваўся спартыўны комплекс у цэлым. Мы маем магчымасць не толькі займацца спортам, але і сустракацца з сябрамі. Гэта сапраўдны цэнтр прыцягнення для ўсіх».
Жыхары падкрэсліваюць: Белаазёрск сёння — не проста горад, які падрыхтаваўся да абласнога свята, а месца, дзе хочацца жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей. «Дажынкі» сталі каталізатарам станоўчых перамен, якія людзі ацанілі на свае вочы.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота аўтара