Top.Mail.Ru

У БДТУ абмеркавалі неабходнасць мэтавага набору на факультэце прынттэхналогій і медыякамунікацый

Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, а таксама выдавецка-паліграфічнай сферы сустрэліся са студэнтамі-першакурснікамі факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — ён быў і застаецца першым і адзіным у краіне факультэтам, які комплексна рыхтуе кадры для выдавецка-паліграфічнай сферы.



У ходзе сустрэчы «Твая прафесія — твая будучыня» асобна абмяркоўвалі пытанне падрыхтоўкі кадраў. Міністэрства інфармацыі як рэгулятар бачыць зацікаўленасць як з боку прадпрыемстваў паліграфічнай галіны, так і выдавецтваў у арганізацыі мэтавага набору па гэтым кірунку, паколькі кнігавыданню ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. 

Па словах намесніка міністра інфармацыі Дзяніса ЕЗЕРСКАГА, важна данесці да маладога пакалення, што тая прафесія, якую яны атрымліваюць, — вельмі важная. А рыхтаваць спецыялістаў неабходна сістэмна. «Асноўная задача, якую мы сёння вызначылі, — гэта неабходнасць мэтавага набору. Студэнты, якія пасля заканчэння вучобы будуць працаваць на прадпрыемствах паліграфічнай галіны на працягу пяці гадоў», — адзначыў Дзяніс Езерскі. Акрамя таго, пасля заканчэння сустрэчы ён выказаў упэўненасць, што новаспечаныя студэнты зрабілі свядомы крок, выбраўшы менавіта гэтую сферу дзейнасці. 

Выдавецкая галіна паступова рэфармуецца, укараняюцца новыя тэхналогіі, і, адпаведна, пашыраюцца магчымасці для падрыхтоўкі спецыялістаў. «Наборы апошніх гадоў паказваюць даволі высокую зацікаўленасць моладзі, якая хоча вучыцца працы ў выдавецка-паліграфічнай сферы, — падкрэсліў рэктар БДТУ Ігар ВОЙТАЎ. — Магу адзначыць, што адукацыя ў нас практыкаарыентаваная, студэнты нямала часу праводзяць на прадпрыемствах. Акрамя таго, вывучаюць малюнак, дызайн, гісторыю кнігадрукавання і многае іншае».

На сустрэчы таксама прысутнічала намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Святлана ГАНЦАРЭВІЧ, якая расказала студэнтам пра структуру выдавецтва, спецыфіку выдання кнігі. Цікава першакурснікам было даведацца, колькі людзей задзейнічаны ў падрыхтоўцы аднаго асобніка. «Адно з найбуйнейшых выдавецтваў Беларусі Выдавецкі дом „Звязда“ займаецца выпускам мастацкай, публіцыстычнай, вучэбнай, краязнаўчай літаратуры, а таксама дзіцячых кніжак на рускай і беларускай мове, — расказала намеснік дырэктара. — Упор мы робім на дзіцячую літаратуру, 70 % ад агульнай колькасці займае менавіта яна».

Першакурснік Вадзім КУБІЦКІ цікавіцца вытворчасцю кніг, таму быў актыўным слухачом на мерапрыемстве. Паводле слоў маладога чалавека, аб выбары прафесіі ён не шкадуе. «Яшчэ не вызначыўся, куды планую працаўладкоўвацца, але час яшчэ ёсць», — сказаў першакурснік.

Ганна КАШПУР у сваю чаргу чалавек вельмі творчы, таму паступленне ў БДТУ на факультэт прынттэхналогій і медыякамунікацый адкрывае перад дзяўчынай шмат магчымасцяў: «Гэта перспектыўная спецыяльнасць. Пасля заканчэння навучання бачу сябе ў сферы рэкламы і дызайну», — падзялілася планамі першакурсніца.

Яна ВАЛАСАЧ
фота прэс-службы БДТУ

Чытайце таксама: Блогераў Беларусі збярэ форум 25-27 верасня

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю