Top.Mail.Ru

Пярцоў пра БРСМ: арганізацыя павінна стаць цэнтрам прыцягнення для ўсёй моладзі

24.09.2025 | 16:02

Грамадская арганізацыя «БРСМ» павінна стаць цэнтрам прыцягнення для ўсёй моладзі. Гэта падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, выступаючы на 46-м з’ездзе арганізацыі.



«Нядаўна на сустрэчы Прэзідэнта нашай краіны з ідэалагічным актывам кіраўнік дзяржавы паставіў задачы для БРСМ. Акрамя патрыятычнага выхавання, гэта валанцёрства і будатрады», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Выконваючы гэтыя задачы, па словах Уладзіміра Пярцова, у шэрагі руху неабходна ўцягнуць усю моладзь, і перш за ўсё з дапамогай яе ўдзелу ў мерапрыемствах, якія будуць ёй цікавыя.

«Давайце вызначым, што БРСМ стане і асноўным аператарам працаўладкавання не толькі для членаў арганізацыі і не толькі ў летні і канікулярны перыяды, але і на працягу ўсяго года. Вы ведаеце, як гэта запатрабавана сярод маладых людзей. І не толькі для таго, каб зарабіць капейку, але і каб не трапіць у дэструктыўныя сеткі, у крымінальныя гісторыі. Арганізацыі патрэбныя новыя іміджавыя і запатрабаваныя сярод маладых людзей праекты, найперш з ідэалагічным сэнсам. БРСМ павінен стаць цэнтрам прыцягнення для ўсёй моладзі», — адзначыў Уладзімір Пярцоў.

У грамадскай арганізацыі работа павінна быць арганізавана так, каб кожны мог знайсці сябе, рэалізуючыся ў блогерстве, субкультуры, спартыўных спаборніцтвах, новых формах вольнага часу.

«Для прасоўвання ў Інтэрнэце маладзёжнага парадку дня неабходна выбудаваць эфектыўную работу з новымі і традыцыйнымі медыярэсурсамі. Кантэнт рабіце даступным, цікавым, а не толькі ў выглядзе самасправаздач у сацсетках. Паспрабуйце праз гэту работу ўцягнуць тых маладых хлопцаў і дзяўчат, якія пакуль яшчэ толькі чулі аб вашай арганізацыі. Звярніце ўвагу на першакурснікаў ВНУ і каледжаў, станьце для іх настаўнікамі, дапамагаючы адаптавацца ў новым для іх горадзе, сталіцы», — параіў маладзёжнаму актыву Уладзімір Пярцоў.

Таксама, на думку першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, не трэба пакідаць без увагі працоўную моладзь.

«У ВНУ або ў ССНУ маладыя людзі актыўныя, але, размяркоўваючыся на працу, часам губляюцца. Далей яны застаюцца практычна не задзейнічаныя ў палітычнай і грамадскай рабоце. Для эфектыўнай дзейнасці патрэбныя зацікаўленыя ў поспеху агульнай справы лідары, таму так важна фарміраванне дзейснага рэзерву кадраў — ад ЦК да пярвічак», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў, выказаўшы падзяку актывістам БРСМ за работу і ініцыятыву ў найважнейшых для краіны грамадска-палітычных кампаніях, за ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Дарэчы

На з’ездзе маладзёжны актыў Беларусі выбраў першым сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ Уладзіміра Паўлоўскага. Аляксандр Лук’янаў, які да нядаўняга часу кіраваў арганізацыяй, цяпер узначальвае Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама.

Паводле БелТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю