Top.Mail.Ru

«Зыходзячы з нашых магчымасцяў»: Турчын — пра задачы на наступныя пяць гадоў і формулу справядлівай цаны

24.09.2025 | 16:33

У аўторак, 23 верасня, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына. Пасля размовы ў беларускага лідара кіраўнік Саўміна адказаў на пытанні журналіста тэлеканала «Беларусь-1». 


«З пункту гледжання рэальнасці выканання параметраў»: аб планах па развіцці краіны на пяцігодку 

У прыватнасці, у цэнтры ўвагі была Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Прэм’ер-міністр адзначыў, што яна распрацоўвалася зыходзячы з існуючых магчымасцяў.

— Нам яшчэ трэба будзе зацвердзіць новую Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку. Кіраўнік дзяржавы адобрыў канцэптуальныя падыходы, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Мы падыходзілі да распрацоўкі праграмы з пункту гледжання рэальнасці выканання параметраў, якія мы закладваем у гэтай праграме. Ну і перш за ўсё зыходзячы з нашых рэсурсных магчымасцяў. Таму што можна будаваць і выдаваць нейкія цікавыя, фантастычныя ідэі, але трэба разумець, колькі каштуе іх рэалізацыя. Гэта значыць будаўніцтва любога аб’екта, развіццё галіны — усё патрабуе рэсурсаў. І мы разумеем аб’ёмы рэсурсаў нашай эканомікі, аб’ёмы бюджэту, аб’ёмы рэсурсаў банкаўскай сістэмы, прыблізна разумеем аб’ёмы ўласных сродкаў у прадпрыемстваў. Зыходзячы з гэтага пастулату мы і прымалі рашэнне аб магчымасцях нашай эканомікі развіваць тыя ці іншыя сферы.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што сёння людзей хвалююць дарогі, жыллё, жыллёва-камунальная гаспадарка. 

— Мы разумеем, што ў ХХІ стагоддзі ўзровень гэтых рэчаў павінен адпавядаць сучаснаму развіццю грамадства. Таму значную частку грошай, дзясяткі мільярдаў рублёў, мы сёння накіроўваем менавіта ў гэтыя сферы, — дадаў ён.

Паводле яго слоў, у прыярытэце і развіццё сферы паслуг.

— Структура нашай эканомікі сведчыць, што ўдзельная вага сферы паслуг ВУП павінна павялічвацца. І гэтая галіна нашай эканомікі павінна атрымаць апераджальнае развіццё. Тым больш, у нас ёсць нядрэнныя кампетэнцыі ў гэтым. У нас добрая гісторыя, прырода для таго, каб атрымліваць з гэтай галіны больш дывідэндаў, — упэўнены Аляксандр Турчын.

Таксама Прэм’ер-міністр адзначыў важнасць інвестыцый у развіццё рэгіёнаў. 

— Без інвестыцый развіццё краіны немагчыма. Зразумела, што па выніках васьмі месяцаў гэтыя паказчыкі нядрэнныя. Але ёсць індыкатары долі інвестыцый у ВУП і да ўзроўню папярэдніх гадоў мы не дацягваем. Задача стаіць выйсці на тыя памеры прыцягнення інвестыцый, укладання інвестыцый, якія дазваляюць забяспечваць будучыню краіны, — пракаментаваў ён.

«Знайсці баланс заўсёды няпроста»: аб формуле справядлівай цаны

Прэм’ер-міністр у гутарцы з журналістам таксама акцэнтаваў увагу на тым, што пытанні ўзроўню заработнай платы, рост цэн больш за ўсё хвалююць людзей. А перад дзяржавай стаяць задачы збалансаванасці і пытанні формулы справядлівай цэны. 

— Гэтая цана павінна быць справядлівая для ўсіх, наколькі гэта магчыма: і для вытворцы, і для прадаўца, і для спажыўца. Знайсці гэты баланс заўсёды вельмі няпроста, — упэўнены Аляксандр Турчын. — Ёсць аб’ектыўныя эканамічныя перадумовы росту інфляцыі, ад якіх нікуды не дзенешся. Я заўсёды прыводжу ў прыклад рост зарплаты ў нашай краіне. Людзі павінны атрымліваць больш — гэта відавочна. Але ў сярэднім у нас у эканоміцы доля заработнай платы ў сабекошце прадукту складае 25 %. Два гады запар у нас назіраецца рост рэальнай заработнай платы — летась на 10 %, сёлета таксама на 10 %. І гэта не можа не ўплываць на сабекошт прадукцыі і, адпаведна, на ўзровень цэн. Таму што сёння нашы прадпрыемствы не валодаюць такім узроўнем рэнтабельнасці, каб за кошт павышэння сабекошту прадукцыі, што выпускаецца, канчатковая цана тавару заставалася такой жа. Таму мы, вядома, дзесьці будзем цану гэтую павышаць.

Аляксандр Турчын акцэнтаваў: нельга прымаць рашэнні на шкоду ўдзельнікам рынку. 

— Нельга, каб прадпрыемствы выраблялі прадукцыю сабе на шкоду. Трэба, каб нейкі ўзровень рэнтабельнасці быў і ў прадпрыемстваў гандлю. І самае галоўнае — каб для насельніцтва ўзровень цэн быў прымальным, — падкрэсліў ён.

Аляксандр Турчын зноў прывёў прыклад з яблыкамі. 

— Склаліся анамальныя ўмовы надвор’я і мы атрымалі значна меншы ўраджай (яблыкаў. — Заўв. рэд.). Але фермер, які вырасціў гэты яблык, павінен хоць бы трохі на гэтым зарабіць. У такіх умовах аб’ектыўна цана на гэты яблык будзе вышэйшай, чым у мінулым годзе. Дзяржава як рэгулятар павінна сёння знайсці баланс, каб і фермеру даць трохі зарабіць, але каб цана не вырасла ў 3-4 разы. Тавар у магазіне павінен прадавацца па той цане, якая будзе не на шкоду вытворцу. Таксама трэба, каб і гандаль нейкую мінімальную сваю надбаўку атрымаў, — адзначыў ён і падкрэсліў, што ў выніку павінна скласціся справядлівая цана для спажыўца.

Па матэрыялах БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю