Узвядзенне адзначаных вытворчых аб’ектаў аграпрамысловага комплексу знаходзіцца на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы. Завяршыць аб’ект мадэрнізацыі плануецца да канца снежня. Нагадаем, што менавіта гэты малочнатаварны комплекс стаў адным з аб’ектаў, якія наведаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў час свайго рабочага візіту ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці ў маі бягучага года.
24 верасня кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў наведаў Петрыкаўскі раён, каб пракантраляваць ход мадэрнізацыі малочнатаварнага комплексу «Ляскавічы» ААТ «Агра-Ляскавічы». На адзначаным аб’екце вядзецца мадэрнізацыя па прыкладзе перадавога вопыту ААТ «Парахонскае» Пінскага раёна. Аляксандру Лукашэнку падрабязна далажылі аб планах мадэрнізацыі МТК. Кіраўнік дзяржавы даручыў паскорыцца з рэалізацыяй намечанага і адвёў тэрмін да новага года, папярэдзіўшы, што плануе асабіста ацаніць рэзультат.
Акрамя таго, у час візіту Прэзідэнта ў Петрыкаўскі раён кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў агучыў прапанову больш актыўна ўкараняць пры будаванні ў якасці перакрыццяў замест вырабаў з жалезабетону і металу ЛВЛ-брусы.
Асноўнай мэтай цяперашняга візіту кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава на Петрыкаўшчыну якраз і стала інспектаванне ходу будаўнічых работ па мадэрнізацыі малочнатаварнага комплексу «Ляскавічы» ААТ «Агра-Ляскавічы».
Юрый Назараў у суправаджэнні намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэя Бараноўскага азнаёміўся з ходам будаўніцтва на аб’екце малочна-даільнага блоку, двух кароўнікаў для ўтрымання дойнага статку і іншых дапаможных памяшканняў і збудаванняў. Акрамя таго, кіраўнік спраў Прэзідэнта пацікавіўся выкананнем рабочага графіку ўзвядзення аб’ектаў, забяспечанасцю неабходнымі будаўнічымі матэрыяламі, вытворчасцю і тэхналогіяй узвядзення ЛВЛ-бруса.
Як было адзначана па выніках агляду аб’екта мадэрнізацыі, будаўнікі працуюць зладжана, пытанняў па ўзвядзенні аб’екта ў пазначаны тэрмін быць не павінна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота «Петрыкаўскія навіны».