Top.Mail.Ru

Простыя правілы, якія дазволяць пазбегнуць надзвычайнай сітуацыі

Спецыфічны пах ад восеньскіх кастрышчаў, асабліва адчувальны ў сельскай мясцовасці, лунае ў паветры. Восень — час збору ўраджаю, а адпаведна, і навядзення парадку на зямлі. Завяршаючы сезон, дачнікі клапоцяцца аб тым, каб пакінуць лецішча да вясны добраўпарадкаваным. Ад лішняга смецця на агародах, у садзе і прысядзібнай тэрыторыі пазбаўляюцца і жыхары прыватнага сектара. Што трэба ведаць, каб навядзенне парадку на зямлі не нашкодзіла ні маёмасці, ні асабліва здароўю і жыццю чалавека, расказалі ратавальнікі.



Вогнішча — пад кантролем

Неаднойчы ў нашай краіне здараліся сітуацыі, калі спальванне смецця на прысядзібным участку заканчвалася ўзгараннем хаты і сельскагаспадарчых пабудоў. Было і такое, што ў выніку распаленага з мэтай добраўпарадкавання вогнішча пацярпела амаль цэлая вёска: больш як 20 хат у вёсцы Нарчы Шчучынскага раёна былі знішчаны агнём з-за неасцярожнасці пенсіянера. У выніку спальвання сухой расліннасці людзі нярэдка атрымліваюць шматлікія апёкі, часам несумяшчальныя з жыццём.

Выкананне простых правілаў дазволіць бяспечна і эфектыўна праводзіць прыбіранне тэрыторыі ў восеньскі перыяд, мінімізуючы рызыкі ўзгаранняў і захоўваючы прыроднае асяроддзе здаровым. Перад тым як развесці агонь, супрацоўнікі МНС рэкамендуюць падрыхтаваць спадручныя сродкі для тушэння. Гэта можа быць вядро вады або пяску, рыдлёўка і, вядома ж, вогнетушыцель. У час распальвання каля вогнішча абавязкова павінен знаходзіцца чалавек, які будзе сачыць за агнём ад пачатку да канца. 

Першае і найгалоўнейшае правіла — паліць смецце варта толькі ў ціхае, бязветранае надвор’е. «Выберыце роўнае месца на голай зямлі ці пяску на бяспечнай адлегласці ад хат, дрэў і кустоў, — рэкамендуе начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязяў Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Алена НЕМАГАЙ. — Вычышчаная зона вакол павінна быць вольная ад сухой травы і лісця, ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, каб іскры не разнеслі полымя. Каб агонь не распаўсюджваўся па сухой траве, вогнішча трэба акапаць. Пасля таго як агонь дагарэў, абавязкова заліце вуглі вадой — гэтым вы папярэдзіце паўторнае ўзгаранне».

Падчас распальвання рэкамендуецца падкідваць смецце паступова, каб агонь не разгарэўся занадта хутка. Увесь час правярайце напрамак і сілу ветру, а ўсе дзеянні здзяйсняйце з улікам бяспечнай адлегласці. Дзяцей і хатніх жывёл трымайце далей ад зоны работ, каб пазбегнуць выпадковых апёкаў. Калі смецце спалена, цалкам заліце вуголле вадой і змяшайце іх рыдлёўкай, каб пераканацца, што тленне спынілася. 

Пазбягаць лёгкаўзгаральных вадкасцяў

Катэгарычна рэкамендуецца не выкарыстоўваць пры распальванні вогнішча бензін або іншыя лёгкаўзгаральныя вадкасці. 

Менавіта ад жадання хутчэй развесці вогнішча апёкі 8 % цела атрымаў мужчына, які на тэрыторыі ўласнага домаўладання ў Стаўбцоўскім раёне наводзіў парадак на зямлі. У ходзе правядзення работ адбылася ўспышка пароў лёгкаўзгаральнай вадкасці, у выніку чаго пацярпеў гаспадар.

У стане сярэдняй ступені цяжкасці ў дарослае апёкавае аддзяленне Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі быў шпіталізаваны мінчанін, які на сваім прысядзібным участку на Лагойшчыне наводзіў парадак на зямлі. Пры спальванні смецця ён таксама карыстаўся лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі. І такіх прыкладаў вельмі шмат. Вядома, гэтыя вадкасці хутка распальваюць агонь, але наступствы, да якіх такія рэчывы прыводзяць, нярэдка незваротныя. Чалавек можа атрымаць апёкі, якія потым усё жыццё будуць нагадваць аб навядзенні парадку на зямлі.

Не праходзьце міма

Ратавальнікі акцэнтуюць увагу: спальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях увогуле забаронена — за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, штраф складзе ад 10 да 30 базавых велічынь. Развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах абыдзецца да 12 базавых велічынь. Калі шкода з’яўляецца асабліва буйной, можа наступіць крымінальная адказнасць.

Супрацоўнікі МНС рэкамендуюць разгледзець альтэрнатыўныя спосабы ўтылізацыі смецця. Самы бяспечны — вывозіць яго ў прызначаныя для гэтага месцы або складзіраваць у кампосную яму.

Ратавальнікі звяртаюцца да грамадзян і заклікаюць не праходзіць міма травы або пабудовы, што гараць. Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі варта паведаміць аб узгаранні ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па нумарах 101 або 112.

Вераніка КАНЮТА.

Фота прэс-службы МНС.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю