Такая ўвага развіццю сельскай гаспадаркі для нашай краіны традыцыйная, і разам з тым — гэта аб’ектыўная неабходнасць ва ўмовах нестабільнасці сусветнай харчовай сістэмы. Беларусь у вырашэнні харчовай праблемы прайшла вялікі шлях з пачатку станаўлення незалежнасці.
Дзейнічаюць дзяржаўныя праграмы, якія ўключаюць тэхнічнае перааснашчэнне вытворчай базы аграрнай галіны, развіццё селекцыі, насенняводства і племянной справы, мадэрнізацыя сацыяльнай інфраструктуры вёскі і аграгарадкоў. Таксама вядзецца будаўніцтва сучасных жывёлагадоўчых комплексаў, стварэнне новых магутнасцяў перапрацоўчай прамысловасці, умацаванне кадравага і навуковага патэнцыялу на ўзроўні сусветных стандартаў — вось тыя ключавыя рашэнні кіраўніцтва краіны, якія дазволілі дасягнуць самазабеспячэння харчаваннем і па шэрагу пазіцый увайсці ў лік лідараў сусветнага рынку.
У сусветным топе
Як паведаміла Святлана Кандраценка, наша краіна займае 4-е месца сярод сусветных вытворцаў жыта і трыцікале, 10-е — па вытворчасці грэчкі, уваходзіць у топ-20 вытворцаў цукровых буракоў, рапсу, аўса, бульбы.
Па аб’ёмах экспарту малочных прадуктаў рэспубліка ўваходзіць у топ-5, у топ-10 экспарцёраў рапсавага алею і топ-15 — сусветных пастаўшчыкоў мяса і мясапрадуктаў. Попыт на беларускую прадукцыю расце, што дазваляе прадпрыемствам не толькі задавальняць попыт спажыўцоў у дзяржавах-партнёрах па Еўразійскім эканамічным саюзе і СНД, але і штогод асвойваць новыя рынкі далёкай дугі (Пакістан, В’етнам, Катар, ААЭ і іншыя дзяржавы).
Уклад сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі ў эканоміку краіны па выніках 2024 года склаў 6,9 %, удзельная вага ў агульнай колькасці занятых — 6,7 %, у аб’ёме інвестыцый — 12,7 %. Айчынная аграрная галіна развіваецца інтэнсіўна, абапіраючыся на сучасныя тэхналогіі і навуковае забеспячэнне, лічыць эксперт. Гэта адбываецца дзякуючы паўсюднаму ўкараненню сучасных сартоў сельскагаспадарчых культур, сродкаў абароны раслін, комплексных угнаенняў, забеспячэнню вытворцаў сучаснай энерганасычанай тэхнікай для сяўбы, уборкі і корманарыхтоўкі.
Летась у параўнанні з 2000 годам вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур павялічылася ў 1,7 раза, гародніны — удвая, пладоў і ягад — у 2,4 раза, цукровых буракоў — у 3,4, рапсу — больш чым у 14 разоў.
Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых за гэты час вырасла ў 1,7 раза (да 33,8 ц/га), бульбы — у 1,6 раза (да 221 ц/га), гародніны — у 2,2 раза (да 299 ц/га), пладоў і ягад — у 3,4 раза (да 112 ц/га), рапсу — у 3,5 раза (да 24,8 ц/га), цукровых буракоў — у 1,6 раза (да 474 ц/га). «Упэўнена, што патэнцыял айчыннай селекцыі і насенняводства значны, і ў перспектыве роля высокаўраджайных сартоў збожжавых, зернебабовых, рапсу і іншых культур у забеспячэнні харчовай бяспекі краіны будзе толькі ўзрастаць», — адзначыла намеснік дырэктара.
«Грамадскае пагалоўе жывёл цяпер канцэнтруецца на высокатэхналагічных комплексах з сучасным даільным абсталяваннем, сістэмамі аўтаматызацыі і лічбавага кантролю працэсаў і ўмоў утрымання», — падкрэсліла Святлана Кандраценка. У малочнай жывёлагадоўлі вынікі ўражваюць: летась у сярэднім па рэспубліцы дасягнуты надой на адну карову 6134 кілаграмы, што на 16 % вышэй за паказчык 2020 года і ў 2,5 раза вышэй за ўзровень 2000-га. Многія гаспадаркі стабільна дасягаюць удою ў 10–13 тысяч кілаграмаў у разліку на адну карову.
Беларусь здольная забяспечыць малаком амаль тры такія ж дзяржавы, паколькі ўзровень самазабеспячэння ў нашай краіне перавышае 290 %. Мы на 140 % забяспечваем сябе мясам, на 130 % яйкамі, больш чым на 100% бульбай і гароднінай.
Здаровы рацыён даступны ўсім
Наша сельская гаспадарка паспяхова ўкараняе сучасныя лічбавыя рашэнні. Гэта і сістэмы ўліку і аналізу выдаткаў, мадэлі кіравання вытворчасцю, карты прадукцыйнасці палёў, сістэмы дакладнага земляробства і тэхніка, якая абсталявана навігацыйным абсталяваннем. Запатрабаваныя мадэлі прагназавання рынкавай кан’юнктуры, сістэмы кантролю якасці прадукцыі на аснове прымянення блокчэйн-тэхналогій. Прадпрыемствы ўключаюцца ў гэты працэс узважана, супастаўляючы выдаткі, выгады і магчымыя рызыкі. І разам з тым практыка пацвярджае, што лічбавізацыя асноўных бізнес-працэсаў дазваляе істотна павысіць патэнцыял айчынных сельскагаспадарчых таваравытворцаў і забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі на ўзроўні вышэй замежных аналагаў.
Эксперт лічыць, што развіццё айчыннай сельскай гаспадаркі дэманструе рост індыкатараў дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Так, па звестках Белстата, адзначана павелічэнне колькасці генетычных рэсурсаў, прызначаных для сельскай гаспадаркі, якія захоўваюцца на спецыяльных аб’ектах, у тым ліку рэсурсаў расліннага паходжання — 54348 адзінак (на 24 % больш за паказчык 2020-га), заалагічнага — 28600 тысяч доз (на 13 %).
Міжнародны індыкатар ФАО (харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН), які адлюстроўвае даступную энергетычную каштоўнасць рацыёну харчавання насельніцтва ў параўнанні з сярэдняй патрэбай, у Беларусі ў сярэднім за апошнія тры гады роўны 138 %.
Сяргей КУРКАЧ