У сувязі з гэтым усё больш актыўна прыводзяцца ў парадак тэрыторыі населеных пунктаў, сельскагаспадарчых аб’ектаў, дарог, ляснога фонду, садовых таварыстваў. Уладкоўваюцца зоны адпачынку і на водных аб’ектах. Як рэалізуецца ініцыятыва ў цэнтральным рэгіёне краіны і наколькі актыўны водгук яна знаходзіць у жыхароў Мінскай вобласці — у матэрыяле карэспандэнта «Звязды».
Вялікі водгук сярод сельскага насельніцтва
На Міншчыне з моманту абвяшчэння Года добраўпарадкавання былі кансалідаваны сілы дэпутацкага корпуса, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў, арганізацый і жыхароў, расказала намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і арганізацыйна-прававой рабоце ГА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» Людміла Шмарлоўская. Паводле яе слоў, моладзь таксама асабліва актыўна ўцягнута ў гэтыя працэсы, дзякуючы чаму сельскія населеныя пункты і аграгарадкі становяцца лепш з кожным днём. «Ініцыятыва Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі „На роднай зямлі жыві як гаспадар“ знайшла вялікі водгук сярод сельскіх жыхароў. У Стаўбцоўскім раёне быў зняты сацыяльны ролік. Пасля яго выхаду жыхары актыўна дасылаюць фатаграфіі і відэа ў чат-бот, дзеляцца ўражаннямі, паказваючы, што становяцца ўсё больш ініцыятыўнымі і адказнымі за добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў», — адзначыла Людміла Шмарлоўская.
У Мінскай вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага падтрымцы пажылых людзей. Была запушчана акцыя «Квітней, родная Міншчына: твой уклад важны». Адным з кірункаў гэтай акцыі сталі маладзёжныя сацыяльныя суботнікі, у рамках якіх моладзь дапамагае наводзіць парадак на прыватных падворках адзінокіх пажылых людзей. Гэта ініцыятыва атрымала шырокую падтрымку як насельніцтва, так і грамадскіх арганізацый, адзначыла Людміла Шмарлоўская. «Галоўнае тут — менавіта ўвага і дапамога тым, хто ў гэтым сапраўды мае патрэбу», — падкрэсліла яна.
Грамадзянскія ініцыятывы па добраўпарадкаванні атрымалі новы імпульс
Паводле слоў намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэя Рамашкі, галоўная мэта Года добраўпарадкавання — кансалідацыя намаганняў усіх зацікаўленых бакоў. Найперш гэта землекарыстальнікі. «Калі мы гаворым аб добраўпарадкаванні, мы перш за ўсё гаворым аб парадку на зямлі, навядзенні парадку на ўчастках.
Ключавы момант — зямля і землекарыстальнікі, размешчаныя на тэрыторыі краіны. Гэта прыватныя домаўладанні, прадпрыемствы розных форм уласнасці, арганізацыі, лясная і сельская гаспадаркі. Іншымі словамі, усе тэрыторыі, якія ў краіне занятыя пад пэўныя мэты», — патлумачыў намеснік міністра.
Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі стаіць на перадавой у рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў, паколькі ацэньваюць працу ведамства грамадзяне, якія менавіта тут пражываюць. «Міністэрства адказвае за стан тэрыторый у населеных пунктах. Мы з’яўляемся драйверамі, задаём тэмп арганізацыі і рэалізацыі мерапрыемстваў у рамках Года добраўпарадкавання. У 2025-м выконваем тыя ж задачы, што і кожны год, але ва ўзмоцненым рэжыме, з павышанымі патрабаваннямі і мэтамі. Перад фарміраваннем планаў была праведзена дэталёвая інвентарызацыя ўсіх аб’ектаў: вулічна-дарожнай сеткі, жыллёвага фонду, аб’ектаў добраўпарадкавання і дзіцячых гульнявых пляцовак, — падкрэсліў Андрэй Рамашка. — Калі казаць пра шматкватэрныя дамы, то іх у краіне больш за 70 тысяч. Колькасць дзіцячых пляцовак вымяраецца дзясяткамі тысяч — практычна каля кожнага дома ёсць такая пляцоўка, і іх колькасць пастаянна расце. Мы таксама ўлічваем малыя архітэктурныя формы, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі».
Гаворка ідзе не толькі аб інфраструктуры прыдамавых тэрыторый, але і аб гарадской інфраструктуры ў цэлым: парках, скверах і розных грамадскіх лакацыях, якія сёння нярэдка ствараюцца з удзелам грамадзянскіх ініцыятыў. «Грамадзянскія ініцыятывы — гэта таксама вельмі цікавая і важная тэма, якая атрымала новы імпульс і развіццё», — адзначыў намеснік міністра.
Рэалізуецца 90 грамадзянскіх ініцыятыў па добраўпарадкаванні
Заявак падаецца больш, але існуе выразны рэгламент іх адбору, што вызначае, якія ініцыятывы могуць быць рэалізаваны, расказала начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Жалязнова. Разглядаюцца розныя праекты: устаноўка гульнявых пляцовак, азеляненне тэрыторый, рамонтныя работы. Грамадзяне могуць звярнуцца са сваімі ініцыятывамі па добраўпарадкаванні ў мясцовыя органы ўлады і паўдзельнічаць у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Калі праект перамагае, то дзяржава аплаціць 90 % кошту працы па добраўпарадкаванні. Пры гэтым ёсць прыклады, калі людзі гатовыя былі ўнесці значна большую долю.
«Нядаўна ў вёсцы Маркаўшчына Мінскай вобласці была рэалізавана ініцыятыва аб спартыўнай пляцоўцы. Грамадзяне аб’ядналіся, каб рэалізаваць гэту ідэю, і, што асабліва важна, — ні ў адным выпадку ім не было адмоўлена. Усё было хутка арганізавана: падключыліся і лясгасы, і мясцовыя органы ўлады, і Саветы дэпутатаў, якія выступілі каардынатарамі праекта, — паведаміла Таццяна Жалязнова. — Людзі не проста збіраюцца і просяць — яны самі актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі. Пляцоўка ўжо зроблена і функцыянуе».
Галоўнае, каб была ініцыятыва. Пры гэтым грамадзяне бяруць на сябе адказнасць за захаванасць і ўтрыманне аб’екта, каб ён заўсёды быў у добрым стане. І такія ініцыятывы заўсёды атрымліваюць падтрымку з боку ўлад і партнёраў. Таццяна Жалязнова дадала, што сёлета ўпершыню зацверджаны рэгіянальныя графікі і планы мерапрыемстваў, згодна з якімі будзе добраўпарадкавана больш за 150 знакавых аб’ектаў па ўсёй Беларусі. «Ужо добраўпарадкаваны 91 такі аб’ект. Гэта воінскія пахаванні, сацыяльна значныя ўстановы: школы, бальніцы, дзе ўсталёўваецца новае абсталяванне, ствараюцца рэнтген-кабінеты і сучасныя навучальныя памяшканні», — адзначыла яна.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД