Нацбанк аб’явіў конкурс на новы графічны знак беларускага рубля. Мэта — стварыць арыгінальны і вядомы сімвал афіцыйнай грашовай адзінкі нашай краіны. За перамогу ў конкурсе прадугледжана ўзнагарода ў памеры 3000 беларускіх рублёў.
Як адзначыў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН, роўна 20 гадоў таму Нацыянальны банк прыняў рашэнне аб выбары графічнага сімвала. Гэты графічны сімвал дзейнічае і цяпер у выглядзе дзвюх літар на лацінцы — Br. «Але прайшло некалькі дзесяцігоддзяў і мы ўбачылі, што гэты знак ніяк не прыжыўся ў насельніцтва. Да таго ж, за гэты час некалькі разоў адбывалася дэнамінацыя. З гэтых прычын і было прынята рашэнне абвясціць адпаведны конкурс. Менавіта такім чынам 20 гадоў таму выбіраўся графічны знак. Сёння мы бачым, што ў гэтым ёсць неабходнасць», — сказаў Андрэй Картун.
Ён удакладніў, што сімвалам павінна быць адна літара на лацінцы, і гэты знак будзе зразумелы ўсёй міжнароднай супольнасці і будзе атаясамляцца менавіта з беларускім рублём. «Мы цяпер бачым, што практычна ўсе краіны свету выкарыстоўваюць менавіта адзін сімвал. Напрыклад, долары, еўра, расійскія рублі», — адзначыў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
Удзел у конкурсе могуць прыняць грамадзяне нашай краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. Кожны ўдзельнік як індывідуальна, так і ў складзе калектыву аўтараў можа прадставіць на конкурс некалькі работ. Для ўдзелу ў конкурсе ўсе жадаючыя павінны не пазней 7 лістапада гэтага года даслаць на адрас электроннай пошты grafznak@nbrb. by з пазнакай «графічны знак» заяўку на ўдзел у конкурсе; сваю конкурсную працу, а таксама яе кароткае апісанне з аўтарскай трактоўкай сэнсу і зместу (ідэя, мэта і абазначэнне элементаў); згоду на апрацоўку персанальных даных.
Андрэй Картун адзначыў, што існуе некалькі патрабаванняў да конкурсных работ. Эскізны праект графічнага знака павінен быць кароткім, спецыфічным (унікальным), простым, універсальным, захоўваць свой знешні выгляд нават пры змене памеру і ў чорна-белым выкананні. Акрамя гэтага, канцэпцыя сімвала графічнага знака павінна ўтрымліваць аўтарскую трактоўку яго сэнсу і зместу (ідэя, абазначэнне, мэта распрацаваных элементаў).
Графічны знак павінен атаясамляцца з назвай афіцыйнай грашовай адзінкі нашай краіны — беларускага рубля, напісанне графічнага знака па магчымасці павінна грунтавацца на кірыліцы. Але, у той жа час, вітаецца свабода творчасці, таму эскізны праект графічнага знака выконваецца ў адвольнай форме, можа быць прадстаўлены ў каляровым выглядзе ў графічным або вектарным фармаце.
Конкурс праводзіцца ў два этапы: адборачны і заключны. На адборачным этапе конкурсу, які праводзіцца Нацыянальным банкам з 7 да 16 лістапада (уключна), унікальная камісія ажыццяўляе ацэнку адпаведнасці прадстаўленых конкурсных работ умовам конкурсу, вызначае (адбірае) не больш за пяць конкурсных работ для ўдзелу ў заключным этапе.
Характэрна, што лепшыя работы адбярэ камісія, а фінальнага пераможца дапамогуць выбраць усе жадаючыя шляхам адкрытага галасавання на сайце Нацбанка з 17 да 28 лістапада. Вынікі будуць агучаны да 31 снежня. А прачнёмся ў новым годзе з новым графічным знакам нашага роднага рубля.
Для ўдзелу ў конкурсе ўсе жадаючыя павінны не пазней 7 лістапада гэтага года даслаць на адрас электроннай пошты grafznak@nbrb. by з пазнакай «графічны знак» заяўку на ўдзел у конкурсе; сваю конкурсную працу, а таксама яе кароткае апісанне з аўтарскай трактоўкай сэнсу і зместу (ідэя, мэта і абазначэнне элементаў); згоду на апрацоўку персанальных даных.
Сяргей КУРКАЧ