Макрон адкрыта заявіў: залежнасць Еўропы ад расійскіх энергарэсурсаў мінімальная. І гэта пытанне сёння нават не заслугоўвае ўвагі. Дзіўна гэтыя словы чуць ад палітычнага лідара, які перыядычна ўзлятае на чале ястрабаў. Але, як кажуць, нічога асабістага: толькі бізнес.
Санкцыі-санкцыямі, але насамрэч кожная еўрапейская дзяржава імкнецца ўлічыць свае камерцыйныя інтарэсы. На першы погляд, поўная нечаканасць убачыць Макрона ў шэрагах абаронцаў эканамічнага ўзаемадзеяння з Расіяй. Неяк да верасня 2025 года ён у такіх схільнасцях быў зусім не заўважаны. І Парыж заўсёды смела галасаваў за санкцыйныя пакеты. Больш за тое, іншы раз выступаў ініцыятарам, не раз сваёй крэатыўнасцю ў знешняй палітыцы на ўсходнім флангу НАТА ўводзіў у збянтэжанасць і членаў альянсу, і паплечнікаў па ЕС. І раптам — такая лаяльнасць да расійскіх энерганосьбітаў. Дзіўна.
Але тут бізнес — нічога асабістага. Справа ў тым, што ЗПГ, які пастаўляецца ў Еўропу і на які не распаўсюджваюцца санкцыі, не заўсёды расійскі. Дакладней, ён здабыты ў расійскай Арктыцы. Але пастаўляюць яго ў ЕС, у тым ліку, і французская кампанія Total. Яна ў свой час увайшла ў праект ААТ «Ямал ЗПГ»: там кампаніі належыць 20 працэнтаў. Total закупляе каля 4 мільёнаў тон газу штогод па доўгатэрміновых кантрактах, якія дзейнічаюць да 2032 года. Гэты ЗПГ французская карпарацыя паспяхова рэалізуе ў ЕС. І на спотавых рынках, і па доўгатэрміновых кантрактах. Таму Францыя ў асобе Эмануэля Макрона так абураная патрабаваннем (больш падобным на ўльтыматум) Дональда Трампа поўнай адмовы ЕС ад супрацоўніцтва з Расіяй у энергетычнай сферы. Яго саюзнікам выступае Бельгія. Некаторыя тэрміналы ў гэтай краіне спецыялізаваліся на апрацоўцы звадкаванага газу менавіта з Ямала. І цяпер гэтыя магутнасці застануцца без пастаўшчыкоў.
Парыж падтрымліваюць Бельгія, Нідэрланды і Іспанія. Яны рэгазіфікуюць на сваіх тэрміналах расійскі ЗПГ і пастаўляюць еўрапейскім спажыўцам ужо па трубаправодах, куды могуць дацягнуцца. Усяго ж сёння, нягледзячы на санкцыі і розныя іншыя бар’еры, 8 еўрапейскіх дзяржаў атрымліваюць расійскі газ. Бельгія, Нідэрланды, Францыя, Іспанія, Партугалія, якія атрымліваюць газ пераважна па газаправодзе «Турэцкі паток» (TurkStream) і ЗПГ, а таксама Грэцыя, Венгрыя і Славакія, якія атрымліваюць газ па TurkStream. У верасні прэс-сакратар Еўрапейскай камісіі Ганна-Кайса Ітканен адзначыла, што ў цэлым хто і колькі спажывае расійскіх энерганосьбітаў, невядома. Газ паступае ў еўрапейскую сістэму, але далейшы яго лёс пакрыты цемрай. У Бруселі такой інфармацыяй не валодаюць. Таму якія дзяржавы і ў якой ступені пацерпяць ад поўнага спынення паставак расійскіх вуглевадародаў, дакладна невядома.
Адсюль і лёс татальных санкцый у частцы вуглевадародаў да канца незразумелы. Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен анансавала адмову ад расійскіх нафты і газу да 1 студзеня 2027 года. Але гэта дама — палітык чыстай вады. Іншымі словамі, яна не адказвае ні за эканоміку, ні за выкананне сацыяльных абавязацельстваў, да дзвярэй яе кабінета не прыходзіць мітынгаваць бізнес, яе машыну не блакуюць раз’юшаныя фермеры, якія бунтуюць з-за росту выдаткаў... А ў нацыянальных кіраўнікоў ёсць усе гэтыя праблемы. І яны накладваюць абмежаванні на яе палітычныя амбіцыі.
Але ў гісторыі з вуглевадародамі ярка выявіўся іншы момант: разрыў паміж палітыкай, эканомікай і адсутнасцю маральна-этычнай звязкі, ідэалагічнай падкладкі. На справе ідзе банальная барацьба за рэсурсы. А рыторыка аб дэмакратыі, свабодзе і іншых канструкцыях — толькі дымавая заслона для ўтойвання сапраўдных мэт. Той жа Эмануэль Макрон на словах іншы раз ледзь не гатовы паслаць войскі ва Украіну. І зрывае апладысменты ў часткі аўдыторыі. Але ён ні ў якім разе не хоча губляць актывы Total у расійскіх арктычных праектах. А ў іх французская карпарацыя ўклала мільярды долараў. Так, яна выйшла з кіравання праектамі, замарозіла ўдзел у новых ініцыятывах, паводзіць сябе вельмі ціха. Але актывы захоўвае і газ закупляе. І не хоча страціць гэту пазіцыю. Супрацьстаянне рана ці позна скончыцца. І тады можна хутка вярнуцца на наседжанае месца. Проста бізнес. А эскалацыя — гэта толькі інструмент у канкурэнцыі за рэсурсы. Без усялякай ідэалагічнай падаплёкі. Як бачыцца, каб разумець сучасны свет, трэба не слухаць публічных палітыкаў, а глядзець на фінансава-эканамічныя балансы. Менавіта яны адлюстроўваюць рэальныя інтарэсы і дазваляюць спрагназаваць стаўленне да тых ці іншых падзей. Сучаснасць цынічная і прагматычная. Асабліва ў міжнародных адносінах. Мэтазгодней глядзець на вялікую палітыку праз прызму эканамічных інтарэсаў. І тады многія парадоксы становяцца зразумелымі і вытлумачальнымі.
Аляксей КЛІМАЎ