Top.Mail.Ru

Якой будзе выстаўка «ІНАПРАМ», што ўпершыню праводзіцца ў Беларусі

25.09.2025 | 17:18

Наступны тыдзень у нашай краіне будзе насычаны важнымі падзеямі. Разам з міжнароднай выстаўкай «ІНАПРАМ. Беларусь» будуць праходзіць Савет кіраўнікоў урадаў СНД і пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета, на які чакаецца прыбыццё кіраўнікоў урадаў краін СНД. 



Сама ж выстаўка «ІНАПРАМ» распачнецца 29 верасня. Гэта міжнародная прамысловая выстаўка, якая збірае вялікую колькасць прамысловых прадпрыемстваў, навуковую супольнасць. На сваіх экспазіцыях яны могуць прадэманстраваць свае дасягненні, найноўшыя распрацоўкі, перадавыя тэхналогіі, запатрабаваныя ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку тыя, што рэалізуюцца ў рамках маштабных інавацыйных праектаў.

Выстаўка ўжо заняла сваё годнае месца сярод падобных мерапрыемстваў. Традыцыйна з 2010 года яна праходзіць у Екацярынбургу, з 2019 года — ужо і на міжнародных іншых пляцоўках за межамі Расійскай Федэрацыі. «Выстаўка праходзіла ў Егіпце, Казахстане, Узбекістане. У гэтым годзе ўпершыню маштабны форум прымае Беларусь.

MGUK6617_2.jpg

Маштабныя экспазіцыі, шырокая праграма

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч расказаў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны», якой будзе «ІНАПРАМ-2025», што пройдзе ў Мінску 29 верасня — 1 кастрычніка. 

На выстаўцы плануецца размяшчэнне вялікай колькасці экспазіцый. Мінскі міжнародны выставачны цэнтр — гэта вялізныя крытыя плошчы, але экспазіцыі будуць размяшчацца і на адкрытай пляцоўцы — там будуць прадстаўлены апошнія ўзоры айчыннай тэхнікі і тэхнікі, якая выраблена на беларуска-расійскіх сумесных прадпрыемствах.

Мерапрыемства будзе праходзіць у адзін час з Саветам кіраўнікоў урадаў СНД і пасяджэннем Еўразійскага міжурадавага савета.

Усяго ў рамках выстаўкі плануецца ўдзел больш як 300 суб’ектаў гаспадарання, якія прадэманструюць свае новыя дасягненні і ўзоры новай прадукцыі.

«На „ІНАПРАМЕ“ плануецца правядзенне розных сустрэч, панэльных сесій. Прэзентацыйныя матэрыялы будуць дэманстравацца спікерамі, экспертамі. Таксама плануецца правядзенне круглых сталоў на ўзроўні кампаній, арганізацый, суб’ектаў гаспадарання, дзе можна будзе падзяліцца і вопытам, сваімі ведамі, новымі сваімі распрацоўкамі. Ну і, зноў жа, намеціць новыя кірункі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і заключыць кантракты на пастаўку тэхнікі або вытворчасць той ці іншай прадукцыі», — сказаў Віктар Каранкевіч.

На палях форуму пройдуць рабочыя сустрэчы міжурадавай камісіі з кіраўнікамі суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. У рамках гэтых сустрэч плануецца падпісанне і адпаведных дакументаў, дадаў ён. 

Ад Беларусі будзе прадстаўлена каля 90 прадпрыемстваў і арганізацый. «Будзе прадстаўлена экспазіцыя Міністэрства прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі, органаў дзяржаўнага кіравання і ключавых галін Рэспублікі Беларусь, будуць стэнды экспазіцыі краін СНД, Еўразійскай эканамічнай камісіі, буйных дзяржкарпарацый, такіх як „Расатам“ і „Растэх“. Прэзентуюць прадукцыю і буйныя прадпрыемствы Беларусі і Расіі, якія могуць прадэманстраваць найноўшыя свае дасягненні, новыя распрацоўкі, якія былі б карыснымі для выкарыстання ў розных сферах дзейнасці», — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер.

Ад машынабудавання да ІТ-тэхналогій

Як расказаў на прэс-канферэнцыі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, на «ІНАПРАМ. Беларусь» зарэгістравалася каля 7 тысяч удзельнікаў і наведвальнікаў з 22 краін.

Ад Беларусі на выстаўцы будзе прадстаўлена 70 стэндаў, у тым ліку калектыўныя экспазіцыі, дзе прадукцыю прэзентуюць амаль 200 айчынных прадпрыемстваў. Усяго каля 500 арганізацый пакажуць сваю прадукцыю і навінкі. Удзельнікамі экспазіцыі з’яўляюцца прадпрыемствы ведамаснай прыналежнасці — Міністэрства прамысловасці, Міністэрства энергетыкі, Міністэрства адукацыі, Акадэміі навук і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, «Белнафтахіма», «Беллегпрама», рэзідэнты тэхнапаркаў, свабодных эканамічных зон, прыватныя кампаніі. Беларуская экспазіцыя займае цэлых 6 тысяч кв. м унутры і каля 3 тысяч кв. м вулічнай пляцоўкі.

«Будуць прадстаўлены такія галіны, як машынабудаванне, прамысловыя і IT-тэхналогіі, металургія і матэрыялы, аўтаматызацыя вытворчасці, хімічная прамысловасць, паслугі ў галіне прамысловасці. Ужо на сённяшні дзень зарэгістравалася каля 7 тысяч удзельнікаў і наведвальнікаў з 22 краін свету. Мы чакаем вялікую, сапраўды, колькасць гасцей і наведвальнікаў выстаўкі», — падкрэсліў Міхаіл Мятлікаў. Усяго чакаецца 10 тысяч удзельнікаў і наведвальнікаў.

Ужо пададзены заяўкі на падпісанне на палях выстаўкі каля 20 кантрактаў. Акрэдытаваны 250 журналістаў з розных краін.

Мінск рыхтуецца да прыёму вялікіх дэлегацый. Наведвальнікам прапануюць некалькі маршрутаў. У выставачным цэнтры арганізуюць харчаванне, у тым ліку фуд-тракі на вуліцы. Будуць прадавацца сувеніры.

Новыя рашэнні ад айчынных машынабудаўнікоў 

Адна з самых вялікіх экспазіцый на выстаўцы будзе ад беларускага Мінпрама. Як расказаў першы намеснік міністра прамысловасці Беларусі Андрэй Канюшка, шэраг прадпрыемстваў прадэманструюць свае навінкі на плошчы ўнутры Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра, а таксама на адкрытым паветры. Вулічная пляцоўка будзе прадстаўлена тэхнікай 14 беларускіх прадпрыемстваў на плошчы 2480 кв. м (у тым ліку ў рамках сумесных вытворчасцяў з расійскімі і казахстанскімі партнёрамі), з іх — восем арганізацый Міністэрства прамысловасці на плошчы 1758 кв. м.

У цэнтральнай частцы беларускага павільёна будзе размешчана экспазіцыя МАЗа, у рамках якой будзе прадстаўлены натурны ўзор седлавога гібрыднага цягача MAZ-545000 (новае рашэнне МАЗ-Х, створанае на базе гібрыднай платформы з электрамеханічнай трансмісіяй).

Андрэй Канюшка ўпэўнены, што ўвагу наведвальнікаў прыцягне і калектыўная экспазіцыя станкабудаўнічых арганізацый Мінпрама.

СЗАТ «БЕЛДЖЫ» прадэманструе знакавы прадукт айчыннага аўтапрама — гібрыдны красовер BELGEE X80 PHEV. «Запрашаем наведаць і азнаёміцца з нашым айчынным легкавым аўтамабілебудаваннем», — сказаў Андрэй Канюшка.

На стэндзе БЕЛАЗа можна будзе ўбачыць макет, які дэманструе тэхналогію беспілотнага кіравання тэхнікай БЕЛАЗ на вадародным паліве, а таксама макеты гідраўлічнага экскаватара BX20012 і кар’ернага самазвала БЕЛАЗ-7513М2.

«БКМ Холдынг» прадставіць інтэрактыўную панэль, якая дазволіць дэталёва разгледзець экстэр’ер і інтэр’ер электробуса мадэлі Е321, сучлененага электробуса Е433 і нізкападлогавага трамвая Т811. На стэндзе сельскагаспадарчай тэхнікі МТЗ прэзентуе трактар BELARUS 1222.3, які атрымаў Дзяржзнак якасці, а на вулічнай пляцоўцы будзе прадстаўлены самы магутны трактар у свеце ў класічнай кампаноўцы BELARUS-5425, аснашчаны высокаэфектыўным рухавіком WEICHAI магутнасцю 542 к. с. Побач з трактарамі размесціцца навясное і прычапное абсталяванне холдынгаў «Лідсельмаш» і «Бабруйскаграмаш». 

Усяго ў рамках «ІНАПРАМ. Беларусь» запланавана каля 27 мерапрыемстваў дзелавой праграмы, на якіх будуць абмяркоўвацца перспектывы ў першую чаргу вытворчай кааперацыі. «Мы будзем дзяліцца навінкамі вытворчых прадуктаў прамысловасці», — сказаў на заканчэнне Андрэй Канюшка.

Прыедуць каля 20 расійскіх губернатараў 

Шырокае прадстаўніцтва будзе і ад расійскіх рэгіёнаў. Намеснік міністра замежных спраў Павел Уцюпін паведаміў, што выстаўку «ІНАПРАМ Беларусь» наведаюць прадстаўнікі каля 40 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. «Больш за палову з іх — удзельнікі. Каля 20 дэлегацый будуць прадстаўлены на ўзроўні першых асоб рэгіёнаў», — расказаў ён. Паводле слоў намесніка міністра, запланавана правядзенне пасяджэнняў каля 10 рабочых груп па супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі і саветаў дзелавога супрацоўніцтва.

Паводле БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю