Прадзюсарам і арганізатарам праекта выступіў Аляксандр Лаўрыновіч і кампанія «Фестывалі.бай». Рэалізацыю праекта падтрымалі Міністэрства інфармацыі і Магілёўскі аблвыканкам. Паводле сюжэта, гледачоў чакае гісторыя пра кампанію беларускіх школьнікаў, якія існуюць у сваім метасусвеце. І гледачы маюць магчымасць стаць яго ўдзельнікамі, вызначаючы ход падзей, а можа, і дзеянні, характар персанажаў, пры гэтым атрымліваючы рэальныя бонусы. Расказваем пра тое, чым падзяліліся на сустрэчы з журналістамі стваральнікі і ўдзельнікі маштабнага праекта.
Як адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй КУНЦЭВІЧ, Міністэрства інфармацыі праявіла вялікую зацікаўленасць у стварэнні праекта:
— Калі мы абмяркоўвалі першапачатковую ідэю, то прыйшлі да высновы, што яна сапраўды чапляе і не пакідае абыякавым. І я вельмі рады, што праект знайшоў сур’ёзную падтрымку з боку кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, якое таксама выступіла адным з суарганізатараў гэтага праекта, — адзначыў Андрэй Кунцэвіч. — Мабыць, ключавая, скажам так, думка і ідэя гэтага праекта ўсё ж такі ў тым, каб выйсці на маладзёжную аўдыторыю праз тую пляцоўку, якая з’яўляецца для іх асноўнай у атрыманні кантэнту, нейкіх навін і тых наратываў, якія яны ўспрымаюць як устаноўку да дзеяння. У педагогіцы ёсць такі прынцып: «роўны навучае роўнага». Праз маладых герояў, якія з’яўляюцца яркімі прадстаўнікамі пакалення зумераў, іх пасылы, якія яны даносяць у рамках серыяла да сваёй аўдыторыі, хацелася пагаварыць з моладдзю пра тыя праблемы, якія іх сёння непакояць, абмеркаваць нейкія актуальныя рэчы, якія сёння вызначаюць жыццё маладых людзей у праламленні пакалення зумераў.
Аб запуску праекта гаварылі яшчэ вясной, калі ў маі рыхтаваліся да правядзення кастынгаў і здымак. Адбор акцёраў, увасабленне сюжэта ў відэафармат — цяпер пройдзеныя этапы. Усе ў чаканні прэм’еры, каб нарэшце ацаніць, што атрымалася.
— Мы ўклалі ў серыял душу, сілы і энергію, свае нейкія думкі і задумы. Жылі практычна цэлы год гэтым праектам і працягваем ім жыць. Спадзяёмся, наш метасусвет зумераў стане не толькі серыялам, а адной з частак вялікай задумы па прыцягненні моладзі ў вялікі, класны інтэрактыўны праект, — падзяліўся генеральны прадзюсар серыяла Аляксандр ЛАЎРЫНОВІЧ.
Прыадкрываць дэталі «Зумераў» яго стваральнікі пакуль не спяшаюцца, але распавялі пра аднайменны дадатак, які якраз і дазволіць любому жадаючаму ўплываць на развіццё падзей. Інтэрактыўнасць абяцаюць на кожным этапе серыяла. Спачатку гледачам патрэбна будзе праз тэлеграм-бот трапіць у дадатак. Пры ўваходзе выкарыстоўваецца толькі тая інфармацыя пра гледача, якая ёсць у агульным доступе. Трапіўшы на галоўную старонку, вы выбіраеце аднаго з герояў.
І пасля ўжо з серыі ў серыю праз пытанні і панэль інструментаў глядач становіцца нібыта сустваральнікам серыяла. Ёсць старонка з заданнямі. За правільны адказ вам налічваюцца балы. Іх пасля можна абмяняць на канкрэтныя падарункі — зніжкі ці падарункавыя сертыфікаты ў рэальным эквіваленце. А вось індывідуальны і агульны прагрэс вашых дзеянняў у дадатку стане непасрэдна магчымасцю паўплываць на сюжэт і фінал усяго серыяла. Стваральнікі запрашаюць далучацца да суполкі праекта і сачыць за навінамі на zoomer.by.
Ці знойдзе такі інтэрактыў водгук у шматлікай аўдыторыі, загадваць рана. Цікава, напрыклад, іншае: чаму навучыць сваю аўдыторыю гэты серыял і колькі часу гледачы правядуць у сусвеце экранных персанажаў? Як адзначыла крэатар праекта Юлія Паўшок, на стварэнне «Зумераў» каманду натхніў менталітэт беларусаў: «У героях нашага серыяла кожны зможа адшукаць штосьці сваё. І праблематыка, якая раскрываецца па ходзе серыяла, будзе блізкай не толькі школьнікам і падлеткам, але і іншым пакаленням».
Алена ДРАПКО