Самыя магутныя замаразкі чакаюцца менавіта ў ноч на пятніцу. У пятніцу ўмовы надвор’я ў Беларусі будзе вызначаць антыцыклон з цэнтрам над Балтыйскім морам, сфарміраваны ў халоднай паветранай масе. Малавоблачна. Без ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы туман. Вецер няўстойлівы ад слабога да ўмеранага. Уначы на большай частцы тэрыторыі чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 5 °С, месцамі — 1–4 °С цяпла. Максімальная тэмпература днём дасягне плюс 12–18 °С. Атмасферны ціск ноччу будзе слаба расці, днём — слаба падаць.
У суботу надвор’е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём па паўночным усходзе краіны адаб’ецца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу, які ссоўваецца з поўначы Еўрапейскай тэрыторыі Расіі. Ноччу пераменная воблачнасць, днём воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па паўночным усходзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі слабыя туман і галалёд. Вецер паўночнай чвэрці слабы да ўмеранага, днём месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад 1 да 8 °C, месцамі, а па поўдні краіны ў многіх раёнах чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 4 °C, максімальная тэмпература паветра днём складзе 11–18 °C.
У нядзелю стане больш мокра і замаразкі спыняцца, але днём будзе зусім не цёпла. Воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўночна-ўсходні ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы 2–8 °С цяпла, а днём 9–16 °С.
Сіноптыкі нас папярэджваюць, што ў сувязі з пагрозай замаразкаў не варта пакідаць без хованкі на палях выкапаную сельскагаспадарчую прадукцыю. Замерзне яна, а потым згніе.
Сяргей КУРКАЧ