Top.Mail.Ru

Жыллёва-камунальнае абслугоўванне як маркер эфектыўнасці мясцовай улады

25.09.2025 | 13:00
«Вынік нашай працы — гэта ацэнка грамадзян»

У Наваполацку пад кіраўніцтвам Наталлі КАЧАНАВАЙ прайшло пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Тэма абмеркавання — меры па паляпшэнні якасці жыллёва-камунальнага абслугоўвання насельніцтва, удасканаленні падыходаў і механізмаў іх аказання.

Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі займаюць прыярытэтнае месца ў зваротах, што паступаюць ад грамадзян у Савет Рэспублікі. Статыстыка па такіх зваротах пераважае і ў іншых дзяржаўных органах. «Сярод усіх зваротаў, якія паступілі да нас, 24 % — гэта пытанні, якія тычацца работы прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аказання імі паслуг насельніцтву. Таму мы вынеслі гэта пытанне, каб падзяліцца вопытам, які ёсць у розных рэгіёнах нашай краіны», — зазначыла Наталля Качанава.

Спікер падкрэсліла, што структура работы прадпрыемстваў у розных галінах розная. Аднак маркер эфектыўнасці дзейнасці адзін — гэта ацэнка грамадзян, якая перш за ўсё залежыць ад таго, як працуюць структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў цэлым: «Людзі менавіта па гэтым вызначаюць для сябе меркаванне аб уладзе. Калі цёпла, чыста, добраўпарадкавана, светла — людзі кажуць: улада працуе добра. А калі ўзнікаюць нейкія пытанні, то мы дакладна ведаем, што людзі будуць незадаволеныя і дадуць адпаведную ацэнку органам улады».

Таксама Наталля Качанава нагадала, што гэты год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання і менавіта да дзейнасці ЖКГ прыкавана асаблівая ўвага: «Прадпрыемствы, якія працуюць у галіне, што ахоплівае практычна ўсе сферы жыццядзейнасці, вядома, павінны бачыць, чуць людзей і, зыходзячы з гэтага, прымаць рашэнні, якія будуць даваць вынік у рабоце».

  • У працяг тэмы Старшыня Савета Рэспублікі засяродзіла ўвагу на значнасці дзейнасці па перапрацоўцы адходаў, падкрэсліўшы, што гэта — задача ад кіраўніка дзяржавы. У гэтай сувязі яна станоўча адзначыла работу біямехзавода ў Наваполацку: «Работа з адходамі тут ужо даўно была выбудавана дастаткова нядрэнна. Сёння вы бачылі абсалютна новы комплекс (Наваполацкі рэгіянальны комплекс па абыходжанні з ЦКА.— Заўв. „Зв.“), які пачне дзейнічаць у бліжэйшы час. Але самае галоўнае, што тут будзе ажыццяўляцца не толькі збор і перапрацоўка адходаў, але і наладзяць частковую вытворчасць прадукцыі з другасных рэсурсаў, што прынясе прыбытак прадпрыемству і вырашыць задачу».

Вяртаючыся да тэмы прыёмаў грамадзян, Наталля Качанава падзялілася, што па выніках аднаго з іх, які адбыўся нядаўна, яна прыйшла да некаторых высноў аб рабоце мясцовай улады. Так, напрыклад у Капылі мясцовыя органы кіравання функцыянуюць дастаткова эфектыўна. «Калі людзі гавораць, што ў нас добра, прыгожа, чыста, добраўпарадкавана, то разумееш, што ўлада на месцах сапраўды робіць усё для таго, каб вырашаць задачы, якія будуць на карысць нашых людзей», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі і акцэнтавала ўвагу на тым, што вынікі працы мясцовай улады заўсёды на паверхні.

Міністр ЖКГ Генадзь ТРУБІЛА расказаў, што ў галіне працуюць больш як 110 тыс. чалавек. Ён падкрэсліў, што за мінулы год ЖКГ краіны спрацавала з прыбыткам і стратных арганізацый у сістэме няма. З 2022 года па дзяржпраграме 99,4 % насельніцтва забяспечана чыстай вадой, у тым ліку ў сельскай мясцовасці за кошт будаўніцтва станцый абезжалезвання. На будучую пяцігодку, паводле слоў міністра, стаіць задача пачаць планамерна рэканструяваць тыя станцыі, якія былі ўведзены ў строй раней.

Адна з надзённых праблем, якія абмяркоўваліся на Савеце — капрамонт жылфонду, асабліва гэта датычыцца старых забудоў, дамоў у два—пяць паверхаў, дзе можа нават адсутнічаць водаправод. Кошт такіх работ часам перавышае выдаткі на будаўніцтва новага дома. Наталля Качанава адзначыла, што гэтае пытанне трэба разгледзець комп-ексна, падключыўшы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Таксама ўдзельнікі пасяджэння ўзнялі пытанні дзейнасці адзінай службы 115. Нараканні на яе ад насельніцтва працягваюць паступаць. Генадзь Трубіла падкрэсліў, што служба будзе далей развівацца. Старшыня Савета Рэспублікі даручыла глыбей прааналізаваць, як выконваюцца заяўкі, якія паступаюць на гэты нумар, і павысіць аператыўнасць вырашэння пытанняў насельніцтва.

Уладкаванне пешаходных сувязяў у гарадах, праблема смеццеправодаў, забеспячэнне гарачай вадой належнай тэмпературы, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, а таксама гатоўнасць сістэмы ЖКГ прыняць на баланс арэнднае жыллё, у прыватнасці ў Віцебскай вобласці, — такія пытанні абмеркавалі на пасяджэнні мясцовых парламентарыяў дэпутаты.

Наталля Качанава падкрэсліла, што ў Беларусі шмат робіцца для паляпшэння работы сістэмы ЖКГ, таму што гэта асаблівы паказчык у рабоце мясцовых органаў улады і ў цэлым краіны. Яна адзначыла, што больш за палову зваротаў у Савет Рэспублікі па тэматыцы ЖКГ датычыцца пытанняў абслугоўвання і стану жыллёвага фонду. «У гэтым сегменце 60 % пытанняў датычацца абслугоўвання, бягучага ўтрымання жыллёвага фонду, капітальнага рамонту, таму мы прыйшлі да высновы, што павінны на Савеце па ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі самакіравання разгледзець менавіта пытанне эфектыўнай работы прадпрыемстваў ЖКГ, а таксама як вырашаюцца тыя пытанні, якія ўзнікаюць у нашых грамадзян», — расказала журналістам Старшыня Савета Рэспублікі.

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі і БелТА

Фота БелТА

У тэму

Перапрацоўка і абясшкоджванне

Да пачатку пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання Наталля Качанава наведала пляцоўку Наваполацкага рэгіянальнага комплексу па абыходжанні з ЦКА. Увод у эксплуатацыю яго першай чаргі намечаны на лістапад.

У Віцебскай вобласці гэты комплекс стане трэцім па абыходжанні з ЦКА. З уводам яго ў эксплуатацыю праз сартаванне будзе праходзіць да 75 % адходаў рэгіёну. Пры гэтым Наваполацкі комплекс — адзіны з дзеючых у вобласці, дзе будуць утылізавацца медыцынскія адходы.

На новым комплексе штогод будзе сартавацца да 80 тысяч тон смецця. Праектныя магутнасці дазволяць абясшкоджваць, спальваючы пры высокіх тэмпературах, да 700 тон у год медыцынскіх і біялагічных адходаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю