Top.Mail.Ru

Аб'екты да ацяпляльнага сезона гатовыя

Калі «адтаюць» батарэі?

Ужо традыцыйна напрыканцы верасня або ў пачатку кастрычніка падключаюць ацяпленне. Сёлета холад прыйшоў досыць рэзка. Ці паспелі падрыхтавацца камунальнікі?

З папраўкай на надвор’е

Як адзначыла начальнік вытворчага аддзела ГА «Мінская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка» Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ, рашэнне аб падачы цяпла ў аб’екты сацыяльнай сферы, жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі прымаецца мясцовымі ўладамі зыходзячы з умоў надвор’я. Гэтак жа, як і ў мінулыя гады, у сацыяльных аб’ектах батарэі «адтаюць», калі трое сутак запар усталюецца сярэднясутачная тэмпература плюс 

10 градусаў і ніжэй. У адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі, ацяпляльны сезон у жыллёвым фондзе стартуе тады, калі сярэднясутачная тэмпература паветра на працягу трох сутак не перавысіць 8 градусаў. Кожны рэгіён краіны падключаецца да цяпла згодна з мясцовымі кліматычнымі ўмовамі.

Напрыклад, Наталля Вайцяховіч удакладніла, што летась ацяпляльны сезон у Мінску пачаўся 4 кастрычніка. А вось раней за ўсё ацяпленне ў жыллёвы фонд у сталіцы стала паступаць у 2021 годзе — 22 верасня, пазней за ўсё — у 2020-м — 13 кастрычніка. Яна таксама адзначыла, што летась ацяпляльны сезон аказаўся самым кароткім — 196 дзён. Напрыклад, у 2021 годзе ён доўжыўся 231 дзень, у 2020-м — 221 дзень

У рэгіёнах адпаведныя рашэнні ўжо прымаюцца. Як стала вядома, у Віцебскай вобласці ўжо з 25 верасня цяпло пачало паступаць на сацыяльныя аб’екты: у школы, бальніцы, дзіцячыя садкі і іншыя. Таксама адпаведнае рашэнне прынята і ў сталіцы. Аднак для жылфонду ўмовы трохі стражэй. Каб батарэі пацяплелі ў кватэрах, сярэднясутачная тэмпература паветра павінна быць 8 градусаў і ніжэй. Мяркуючы па прагнозе надвор’я, беларусам засталося чакаць зусім нядоўга.

Рамонты завершаны і паліва ў наяўнасці

Як да ацяпляльнага сезона падрыхтаваліся, расказаў начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей ФІЛАНОВІЧ. Рэалізацыя большасці мерапрыемстваў па падрыхтоўцы аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі да гэтага асенне-зімовага перыяду завершана ці знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Праведзены капітальны рамонт 40 стальных катлоў, што практычна раўняецца запланаванаму паказчыку. А тэмп выканання задання па замене цеплавых сетак перавысіў 95 %. «Увогуле заменена 243 кіламетры сетак. Акрамя таго, выканана замена больш за 65 % неэканамічных катлоў», — заявіў Аляксей Філановіч.

Не забываюць спецыялісты і пра вяскоўцаў. Для іх створаны неабходны запас драўнянага і іншага паліва. На 99 % энергетычных крыніц атрыманы пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона — усяго дакументы атрымалі 3383 аб’екты. Што датычыцца жылых дамоў, якія знаходзяцца на абслугоўванні арганізацый ЖКГ, то пашпарты гатоўнасці аформленыя на 97 % з іх. Па астатнім жыллёвым фондзе працэнт гатоўнасці яшчэ вышэйшы — прыкладна 98 %.

  • Праведзены прафілактычны рамонт сістэм ацяплення 42366 жылых дамоў, а таксама звыш 38 тысяч цеплавых пунктаў і вузлоў, што закрывае план практычна на 100 %. Акрамя таго, выконваўся рамонт дахаў жылых дамоў (план рэалізаваны на 99 %), стыкаў сценавых панэляў (заданне перавыканана). Для ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі зімой у камунальных службах на балансе маецца больш за 3,5 тысячы адзінак снегаўборачнай і спецыяльнай тэхнікі, вядзецца нарыхтоўка пясчана-салянай сумесі.

Аляксей Філановіч упэўнены, што мерапрыемствы, якія праведзены, дазволяць забяспечыць устойлівую, безаварыйную эксплуатацыю і цеплавое забеспячэнне жыллёвага фонду ў ацяпляльны перыяд. Адказаў спецыяліст і на «гарачыя» пытанні. На думку начальніка ўпраўлення гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сёлета павышэнне тарыфаў на ацяпленне не плануецца.

У рэзерве — перасоўныя кацельні

Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па камунальнай гаспадарцы ДА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» Андрэй ШУЛЬГА, на балансе прадпрыемстваў ЖКГ Мінскай вобласці знаходзіцца 8771 жылы дом, з якіх 6622 будынкі маюць цэнтралізаванае ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Выкананы неабходны бягучы рамонт, праведзены тэхабслугоўванне, выпрабаванні сістэм цеплазабеспячэння і іх прамыванне. Спецыялісты правяраюць працаздольнасць сістэм аўтаматычнага рэгулявання.

Ужо цяпер спажыўцы атрымалі 4815 пашпартоў гатоўнасці (96,8 % ад неабходнай колькасці), цеплавыя крыніцы — 2313 (94,6 %). 

«Астатнія аб’екты як цеплавога спажывання, так і генерацыі атрымаюць пашпарты ва ўстаноўленыя тэрміны. Рамонтныя работы скончаныя цалкам», — удакладніў Андрэй Шульга.

У Мінскай вобласці паралельна вядуцца работы па замене цеплавых сетак, якія выкананы на 85 %. Работу з сеткамі працягнуць і ў ацяпляльны перыяд. Зарэзерваваная падача цеплазабеспячэння перасоўнымі блочна-модульнымі кацельнямі (іх на тэрыторыі вобласці ў фондзе жыллёва-камунальнай гаспадаркі тры — у Маладзечанскім, Мінскім і Дзяржынскім раёнах). Таксама праводзілася замена сетак водазабеспячэння і водаадвядзення (выканана 71 % і 76 % ад плана).

Да зімы падрыхтаваны і дарогі. Для ўпэўненага ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі ў зімовы перыяд будзе прыцягвацца 479 адзінак спецыяльнай тэхнікі. Нарыхтавана звыш 440 тысяч тон пясчана-саляной сумесі.

Сяргей КУРКАЧ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю