Другі дзень рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Расію прысвечаны беларуска-расійскаму супрацоўніцтву. У пятніцу Прэзідэнт сустрэўся са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Беларускі лідар адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць з расійскім лідарам шэраг рэгіянальных праблем. «Ёсць пара пытанняў, па якіх мы звычайна ў канцы года вызначыцца павінны. Нават адно пытанне. Гэта ў двухбаковых адносінах», — дадаў ён.
«Вы навучылі нас будаваць атамныя станцыі»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на размовы аб тым, што прэзідэнты часта сустракаюцца, падкрэсліўшы, што з расійскім лідарам ён ужо даўно не сустракаўся. «Назапасілася куча пытанняў, якія мы сёння абмяркуем. І прымем адпаведныя рашэнні», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Адно з пытанняў стала працягам тэматыкі Глабальнага атамнага форуму, у якім прэзідэнты прынялі ўдзел напярэдадні. «Калі вы ўхваліце праект пашырэння або будаўніцтва новай атамнай станцыі. Можа, нават на ўсходзе Беларусі з мэтай, калі гэта будзе неабходна, забеспячэння электраэнергіяй рэгіёнаў, вызваленых Расіяй, — Херсонскай, Запарожскай, Луганскай, Данецкай абласцей. Калі ў гэтым будзе пэўная неабходнасць. У сувязі з Запарожскай станцыяй, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — „Расатам“ ужо прапрацаваў варыянты далейшага пашырэння нашай атамнай энергетыкі. Я не хачу публічна гаварыць пра фінансы. У нас ёсць варыянты, я скажу вам пра гэта. Калі будзе рашэнне, мы адразу пачнём новы энергаблок або новую станцыю ставіць, калі будзе патрэба на захадзе Расіі і ў вызваленых рэгіёнах».
«Пытанне з фінансаваннем наогул не стаіць. Калі ёсць спажывец, які будзе браць электраэнергію і плаціць патрэбны тарыф, гэта наогул не праблема», — адказаў Уладзімір Пуцін. Аляксандр Лукашэнка з гэтым цалкам пагадзіўся.
Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў савецкі час многае рабілася разам для развіцця атамнай галіны. «Але і сёння мы не разбегліся. І атамную станцыю мы дзякуючы вам пабудавалі. Больш за тое, вы выканалі сваё абяцанне — навучылі нас будаваць атамныя станцыі. Мы сёння з „Расатамам“ будуем у іншых краінах атамныя станцыі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Адзінае, у што мы не акунуліся (але, калі трэба будзе, мы гатовыя разгледзець і гэтыя пытанні), — зварыць рэактар, корпус ці яшчэ нейкія неабходныя дэталі і камплектуючыя. Пакуль такой неабходнасці няма. „Расатам“ на сваіх расійскіх заводах гэта робіць. А будаўнікі ў нас добрыя, расіяне вельмі задаволеныя нашымі будаўнікамі, іх нямала працуе». Прэзідэнт падкрэсліў, што напрацаваныя сумесна кампетэнцыі будуць выкарыстоўвацца на карысць Беларусі і Расіі.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, як БелАЭС паўплывала на развіццё краіны, хоць спачатку асцерагаліся лішку электраэнергіі. Аднак наяўнасць дадатковых аб’ёмаў электраэнергіі пацягнула развіццё цэлых кірункаў, уключаючы эканоміку краіны. Усё больш з’яўляецца электрамабіляў, будуюцца зарадныя станцыі. «Самае галоўнае, што мы праэксперыментавалі ўжо, — жылыя дамы перавялі на электрычнасць», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым адзначыў, што ёсць таксама магчымасць больш актыўна развіваць сферу штучнага інтэлекту, ствараць дата-цэнтры.
«У нас станцыі, якія былі на газе, мы ў халодным рэжыме (падтрымліваем работу. — Заўв.). Мы там якраз размясцілі — майнінг ажыццяўляем і гэтак далей. Замежнікі плацяць грошы ў бюджэт, і гэтыя станцыі працуюць. Таму мы ў „Газпрама“ практычна закупляем і будзем закупляць тыя ж аб’ёмы газу. Я думаю, што „Газпрам“ у накладзе тут не застанецца. Усюды сёння патрэбны прыродны газ», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Па ўсіх кірунках ідзе актыўная работа
Кіраўнік расійскай дзяржавы ў першую чаргу падзякаваў беларускаму калегу за ўдзел у Глабальным атамным форуме, прысвечаным 80-годдзю атамнай прамысловасці Расіі. «Па сутнасці, гэта наша агульнае свята. Па-першае, таму што гэта 80 гадоў утварэння атамнай галіны ў СССР і мы былі разам у гэты час. А па-другое, на сёння Беларусь стала нашым сур’ёзным партнёрам у галіне атамнай энергетыкі, паколькі створана першая АЭС у Беларусі і, больш за тое, узнікла галіна ў Беларусі, спецыялісты якой цяпер разам з „Расатамам“ працуюць нават над узвядзеннем атамных аб’ектаў у трэціх краінах. І гэта, вядома, не можа не радаваць», — сказаў Уладзімір Пуцін. Ён згадаў, што, па даных беларускага боку, каля 40 % электрычнасці ў краіне выпрацоўваецца Беларускай атамнай электрастанцыяй. За кошт чаго адбываецца істотная эканомія іншых энергарэсурсаў, у тым ліку прыроднага газу. «Стварылі канкурэнта для „Газпрама“, які пастаўляў проста першасны энерганосьбіт, і Беларусь купляла. Цяпер таксама купляе, але, вядома, патрэбы скараціліся ў гэтым сэнсе», — заўважыў Прэзідэнт Расіі.
Што датычыцца эканамічнай сферы, то Уладзімір Пуцін назваў сітуацыю вельмі добрай. «Гэта нешта дзіўнае: звыш 50 мільярдаў долараў у нас тавараабарот, і ён ад такой вялікай базы працягвае расці (рост назіраўся ў 2024-м і працягваецца, мяркуючы па даных за мінулы перыяд 2025-га. —Заўв.)», — звярнуў увагу ён, дадаўшы, што Расія па назапашаных інвестыцыях (4,5 мільярда долараў) лідзіруе сярод гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі.
«Увогуле, фактычна па ўсіх кірунках у нас актыўная работа ідзе», — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі. Тое ж самае, па яго словах, датычыцца і пытанняў забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы. «Тут, як мы з вамі і дамаўляліся, усё рытмічна, у рабочым рэжыме ідзе. Натуральным чынам усё развіваецца».
«Хачу Вам падзякаваць за такое ўважлівае стаўленне да ўсіх кірункаў нашага ўзаемадзеяння. Я вельмі рады вас бачыць», — сказаў расійскі лідар, звяртаючыся да Прэзідэнта Беларусі.
«Кіраўнікам трох славянскіх дзяржаў трэба сесці і дамовіцца»
Інсайды і заявы ад Прэзідэнта Беларусі
Перагаворы Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Крамлі працягваліся 5 гадзін 22 хвіліны. Некаторыя падрабязнасці размовы Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам. Прэзідэнт Беларусі нічога не хаваў ад прадстаўнікоў СМІ, якія скарысталіся магчымасцю задаць яму некалькі пытанняў.
Журналісты заўважылі, што перагаворы з расійскім калегам працягваліся доўга.
«Рэдка сустракаемся. Колькі часу прайшло, не бачылі адзін аднаго», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што яны абмяркоўвалі і міжнародную абстаноўку, і рэгіянальную сітуацыю, якая складваецца. «Вы ж ведаеце, агульная наша бяда і праблема — Украіна. Шмат аб гэтым казалі. — раскрыў інсайды кіраўнік дзяржавы. — І вось скончылі двухбаковымі адносінамі, пытаннямі па нафце, па газу. Па нафце мы дамовіліся, у нас сур’ёзныя дамоўленасці, праблем ніякіх няма. Па газу выйшлі на дамоўленасці. Я думаю, пасля гэтай размовы мы дашліфуем гэтыя пытанні, ужо на пяцігодку практычна. Вось у чым было пытанне — не на адзін год, а на пяцігодку».
Аляксандр Лукашэнка распавёў, што гаварылі і аб агульным рынку, і аб яго абароне, мерах, якія трэба прымаць, каб даць магчымасць працаваць нашым таваравытворцам. «Мы калі сустракаемся,— там маса пытанняў», — прызнаўся беларускі лідар.
«За зэканомленыя сродкі можам цэлы энергаблок пабудаваць»
Падымалася і пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі ў Беларусі.
«Мы зэканомілі прыстойна сродкаў на першай АЭС. Мы можам цэлы энергаблок за гэтыя зэканомленыя сродкі першага крэдыту пабудаваць», — адзначыў Прэзідэнт. Ён прызнаўся, што ёсць пэўныя асабістыя сумненні, ці будаваць трэці блок пры станцыі ў Астраўцы, ці размясціць яго на ўсходзе краіны. Спецыялісты і ўрад прапаноўваюць будаваць трэці блок побач са станцыяй, гэта будзе танней. «А з іншага боку, ведаеце, калі будуецца такі аб’ект, гэта дае развіццё цэламу рэгіёну. У мяне ёсць такія лёгкія ваганні, мы можам і там, і там будаваць. Думаю, мы вызначымся ў бліжэйшы час», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. Адпаведныя даручэнні ўжо дадзеныя прэзідэнтамі ўрадам дзвюх краін — разам з «Расатамам» яны ўрэгулююць дэталі. «Калі не ўзнікне непераадольных абставінаў, мы будзем будаваць трэці блок або новую атамную станцыю», — падсумаваў Прэзідэнт.
«Мне ёсць яму што сказаць»
Журналісты папрасілі Прэзідэнта пракаментаваць заявы кіраўніцтва Украіны наконт пагроз ударыць па Крамлі.
«Гаварыць, заяўляць можна ўсё. А калі Крэмль ударыць па Банкавай (вуліца ў Кіеве, дзе размешчаны ўкраінскія органы ўлады — Зв.), што там застанецца? Таму Уладзіміру Аляксандравічу (Зяленскаму. — Зв.) трэба супакоіцца. Ёсць на стале добрыя прапановы. Мы з Прэзідэнтам Пуціным абмяркоўвалі. Я не стану пра іх казаць, Прэзідэнт сам скажа. Добрыя прапановы. Прапановы па Украіне, якія на Алясцы ў тым ліку былі пачутыя Дональдам Трампам, вывезеныя ў Вашынгтон для таго, каб падумаць і абмеркаваць. Вельмі добрыя прапановы. Калі ўкраінцы не пойдуць на гэтыя прапановы, гэта будзе тое, што было ў пачатку СВА. Гэта будзе яшчэ горш. Яны страцяць Украіну», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, варта было спыніцца яшчэ тады, у пачатку, тады б увесь усход быў украінскі, акрамя Крыма.
«Не, не спыніліся. Страцілі ўсход. Зараз не спыняцца (на маю думку, чалавека, які моцна паглыблены ў гэтую сітуацыю) — яны страцяць усю Украіну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар паведаміў, што разам з Уладзімірам Пуціным заслухаў даклад Генеральнага штаба Узброеных Сіл РФ, гэта быў селектар. «Уладзімір Уладзіміравіч нічога не хавае ад мяне, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — На ўсіх франтах, і асабліва на некаторых участках (я асабіста назіраю за гэтымі ўчасткамі) расіяне практычна захапілі буйныя населеныя пункты. Я так гляджу, чыста геаграфічна: а што далей? А далей ужо расійскую армію цяжка будзе спыніць. Таму, каб не страціць усю Украіну, Уладзімір Аляксандравіч павінен не проста размаўляць, а пагадзіцца на выгадныя для яго ўмовы, якія былі адобраныя амерыканцамі. Яны ўзялі паўзу, каб падумаць, расіяне пагадзіліся».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы проста пагаварыць з Уладзімірам Зяленскім. «У мяне ёсць, што яму сказаць. Думаю, настаў той час, калі мы павінны ўступіць у кансультацыі. У пачатку СВА казаў: нам, кіраўнікам трох славянскіх дзяржаў трэба сесці і дамовіцца. Дамовіцца аб заканчэнні гэтай незразумелай вайны. Трэба дамовіцца. Не дамовімся — будзе дрэнна ўсім», — заявіў беларускі лідар.
«Тое, што заяўляе Трамп, трэба разумець»
Журналісты ўдакладнілі, ці захоўваецца настроенасць Дональда Трампа на ўрэгуляванне ўкраінскага канфлікту.
«У Трампа такая тактыка: націснуць — адступіць, адступіць — націснуць, недзе напралом пайсці. Бунтар. У самым добрым сэнсе слова. Я сам мала адрозніваюся ад Трампа ў гэтым плане і сябе называю трампістам. Уладзімір Уладзіміравіч паважае Трампа, з павагай да яго ставіцца не меншай чым я», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што зараз у Трампа вельмі няпростая сітуацыя, нядаўна застрэлілі яго адданага прыхільніка. «Ён прыняў гэты сігнал і рэагуе адпаведным чынам. Таму тое, што заяўляе Трамп, трэба разумець. Усебакова трэба разумець. І не трэба на яго кідацца пасля любой заявы: „папяровы тыгр“ ці яшчэ нешта. Не трэба», — параіў Прэзідэнт. Ён расказаў, што пахваліў «старэйшага брата» за спакойныя, узважаныя дзеянні ў адносінах з амерыканцамі. «Час усё расставіць на свае месцы. Блізкі час. Яшчэ раз кажу, што Трамп заняў вельмі добрую пазіцыю, прыстойную. — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае ў знешняй палітыцы — мір, мір, мір».