Top.Mail.Ru

Чым можна разнастаіць жыццё на пенсіі

Сумаваць не давядзецца

Уключэннем пажылых людзей у жыццё грамадства і стварэннем умоў для рэалізацыі іх патэнцыялу займаюцца тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прычым спіc заняткаў, якія прапануюць, вельмі доўгі. У ТЦСАН Савецкага раёна Мінска, напрыклад, людзі сярэбранага ўзросту вывучаюць мовы, займаюцца спортам, ёгай, танцамі і не толькі. Карэспандэнт «Звязды» паназірала за заняткамі і ўпэўнілася: гэта сапраўды цікава!

Дзеля рэалізацыі патэнцыялу

«У нашым аддзяленні працуе 47 гурткоў і клубаў, — расказвае Ала РАДЗІВОНАВА, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян. — Працуем у адпаведнасці з Нацыянальнай стратэгіяй Рэспублікі Беларусь „Актыўнае даўгалецце — 2030“, мэта якой — зрабіць усё, каб нашы грамадзяне пажылога ўзросту жылі бадзёра, ярка, прыгожа. Для гэтага мы займаемся прафілактыкай кагнітыўных парушэнняў, прапагандай здаровага ладу жыцця, падтрыманнем сацыяльнай і фізічнай актыўнасці пажылых грамадзян і, вядома ж, рэалізацыяй іх творчага патэнцыялу».

1758712213816.jpg

На пастаяннай аснове аддзяленне Савецкага раёна наведвае каля 700 чалавек. Яшчэ некалькі сотняў зазіраюць на асобныя мерапрыемствы ці пасяджэнні клубаў. Большасць з іх праводзяць валанцёры сярэбранага ўзросту — іх каля трыццаці, у многіх ёсць альбо профільная адукацыя, альбо шматгадовы досвед у абраным імі кірунку. Вялікай папулярнасцю сярод пенсіянераў карыстаецца гурток па вывучэнні англійскай мовы. Цікавы шматлікім і «Фітнес для розуму», галоўная задача якога — прафілактыка дэменцыі і кагнітыўных расстройстваў. З жадаючых запісацца на яго выбудоўваецца цэлая чарга. Як і на запіс у школу-студыю мадэлінгу «Новая я», дзе жанчын 60+ навучаюць фотапазіраванню, тэхніцы маўлення, прамоўніцкаму майстэрству і ўрокам стылю. А паспрабаваць сябе ў бальных, лінейных, усходніх танцах і нават аргенцінскім танга можна аж у 13 гуртках тэрытарыяльнага цэнтра.

Танцуюць усе!

Па словах загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання цэнтра, часта пенсіянеры даведваюцца аб іх установе з сацыяльных сетак. Іншыя прыходзяць па рэкамендацыях сяброў і знаёмых, а часам кантакты ТЦСАН даюць у паліклініках: «Доктар сказала: рухайцеся, танцуйце. Вось я і прыйшла. Хоць і была ўпэўнена, што гэта абсалютна не маё, — распавядае Галіна Іванаўна, удзельніца танцавальнага гуртка. — Цяпер не проста рухаюся, але і выходжу на сцэну». Прычым танцавальныя калектывы цэнтра вядомыя і за яго межамі. Напрыклад, «Дэжавю», у якім выступае Галіна Іванаўна, запрашаюць на гарадскія святы, тэматычныя канцэрты. Сёлета ўдзельнікі нават з’ездзілі на «Славянскі базар». «Гэта цудоўна, што дзяржава дае магчымасць пажылым займацца ў такіх гуртках бясплатна, — гавораць удзельнікі танцавальнага калектыву. — Нашы знаёмыя з Грузіі, Арменіі і іншых краін зайздросцяць: гавораць, там такога няма».

Рэпертуар «Дэжавю» разнастайны: ёсць элементы і сальсы, і лаціны, і танга. Але кожны танец калектыву абавязкова мае драматычны складнік, расказвае гледачам цэлую гісторыю. Атрымліваецца амаль што пастаноўка, міні-мюзікл. І ўсё гэта — пад песні 70-х і 80-х гадоў, папулярных дагэтуль: «Мы бяром не сучасныя кампазіцыі, а даўно знаёмыя. Таму і калектыў наш так назвалі. Людзі песні пазнаюць, пачынаюць падпяваць, усміхаюцца, — адзначае кіраўнік гуртка Георгій Георгіевіч. — Рухі таксама падбіраем з нашай маладосці — падобныя на тыя, як танцавалі гадоў 30 таму. І самі, вядома, атрымліваем ад усяго працэсу вялікае задавальненне».

Веды для душы

Да прыходу ў ТЦСАН Марына Леанідаўна шмат гадоў працавала са студэнтамі, выкладала англійскую мову. На пенсіі спачатку сама наведвала розныя заняткі — па аздараўленчай гімнастыцы, прафілактыцы кагнітыўных парушэнняў, — а паўтара гады таму сама стала кіраўніком гуртка па вывучэнні англійскай мовы: «Працаваць з людзьмі, якія насамрэч хочуць вучыцца, — велізарнае задавальненне. Студэнты часта робяць гэта толькі дзеля заліку ці экзамену, а тут займаюцца для сябе, для душы — і я як выкладчык гэта адчуваю, — дзеліцца Марына Леанідаўна і падкрэслівае: — Узроставага бар’еру ў нас няма, мы разумеем адзін аднаго, ніхто нікога не крытыкуе. Кожнае новае слова, кожны тэкст выклікаюць водгук і цікавасць. Калі я толькі пачынала курс, то не чакала, што мае вучні будуць так старанна весці сшыткі і слоўнікі, настолькі адказна ставіцца да заняткаў».

Мэты навучання ва ўсіх розныя. «Я раней добра размаўляла па-англійску, бо шмат падарожнічала па Еўропе. З тых часоў мінулі гады, усё прызабылася, але ў паездках за мяжу мова ўсё роўна патрэбна. Каб пагутарыць у кавярні, спытаць дарогу ці проста паразмаўляць з людзьмі на вуліцы. І каб усё — без размоўніка», — прызнаецца Тамара, адна з удзельніц гуртка. Яна перакананая: вывучэнне замежнай мовы яшчэ і выдатна развівае памяць, што проста неабходна ў пажылым узросце: «На занятках мы пішам сачыненні, чытаем апавяданні. Прычым на зусім розныя тэмы — напрыклад, аб беларускіх традыцыях і святах. Гутарым, даведваемся шмат новага, у тым ліку і аб жыцці, культуры і гісторыі роднай краіны».

У гармоніі з целам

У ТЦСАН Савецкага раёна працуе 10 фізкультурна-аздараўленчых гурткоў. У іх займаюцца і аздараўленчай, і дыхальнай гімнастыкай, і гімнастыкай цыгун. Раз у тыдзень праходзяць заняткі ёгай: медытацыям, дыхальным тэхнікам і асанам — спецыяльным позам — на пастаяннай аснове навучаюцца каля 10 чалавек. Астатнія ж прыходзяць час ад часу, наведваюць свабодна. Самай старэйшай вучаніцы ўжо 84 гады. «Ёга добрая тым, што дае не толькі аздараўленне целу, але і, што галоўнае, веды, асабліва, як кіраваць сваімі эмоцыямі, пачуццямі. Я лічу, гэта жыццёва важныя рэчы, якія дапамагаюць на кожным кроку. Калі пазнаеш, як працуе розум, як захоўваць спакой, жыццё становіцца лягчэй. У тым ліку і ў нашым узросце», — усміхаецца Ірына. Жанчына кіруе гуртком ужо шосты год — спачатку прыйшла падмяніць калегу, а потым і сама стала валанцёрам у цэнтры.

Гурток, які яна вядзе, даўно стаў нечым большым, чым проста клубам па інтарэсах. Тут заўсёды ёсць месца жарту, падтрымцы і цёпламу слову. Пенсіянеры прызнаюцца: сустрэчы дапамагаюць не адчуваць сябе адзінокімі, даюць сілы і жаданне рухацца далей. Адна з удзельніц, Інеса, распавядае: «Калі я выйшла на пенсію ў 72 гады, зразумела, што трэба нечым сябе заняць, каб не сядзець цэлы дзень каля дома на лаўцы. Даведалася пра гурткі ў тэрытарыяльным цэнтры, і чамусьці душа пацягнулася менавіта да ёгі. Зараз дома з унучкай таксама ёю займаемся. Думаю, такія гурткі дапамагаюць нам, пажылым людзям, захоўваць рухомасць, быць у форме, заставацца „на плаву“ і працягваць цікавіцца чымсьці новым».

Аміна Назарава

Фота Лізаветы Голад

У тэму

Кожны пяты пенсіянер працягвае працаваць

Агульная колькасць пенсіянераў у краіне складае 2,4 мільёна чалавек. Расходы на выплату пенсій штогод складаюць каля 9 % ВУП, і сёлета на гэтыя мэты будзе выдаткавана 26 мільярдаў рублёў, паведаміла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА. Сёлета ўсе працоўныя пенсіі павышаліся ўжо двойчы: у лютым — на 10 %, у верасні — на 5 %. Сярэдні памер працоўнай пенсіі сёння складае 980 рублёў.

Многія пажылыя людзі ў краіне прымаюць рашэнне працягваць актыўную працоўную дзейнасць. Кожны пяты пенсіянер працуе, а гэта 472 тысячы чалавек. З пачатку года іх пабольшала на 15 тысяч, у тым ліку дзякуючы ўказу кіраўніка дзяржавы, якім былі знятыя абмежаванні па памеры пенсій працоўным пенсіянерам. Паколькі сёння наймальнікі зацікаўлены ў людзях старэйшага пакалення, нядаўна ў Закон аб занятасці былі ўнесены змяненні, накіраваныя на падтрымку грамадзян, якім да наступлення агульна ўстаноўленага пенсіённага ўзросту засталося пяць і менш гадоў.

У прыватнасці, гэта захаванне для дадзенай катэгорыі выплаты дапамогі па беспрацоўі цягам шасці месяцаў (для астатніх катэгорый гэты перыяд скарочаны).

З 29 верасня да 3 кастрычніка па ўсіх рэгіёнах краіны пройдуць «сярэбраныя» кірмашы вакансій — іх запланавана 156. Напрыклад, летась такія кірмашы наведала каля 5,5 тысячы чалавек, а кожны трэці дамовіўся пра далейшае працаўладкаванне. Сёлета на працягу 8 месяцаў садзейнічанне ў працаўладкаванні атрымалі амаль 4 тысячы людзей перадпенсіённага і пенсіённага ўзросту.

На фарміраванне камфортнага ўзроўню даходу накіравана праграма дадатковай назапашвальнай пенсіі «3+3». Па стане на верасень заключана 59 тысяч дагавораў дадатковага страхавання.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю