Top.Mail.Ru

Жыццё — імгненне, якое можна станцаваць на сцэне

Сачыце за рухамі

Адным з прэм’ерных спектакляў напачатку новага тэатральнага сезона ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры стала пастаноўка «Далікатнасць». Незвычайная для тэатра драмы, таму што пластычная: артысты праз сваё цела і рухі нагадваюць нам пра тое, што чалавечае жыццё — з’ява вельмі тонкая, уразлівая.

А чалавек — істота далікатная, якая вельмі чакае ўвагі, можа моцна пакутаваць з-за таго, якія пачуцці даводзіцца перажываць у стасунках з іншымі людзі, як гэта ўплывае на лёс і на той вынік, з якім даводзіцца падыходзіць да апошняй мяжы. І ўсё гэта мы разумеем без слоў. Хіба што напачатку: «Ці выйдзе Ліза?..» — прагучыць падчас гульні ў мяч. Ды напрыканцы — толькі імя ўжо будзе іншае, таму што кожны з нас праходзіць гэтае кола, і зразумела, што ўсё пачынаецца з дзяцінства... Дзіўную пластычна-філасофскую гісторыю прапанавала харэограф-пастаноўшчык Аляксандра Буяльская. Яна вядомая шырокім глядацкім колам як спартсменка — з’яўляецца майстрам спорту па мастацкай гімнастыцы. Але, захапляючыся сучаснай харэаграфіяй (хоць і атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі як спецыяліст-кібернетык), яна вярнулася да таго, што было больш па душы і скончыла яшчэ Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў як педагог-харэограф. Кіруе Цэнтрам сучаснага танца Smart dance, дзе займаецца з дзецьмі і моладдзю. Яе сумесная праца з Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатрам узнікла не проста так: у трупе тэатра ёсць частка артыстаў харэаграфічнага кірунку, а ў афішы — некалькі адметных пластычных спектакляў, а гэта ў нас даволі рэдкая з’ява. Пры тым, што ў Віцебску шмат гадоў адбываецца міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, цяпер такіх спектакляў — адзінкі. І вось праца, якая адпавядае яго духу і маладзёжнай плыні ў тэатры, які ад пачатку быў настроены на работу з гэтай няпростай і пераборлівай аўдыторыяй.

«Далікатнасць» — пра жыццёвы цыкл асобы, які аднойчы пачынаецца і недзе завяршаецца (у нас перад вачыма ён праходзіць за гадзіну ў камернай прасторы). Але ці не агаломшаць такія думкі маладога гледача, напоўненага аптымізмам і развагамі пра будучыню?.. 

Насамрэч дзеля думак пра будучыню — і іх скіраванасці на шлях павагі да чалавека і любові да жыцця — усё гэта і прыдумана. Бо словы, якія пакідаюць час ад часу артысты на сцяне, чытаюцца як папярэджанне. Мы можам прыплюсаваць імёны дзяўчыны і хлопца, але гэта не значыць, што дакладна атрымаецца каханне (любовь), бо ў наборы літар ёсць тыя, што складаюцца ў слова «боль». 

Але ў любым выпадку трэба заставацца чалавекам — яшчэ адзін надпіс для тых, хто выпраўляецца ў самастойны шлях і пакуль не задумваецца, якой будзе спеласць альбо якую старасць можа заслужыць напрыканцы.

З маладымі (у першую чаргу) размаўляюць небанальнымі сродкамі. Найперш глядач будзе сачыць за рухамі і паводзінамі 

(з усёй палітрай эмоцый на тварах) артыстаў: Кацярыны Герасіменка, Ганны Архіпавай, Мікіты Скурата, Лізаветы Есіпавай, Ганны Ляпо, Канстанціна Мацукевіча. Дзякуючы мастаку-пастаноўшчыку Кацярыне Герасіменка гэта гісторыя яшчэ і пра тое, як пры сцэнічным мінімалізме стварыць нешта кранальнае.

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю