Top.Mail.Ru

Электракары, машыны без кіроўцы і на вадародзе

Яскравыя трэнды машынабудавання

У машынабудаванні трэба рабіць акцэнт на электрыфікацыі і рабатызацыі, лічыць генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Сяргей ПАДДУБКА. Тут выконваецца поўны цыкл: ад дызайну, разлікаў і праектавання да выпрабаванняў і сертыфікацыі. Усе гэтыя кірункі запатрабаваныя, развіваюцца, а галоўныя трэнды галіны — электрыфікацыя, беспілотныя комплексы і рабатызацыя.

Дзе ствараюцца «лічбавыя двайнікі»?

Генеральны дырэктар патлумачыў, чаму сёння робіцца стаўка на электракары: «Электрапрывад — высокаэфектыўны, яго ККД вышэйшы ў разы, чым звычайныя цеплавыя ўстаноўкі. Другое — аўтаматызацыя працэсаў, у тым ліку бяспека вадзіцеляў і пешаходаў, таму што ёсць электронныя сродкі дапамогі, якія дапамагаюць кіраваць транспартам, і беспілотнасць як далейшае развіццё гэтай сістэмы».

Сяргей Паддубка заявіў, што партнёры інстытута — практычна ўсе буйныя прадпрыемствы машынабудаўнічага комплексу: БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, «Белкамунмаш» і іншыя. З кожным з іх маецца сумесны праект і жаданне дапамагаць ствараць новую, сучасную тэхніку. «Сёлета сумесна з BELGEE з канвеера выпусцілі пяць легкавых электрамабіляў і праводзілі выпрабаванні, а таксама працягнулі выпрабоўваць новыя тыпы электрапрывадаў, даводзім да дасканаласці грузавыя электрамабілі і займаемся выпрабаваннем беспілотных самазвалаў «БЕЛАЗ».

Намеснік генеральнага дырэктара Аб’яднанага інстытута машынабудавання па навуковай рабоце Аляксей ШМЯЛЁЎ паказаў нам Рэспубліканскі камп’ютарны цэнтр машынабудаўнічага профілю. У аддзеле прамысловага дызайну ствараюцца самыя стыльныя аўтамабілі. У аддзеле мадэлявання і віртуальных выпрабаванняў можна назіраць, як ствараюцца «лічбавыя двайнікі». Паміж фізічным аб’ектам і віртуальнай мадэллю існуе двухбаковы канал абмену данымі. Дзякуючы гэтаму ёсць магчымасць, напрыклад, загадзя даведацца, калі менавіта аўтамабілю трэба прайсці дыягностыку і замяніць запчасткі, каб пазбегнуць паломкі.

Малая камунальная машына — не ноу-хау, многія краіны маюць свае распрацоўкі. Аднак мадэль з інстытута пераўзыходзіць іншыя тым, што тут выканалі абсалютна ўсе міжнародныя параметры: агляднасць, камфорт, функцыянальнасць, бяспека і гэтак далей. Па прызначэнні машына змятае і прыбірае смецце, праводзіць хуткасную ачыстку тратуараў і дарог ад снегу і шмат чаго яшчэ.

Свая «электрычка»

Заўважаем доледны ўзор электрамабіля BELGEE eX50, створаны ў інстытуце. 

Ён стыльны і сучасны. Распрацоўшчыкі не сумняваюцца, што пасля запуску ў серыйную вытворчасць такія аўто абавязкова знойдуць новых уладальнікаў. Мы ўбачылі электрамабіль для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, створаны на базе FAW Bestune Xіaoma. Ён абсталяваны ручным кіраваннем, а побач з кіроўцам замест пасажырскага крэсла — месца для інваліднай каляскі.

Намеснік генеральнага дырэктара па высокааўтаматызаваным электратранспарце Аляксандр БЯЛЕВІЧ адзначае, што вопыт стварэння айчыннага электрамабіля дае разуменне таго, як і дзе шукаць яго кампанентную базу на прадпрыемствах краіны. Напрыклад, электрабатарэі бяруцца на першай акумулятарнай кампаніі, рухавік — на магілёўскім заводзе электрарухавікоў, электроніка — на заводзе «Вымяральнік». Не заўсёды тое, што прыдумаюць навукоўцы, можна ўвасобіць у жыццё. Даводзіцца падладжвацца пад канкрэтнага вытворцу.

Унікальнасць нашага электракара ў тым, што такога ўзроўню лакалізацыі «электрычкі» больш няма ні ў каго на тэрыторыі ўсяго СНД. Напрыклад, электрапрывад у нашай машыны чыста беларускага вырабу. «У электроніцы выкарыстоўваюцца, у тым ліку, і замежныя мікрасхемы, але мы ведаем, дзе іх можна лёгка набыць або на якую дэталь замяніць», — тлумачыць Аляксандр Бялевіч.

Сёння ў беларускіх распрацоўшчыкаў дастаткова аб’ёмная кампетэнцыя па пошуку ўсіх вузлоў і дэталяў (высокай якасці) легкавай электрамашыны. Вядзецца пошук іх аналагаў, якія могуць вырабляць нашы заводы.

У кар’ер — без кіроўцы

Як паведаміў Аляксандр Бялевіч карэспандэнту «Звязды», вельмі вялікая ўвага сёння аддаецца беспілотнаму транспарту як новаму тэхналагічнаму кірунку. Таму ў нашай краіне цяпер напрацоўваюцца кампетэнцыі ў галіне тэхнічнага зроку, у галіне інфраструктуры, якая забяспечвае работу транспарту на закрытых тэхналагічных пляцоўках. Сёння падобнае адбываецца на кар’еры па здабычы карысных выкапняў БелАЗа. Тут арганізавана асобная пляцоўка, дзе адточваецца распрацоўка беспілотных тэхналогій. Налета плануецца гэтую беспілотную тэхналогію трансляваць на тэрыторыю Расіі ў рэальны кар’ер. Ужо цяпер ёсць зацікаўленыя кампаніі, якія купляюць такія беспілотныя самазвалы.

Другі кірунак выкарыстання беспілотнікаў датычыцца сельскай гаспадаркі. «Намі створаны эксперыментальны ўзор аўтаномнага трактара на базе „Беларус-3523“ з электрычнай трансмісіяй. Ён выконвае ўсе свае функцыі на „выдатна“, але ёсць адзін нюанс. Такая машына больш чым удвая даражэйшая за звычайны трактар. Кошт абсталявання яго супастаўны з коштам яшчэ аднаго жалезнага „каня“. А гэта для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нявыгадна. Мы знайшлі выйсце. Тэхнічныя напрацоўкі беспілотнай тэхнікі з яго далейшай адладкай было вырашана ажыццявіць на больш дарагіх машынах, на кар’ернай тэхніцы. А потым ужо зафіксаваныя тэхнічныя ноу-хау выкарыстоўваць для стварэння больш таннай сельгастэхнікі», — адзначыў Аляксандр Бялевіч.

Акрамя таго, спецыяльна для Цэнтральнага батанічнага саду (які размясціўся побач з інстытутам) створаны экскурсійны міні-аўтобус. Пакуль гэты аўтамабіль пілатаваны, але прадугледжвае функцыі беспілотнага транспарту. Дакладней, ён будзе рухацца аўтаномна, але дзеянні машыны — пад кантролем кіроўцы. Гэта робіцца для таго, каб падчас узнікнення пазаштатнай сітуацыі на месцы быў спецыяліст, які выправіць магчымую памылку.

Актыўна распрацоўваецца прымяненне беспілотных тэхналогій пры будаўніцтве аднатыпных шматсекцыйных будынкаў. Сюды ўваходзяць падрыхтоўка будпляцоўкі пад узвядзенне аб’екта і аўтаматычная зборка самой канструкцыі будынка. Узаемадзеянне розных робатаў менавіта на будпляцоўцы актыўна распрацоўваецца беларускімі спецыялістамі. У канчатковым выніку праз 5–10 гадоў на будоўлі людзей не будзе наогул. Складаны канструктар збяруць выключна робаты.

Няўжо мы будзем у гэтай галіне першымі? Адказаць адназначна на гэтае пытанне складана. «Нешта падобнае ўжо распрацоўваецца. Сёння існуюць робаты, якія вырабляюць цагляны мур. Часткова аўтаматызуюцца схемы будаўніцтва на адна-, максімум на двухпавярховых будынках. Робатаў, якія ўзводзяць буйныя шматпавярховыя дамы, сёння нідзе няма», — заўважыў спецыяліст.

Больш аператыўнымі тэмпамі будзе развівацца складская лагістыка. Ужо досыць хутка буйныя памяшканні, якія прызначаны для захоўвання і выдачы тавараў, застануцца практычна бязлюднымі. Электракары, якія сёння перавозяць на складах грузы, будуць дзейнічаць у аўтаномным рэжыме. Такі «канструктар» збіраць і разбіраць будзе значна прасцей, чым узводзіць шматкватэрныя дамы.

Перспектыўнае паліва

У нашай краіне на першым этапе — стварэнне стэнда, дзе будзе рэалізавана ідэя выкарыстання вадароду. Наступны этап — зборка (ужо налета) рэальнага легкавога аўтамабіля на гэтым перспектыўным паліве. Трэба разумець, што вадарод з’яўляецца больш «канцэнтраваным» гаручым. Гэта нашмат большы запас ходу з максімальнай магутнасцю руху. Дарэчы, вялікая магутнасць цягі вадароду выкарыстоўваецца айчыннымі вытворцамі кар’ерных самазвалаў. Але гэта чыста камерцыйныя распрацоўкі.

«Калі зазірнуць у будучыню, то па гарадскіх вуліцах будуць рухацца электракары або машыны з гібрыднымі рухавікамі», — лічыць Аляксандр Бялевіч. Легкавыя аўтамашыны на вадародзе хутчэй за ўсё прызначаныя на больш працяглую паездку на вялікія адлегласці. Такія машыны будуць перавозіць грузы і людзей паміж буйнымі гарадамі, рэгіёнамі і рознымі краінамі. Унутры пэўнага кластара або хаба, больш выгадным і мэтазгодным будзе выкарыстанне электрычных батарэй.

Цяпер у патэнцыяльных спажыўцоў вадароднага паліва ёсць пэўныя асцярогі, напрыклад, па тэхналогіі запраўкі. Як аказалася, гэтая працэдура вельмі падобная з запраўкай машыны газам. Напрыклад, у Кітаі кліенты проста бяруць шланг і запраўляюць сваё аўто. Так, там прадугледжаны спецыяльны раз’ём, праз які пад вялікім ціскам запампоўваецца вадарод. Гэта нашмат хутчэй зарадкі акумулятарных батарэй, але «заліванне» вадародам не такое хуткае, як у вадкага паліва. Напрыклад, запраўка вялікага грузавога аўтамабіля вадародам адбываецца за 10–15 хвілін.

Па ўзроўні шуму вадародныя машыны падобныя на электракары, таму што там няма дадатковых механізмаў. Прысутнічае электрахімічны генератар, калі на хімічным узроўні з вадароду здабываецца электрычнасць. «У простага абывацеля ўзнікаюць пытанні, звязаныя з бяспекай такога транспарту. Але сучасныя тэхналогіі дазваляюць рабіць гэта на высокім узроўні абсалютна беспраблемна. Паступова такія тэхналогіі прыйдуць і да нас, і мы іх асвоім», — лічыць эксперт.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю