Top.Mail.Ru

Гісторыя чалавека, які нарадзіўся ў Расіі, але знайшоў дом у Беларусі

Радзіма — гэта не проста краіна.


Спецыяліст кірунку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці Аляксандр КАВУН — выхадзец з ваеннай дынастыі, якую прадоўжыў і яго сын. Жыццёвы шлях майго суразмоўцы цікавы, поўны пераездаў. Нязменным заставалася толькі адно — бязмежная адданасць сваёй справе.

«Дзядуля — мой прыклад»

Маленькі Саша заўсёды браў прыклад са свайго дзядулі. Ён быў моцны, негаваркі, але вельмі добры. Вялікая Айчынная вайна пакінула ў яго сэрцы раны, якія адгукаліся болем. Фёдар Дарахцееў нарадзіўся ва Украіне, да вайны служыў у Чырвонай арміі, атрымаў званне сяржанта і ваенную спецыяльнасць — начальніка радыёстанцыі. Ён прайшоў франтавымі дарогамі праз мноства баёў і бітваў, у пачатку вайны аказаўся ў палоне, але пасля вызвалення зноў вярнуўся на фронт. Служыў у 78-й гвардзейскай стралковай Вісленскай дывізіі і ўдзельнічаў у Берлінскай наступальнай аперацыі. Перамогу сустрэў у чэшскай сталіцы. За заслугі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За Адвагу» і «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў».

«А мой бацька праслужыў у арміі 28 гадоў, маці — 15. Першай па слядах родных пайшла старэйшая сястра, яна стала ваенным медыкам, яе муж таксама ваеннаслужачы. Але, вядома, усё пачалося з дзядулі. Калі я падрос, пачаў усведамляць, што такое вайна, распытваў дзеда пра яго баявы шлях. Але больш ён расказваў пра гэта свайму зяцю — майму бацьку. Пасталеўшы, я цалкам адсачыў баявы шлях дзядулі па архіўных дакументах. І ён заўсёды рваўся ў бой, нягледзячы ні на што, забяспечваў сувязь у любых умовах», — расказаў суразмоўца.

«Салдат навучыў мяне чытаць»

Аляксандр Кавун кажа, што, колькі сябе памятае, столькі і цікавіцца ваеннай справай. Ён з цяплом успамінае, як бываў у бацькі і маці на службе: «Гэта цяпер дэкрэтны водпуск 3 гады, а тады ён быў... ці то паўгода, ці то зусім 3 месяцы. Дамаўляліся з бабулямі, суседкамі. А бывала так, што ніхто не мог пасядзець са мною, і бралі на службу. Нярэдка са мной заставаліся салдаты, адзін з іх быў з педагагічнай адукацыяй, дык ён мяне чытаць навучыў. Заўсёды глядзеў на бацьку з захапленнем, калі бачыў яго ў форме. Ён шмат расказваў пра службу, і мне было ўсё-ўсё цікава. Хоць ён першапачаткова жадаў быць ветэрынарным урачом, адвучыўся ў тэхнікуме. А ў 1951-м яго прызвалі на тэрміновую службу, якая тады доўжылася 5 гадоў. Праз год службы накіравалі ў Яраслаўскае зенітна-ракетнае каманднае вучылішча. Бацька заўсёды казаў: ні разу не пашкадаваў, што яго шлях быў звязаны з арміяй. З мамай, як тады часта бывала, яны пазнаёміліся на танцах. Здарылася каханне, пажаніліся, натуральна, маці пераехала да бацькі, уладкавалася працаваць у машынапіснае бюро. Камп’ютараў не было, усе дакументы набіраліся на друкавальных машынках».

Сястра майго суразмоўцы скончыла медыцынскае вучылішча і па размеркаванні трапіла ў тую вайсковую часць пад Масквой, у якой працавалі іх бацькі. Там жа яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які быў камандзірам роты ў сяржанцкай школе. Яны ажаніліся, служылі і гадавалі дзяцей.

Іншых варыянтаў не было

Аляксандр Кавун адзначыў, што ніякіх іншых варыянтаў, акрамя арміі, не разглядаў, хаця выбар быў. Мог пайсці ў сельскагаспадарчую сферу ці стаць хімікам, здольнасці меліся сур’ёзныя. «У нас у школе была вельмі моцная настаўніца хіміі. Яна арганізавала хімічнае таварыства, якое курыраваў Маскоўскі хіміка-тэхналагічны інстытут. І калі быў у 10 класе, да нас прыязджаў рэктар і прапаноўваў навучанне, паступленне без іспытаў. Але цвёрда вырашыў быць ваеннаслужачым. Праўда, я хацеў стаць лётчыкам, але не прайшоў па здароўі. Таму вырашыў пайсці па шляху бацькі і паступіў у тое ж вучылішча, што і ён», — паведаміў Аляксандр.

Магчыма, у вас, чытачоў, узнікла пытанне: у які перыяд жыцця Аляксандр Кавун аказаўся ў Беларусі? А адбылося гэта пасля заканчэння вучылішча. Вучыўся ён вельмі добра, і яму прапанавалі служыць у Беларусі. «Я быў не супраць, але сказаў, што, калі з Беларуссю не атрымаецца, хачу на Поўнач. Дакладнага месца размеркавання ніхто з нас не ведаў да самага апошняга моманту. Гэта трымалася ў сакрэце. Мяне накіравалі ў Мінск і там — на пасаду камандзіра ўзвода ў 115-ю зенітна-ракетную брыгаду ў Брэсцкай вобласці. І першае маё месца службы было ў пасёлку Відамля», — успамінае ён.

«Жонка заўсёды была са мной»

Аляксандр меў магчымасць вярнуцца на радзіму, але вырашыў застацца ў Беларусі. Пасля Брэста пайшоў на павышэнне, служыў пад Гроднам, дзе і стварыў сям’ю, тут жа нарадзіўся яго першынец. Як маладой сям’і ім далі двухпакаёвую кватэру. Так пара Кавун жыла да 1991 года, потым Аляксандра накіравалі служыць на Поўнач. «Я ж хацеў калісьці, — усміхаючыся, кажа ён. — Служыў на Кольскім паўвостраве з 1991 да 1995 года. Вядома, паехалі ўсёй сям’ёй. Кватэру я забраніраваў на той выпадак, калі вырашу вярнуцца. І калі служба на Поўначы скончылася, мы з жонкай сталі думаць: заставацца ў Расіі ці вярнуцца ў Беларусь. Рашэнне прынялі на карысць Сінявокай. І ні разу не пашкадавалі. Краіна прыняла як родных. Ужо большая частка майго жыцця прайшла тут. Гэта мой дом».

Жонка Аляксандра, Галіна, заўсёды ішла за ім. У яе ніколі пытанняў не ўзнікала: ехаць ці не. Быў толькі адзін невялікі перапынак, калі яны не жылі разам. На Поўнач мой суразмоўца спачатку паехаў адзін, каб вырашыць пытанні з жыллём. Старэйшаму сыну — два з паловай гады. Калі ўсё было гатова да прыезду сям’і, жонка і дзеці прыехалі да Аляксандра. «На Поўначы мы мянялі месца жыхарства тры разы, і жонка заўсёды са мной. Вядома, для яе было шмат нязручнасцяў, але мы жылі вельмі дружна і падтрымлівалі адно аднаго. Ды і прырода неверагоднай прыгажосці, вельмі добрыя людзі жылі побач з намі», — адзначыў суразмоўца.

Усё ў руках маладых

У ваенным камісарыяце актыўна займаюцца ўвекавечаннем памяці абаронцаў Радзімы. Адным з прыярытэтных кірункаў з’яўляецца пошук без вестак зніклых салдат. Да гэтай важнай задачы прыцягваюць моладзь, расказваючы пра подзвігі нашых продкаў і пра тое, як важна захоўваць памяць. «Радзіма — гэта больш, чым краіна. Гэта твае блізкія, сям’я, дзеці, жонка. Гэта аб’ёмнае паняцце. Таму, вядома, адчуваю пачуццё патрыятызму да Беларусі. На мой погляд, любы мужчына павінен умець бараніць Радзіму. Я сваіх дзяцей навучыў думаць такім жа чынам. Цяпер вучу ў цэлым маладое пакаленне. Гэта вялікі пласт маёй работы. Бо ўсё ў руках маладых», — разважае Аляксандр.

Работа з моладдзю ў камісарыяце пачынаецца з вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дзецям расказваюць пра тое, як шукаць астанкі загінулых, тлумачаць, што такое вайна, яе жахі і наступствы. Паступова яны пачынаюць разумець, наколькі важна памятаць і шанаваць тых, хто аддаў сваё жыццё на крывавых палях вайны. «Калі мы знаходзім астанкі салдата, стараемся як мага больш даведацца пра яго жыццё. Вывучаем архіўныя дакументы, каб зразумець, кім быў гэты чалавек, як ён аказаўся на фронце і як загінуў. Мы расказваем пра гэта дзецям, каб яны маглі ўбачыць, што за кожным знойдзеным загінулым стаіць рэальная гісторыя чалавека, які хацеў жыць, але аддаў сваё жыццё за Радзіму», — падзяліўся суразмоўца.

У камісарыяце гэтую работу будуць працягваць, бо гэта абавязак перад тымі, хто змагаўся за нашы свабоду і незалежнасць. Важна, каб памяць пра іх жыла ў сэрцах дзяцей і ўнукаў, каб яны заўсёды памяталі пра тое, што такое сапраўдная любоў да Радзімы і гатоўнасць яе абараняць.

Дзеці самі зрабілі выбар

У Аляксандра і Галіны нарадзіліся двое сыноў. Абодва служылі на тэрміновай службе. Старэйшы, Аляксей, вырашыў працягнуць справу бацькі і пайшоў па яго шляху. Хаця таксама былі іншыя варыянты, але рашэнне аказалася цвёрдае. Паступіў у Ваенную акадэмію на пагранічны факультэт. «Я ніяк не ўплываў на рашэнні сыноў адносна іх будучай прафесіі. Дзеці павінны самі абраць, чым займацца па жыцці, — падкрэслівае Аляксандр. — Калі старэйшы сын сказаў, што хоча быць ваеннаслужачым, я проста пагаварыў з ім аб цяжкасцях прафесіі і спытаў, ці сапраўды ён гатовы да іх. Ён сказаў, што гатовы. Усё, далей я толькі падтрымліваў. Малодшы выбраў для сябе іншую сферу, у чым я яго таксама цалкам падтрымаў. Бо заўсёды памятаю словы дзядулі. Ён казаў, што, калі ідзеш на працу ці службу з задавальненнем, значыць, ты на сваім месцы. А калі будзеш ісці як на катаргу, дык навошта табе такая работа?»

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіва Аляксандра Кавуна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю