Унікальны прадмет прадстаўлены ў экспазіцыйнай зале № 4 музея, прысвечанай абарончым баям на тэрыторыі Беларусі. Нікога не пакіне абыякавай салдацкая біклажка, унутр якой уціснутая чалавечая костка. Экспанат з’яўляецца своеасаблівым сімвалам музея, вялікай трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Прадмет быў знойдзены ў 1992 годзе байцамі пошукавага атрада «Бацькаўшчына» каля вёскі Азярніца Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. У гэтым месцы летам 1941 года трапіла ў акружэнне 10-я армія Заходняга фронту. Што адбывалася ў так званым беластоцка-слонімскім катле, можна ўявіць, гледзячы на гэты прадмет. Мяркуецца, што баец быў раздушаны варожай тэхнікай. Экспанат прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі, пачынаючы з 1995 года.
«Кожны наведвальнік звяртае ўвагу на тое, як аформлена гэта частка экспазіцыі, — расказвае загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Кацярына КАТЛОЎСКАЯ. — Апаленыя вайной дошкі — сімвал разбураных гарадоў і сельскіх населеных пунктаў. На заднім плане — пашкоджаныя агнём фотаздымкі воінаў. Тыя, хто адлюстраваны на іх, лічацца зніклымі без вестак. Гэта толькі маленькая частка савецкіх ваеннаслужачых, якія беззваротна зніклі ў далёкім 1941 годзе».
Толькі на Слонімшчыне ў першыя дні вайны загінула каля 60 тысяч чырвонаармейцаў. Па інфармацыі пошукавага атрада «Бацькаўшчына», каля 5,5 тысячы байцоў пахаваны ў брацкіх магілах, імёны большасці з іх невядомыя. Удзельнікі грамадскага аб’яднання ўносяць вялікі ўклад у справу захавання памяці: падымаюць астанкі ваеннаслужачых, устанаўліваюць іх імёны, з ушанаваннямі перазахоўваюць у брацкія магілы. Гэтаму папярэднічае вялікая работа з архіўнымі дакументамі, фотаздымкамі.
Паміж Белдзяржмузеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам, пошукавымі атрадамі краіны наладжана шчыльнае ўзаемадзеянне: найбольш каштоўныя рэчы таго часу папаўняюць фондавыя запасы, прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі. Нягледзячы на тое, што пасля вайны прайшло шмат часу, прыносяць у музей экспанаты і звычайныя грамадзяне.
«Штогод у музей паступае звыш тысячы новых музейных прадметаў: пачынаючы ад пісьмаў, узнагарод і заканчваючы прадметамі ваеннай археалогіі, — адзначае Кацярына Катлоўская. — Вядома, кожны прадмет праходзіць экспертызу. Калі яна пройдзена, ствараецца пашпарт экспаната, ён бярэцца на ўлік. Прымаюцца музеем і прадметы пасляваеннага часу, якія адлюстроўваюць складаны аднаўленчы перыяд. Для нас каштоўны кожны экспанат».
Калектыў Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мае традыцыю — кожнае 22 чэрвеня праводзіць каля біклажкі з уціснутай косткай мерапрыемства, прысвечанае самаму страшнаму дню ў годзе. Супрацоўнікі пераўвасабляюцца ў гарадскіх жыхароў, франтавікоў і ўзнаўляюць падзеі пачатку Вялікай Айчыннай. Каля гэтага экспаната, які сімвалізуе пакуты і боль беларускага народа ў гады акупацыі, запальваецца свечка ў памяць аб усіх тых, хто не дачакаўся Перамогі.
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА