У пашыранай калегіі Міністэрства, якая прайшла з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Юрыя ШУЛЕЙКІ, прынялі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў міністэрства, дырэктары профільных арганізацый, а таксама старшыні камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні ўсіх абласцей краіны.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ нагадаў, што верасень — гэта вынік бягучага года і адначасова пачатак наступнага. «Тут вырашаецца ўсё: колькі мы захаваем, як падрыхтуем глебу, як забяспечым пасяўную. Працаваць трэба з максімальнай эфектыўнасцю, не расслабляцца ні на хвіліну», — адзначыў Юрый Горлаў.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля ШАЎЦОВА адзначыла, што за восем месяцаў гэтага года сельскагаспадарчыя арганізацыі і сялянскія (фермерскія) гаспадаркі забяспечылі вытворчасць валавай прадукцыі на ўзроўні 102,3 % да аналагічнага перыяду 2024-га, пры гэтым раслінаводства — 102,7 %, жывёлагадоўлі — 102,1 %. «Гэта сведчыць аб сістэмнай рабоце, але не дае права на самазаспакаенне. Задачы да канца года застаюцца амбіцыйнымі і патрабуюць мабілізацыі ўсіх рэсурсаў», — дадала намеснік міністра.
У перапрацоўчай прамысловасці прааналізавалі паказчыкі за паўгоддзе. Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці склаў 103,2 % пры планавым заданні 101,8 %. З задачай справіліся ўсе рэгіёны. Таксама адзначаецца рост вытворчасці ва ўсіх асноўных перапрацоўчых галінах: у вытворчасці малочных прадуктаў — 105,9 %, мяса і мясапрадуктаў — 102,5 %, мукамольна-крупяных прадуктаў — 102,5 %, хлебабулачных, макаронных і мучных кандытарскіх вырабаў — 104,9 %.
Рэнтабельнасць у прамысловасці за І паўгоддзе дасягнула 9 %, што вышэй за ўстаноўлены парог 6,3 %. З заданнем справіліся ўсе рэгіёны краіны.
Развіццё ўнутранага рынку суправаджаецца і актыўнымі пастаўкамі на экспарт: за студзень-чэрвень тэмп росту экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны склаў 112,9 % да ўзроўню мінулага года пры заданні 104 %, за сем месяцаў — 113,7 %.
Экспартныя пастаўкі ажыццяўляліся ў 104 краіны, асвоены новыя знешнія рынкі. Адзначаны рост экспарту ў краіны далёкага замежжа на 14,3 % за шэсць месяцаў. У той жа час на калегіі звярнулі ўвагу, што задачы па павелічэнні экспарту перад галіной стаяць сур’ёзныя, узмацніць работу ў гэтым напрамку трэба ўсім.
Таксама ў ліку задач — навядзенне парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах, нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці свініны за кошт камплектавання і запуску магутнасцей у комплексах, забеспячэнне назапашвання мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу 2026 года, строгае выкананне тэрмінаў і тэхналогіі сяўбы азімых культур і закладкі пладовых садоў, дакладныя алгарытмы дзеянняў пры ўборцы гародніны.
Нягледзячы на станоўчую дынаміку падкрэслена неабходнасць далейшага ўзмацнення дысцыпліны і адказнасці на ўсіх узроўнях. «У аснове ўсяго — дакладна выбудаваная работа на месцах, вертыкаль кіравання і персанальная адказнасць за вынік, — адзначыў Юрый Шулейка. — Вольнасцяў у інтэрпрэтацыі тэхналагічных рэгламентаў быць не павінна. У нас няма права на памылку, асабліва цяпер, калі закладваем ураджай будучага года. Неабходна ўзмацніцца ва ўсіх напрамках».
Па выніках калегіі ўсім абласным камітэтам і арганізацыям Мінсельгасхарча дадзены даручэнні па аператыўным рэагаванні на любыя сітуацыі, недапушчэнні страт і дасягненні ўсіх ключавых паказчыкаў да канца года. Асаблівая ўвага — захаванасці жывёлы, тэхналагічнай дысцыпліне ў жывёлагадоўлі і якаснай падрыхтоўцы да пасяўной кампаніі 2026 года.
Па матэрыялах БелТА
Фота sb.by.