Па ўсёй краіне падводзяць вынікі ў сельскагаспадарчай сферы, рэгіёны святкуюць «Дажынкі», але пакуль расслабляцца рана. Працягваюцца нарыхтоўка кармоў і сяўба, ідзе ўборка агародніны. Нягледзячы на нестабільнае надвор’е, аграпрамысловы комплекс не пацярпеў моцных страт, а недзе і нарасціў паказчыкі ў параўнанні з мінулым годам. Так атрымалася ў Зэльвенскім раёне. Уласны карэспандэнт «Звязды» даведалася, з якімі вынікамі падышоў раён да восені, а таксама пабывала на ўборцы бульбы.
Павысілі паказчыкі
Зэльвенскі раён сустрэў сардэчна, парадаваў прыгажосцю і дагледжанасцю. Экскурсію па сельскагаспадарчых угоддзях правёў першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Сыско. Ён адзначыў, што асабліва радуе вынік па ўборцы збожжавых. Без уліку кукурузы трэба было ўбраць амаль 16 тысяч га, валавы збор склаў больш за 91 тысячу тон, сярэдняя ўраджайнасць у рэгіёне — 57,1 цэнтнера з гектара. Валавы збор збожжавых аказаўся вышэйшы, чым летась, на 10 тысяч тон. Яравыя збожжавыя паказалі сябе асабліва добра.
— Пачалася ўборка кукурузы на сілас і зерне. З-за ўмоў надвор’я ўсе работы стартавалі пазней, чым звычайна, але гаспадаркі актыўна ўключыліся ў працэс. Пад кукурузу аддадзена каля 6 тысяч гектараў зямлі. Таксама прыступілі да ўборкі цукровых буракоў. На гэты момант убрана
32 % плошчаў, накапана 27 138 тон. Адзінае, па чым не дацягнулі, — рапс. Ён мацней за ўсё пацярпеў ад замаразкаў, і ў параўнанні з мінулым годам не дабралі каля 5 тысяч тон ураджаю.
Бульба выдатная!
Асаблівая ўвага — уборцы бульбы. Найбольш буйныя плошчы пад гэту культуру аддадзены ў КСУП «Галынка» — 55 гектараў, КСУП «Барадзічы» — 45, і ФГ «Даліна смаку» — 110 гектараў. Уборка ідзе добрымі тэмпамі, бульба выкапана на плошчы 77 гектараў.
Адправіліся на палі КСУП «Галынка», каб убачыць, як ідзе праца. Тут удзяляюць асаблівую ўвагу прымяненню сучасных тэхналогій у сельскай гаспадарцы. Вырошчваюць бульбу замежных і айчынных сартоў — «Каралева Ганна», «Гала», «Скарб» і новы сорт «Вектар».
Як расказаў дырэктар гаспадаркі Яўген Грэцкі, строга выконваецца тэхналогія вырошчвання. Вясной уносяцца арганічныя і фосфарна-калійныя ўгнаенні. Ранняй вясной наразаюцца разоры для выгравання глебы, а пасля дасягнення аптымальнай тэмпературы садзяць бульбу. Перад гэтым насенне апрацоўваецца, дадаецца комплекс мікраэлементаў і ўносіцца азотнае ўгнаенне.
— Падчас вегетацыі праводзяцца чатыры апрацоўкі для абароны ад хвароб з выкарыстаннем прэпаратаў і сістэмных кантактных сродкаў. Перад змыканнем бацвіння праводзіцца падкорм азотнымі ўгнаеннямі, — дзеліцца сакрэтамі поспеху кіраўнік гаспадаркі. — Калі строга прытрымлівацца тэхналогіі і нічога не ўпускаць, увосень атрымліваем на выхадзе добры ўраджай, які без праблем захаваецца.
Капаюць бульбу камбайнамі. Адзін убірае да 2 гектараў за дзень, што значна хутчэй, чым пры ручной уборцы. Ад яе на Зэльвеншчыне адмовіліся ўжо даўно. Але, вядома, без зоркага чалавечага вока ніяк нельга. На камбайне працуюць 4 чалавекі, якія сартуюць бульбу, убіраюць камяні.
А за рулём механізатар Сяргей Качук, ён мясцовы, родам з Зэльвенскага раёна. У гаспадарцы працуе з 1998 года, за гэты час яна не раз мяняла назву, але адно заставалася нязменным — адказнае і трапяткое стаўленне да прафесіі.
— На бульбаўборачным камбайне працую ўжо 13-ы сезон. Колькі сябе памятаю, мне заўсёды падабалася тэхніка. Бацька шафёрам працаваў, але вось мне больш трактар падабаўся. Не магу сказаць, што ў працы нешта па-асабліваму падабаецца. Да ўсяго ляжыць душа. У іншай сферы я сябе ніколі не бачыў, ды і ўмовы працы выдатныя, можна спакойна рабіць, — падзяліўся Сяргей Качук.
Дроны для своечасовай апрацоўкі палёў
Пасля ўборкі бульба адразу паступае ў сховішча з пастаяннай тэмпературай +5 градусаў. Выкарыстоўваецца сістэма актыўнага вентылявання для забеспячэння аптымальных умоў захоўвання. Акрамя вырошчвання бульбы, гаспадарка займаецца апрацоўкай іншых культур — цукровых буракоў, збожжавых. Асаблівая ўвага — падрыхтоўцы палёў увосень, унясенню арганікі. Падчас вегетацыі праводзяцца сучасныя падкормкі, хімпраполка і апрацоўкі ад хвароб і шкоднікаў.
— Мы выкарыстоўваем дроны для своечасовай апрацоўкі палёў. Гэтыя прылады дапамагаюць сачыць за станам пасеваў і ўносіць угнаенні, напрыклад, пры апрацоўцы азімага рапсу. Да гэтай тэхналогіі звяртаемся, калі ўмовы надвор’я перашкодзілі ўкласціся ў графік. Дроны дапамагаюць усё зрабіць своечасова. Ужыванне сучасных тэхналогій і строгае выкананне тэхналогій апрацоўкі дазваляюць атрымліваць добрыя ўраджаі і забяспечваць высокую якасць прадукцыі, — патлумачыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства.
Сельгасработы ў Зэльвенскім раёне працягваюцца, і наперадзе яшчэ шмат задач. Але ўжо цяпер можна сказаць, што раён падыходзіць да фінішу палявых работ з добрымі вынікамі і перспектывамі для далейшага развіцця.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Зэльвенскі раён