Top.Mail.Ru

«Кіраўнікам трох славянскіх дзяржаў трэба сесці і дамовіцца»

26.09.2025 | 19:30
Інсайды і заявы ад Прэзідэнта Беларусі

Перагаворы Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Крамлі працягваліся 5 гадзін 22 хвіліны. Некаторыя падрабязнасці размовы Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам. Прэзідэнт Беларусі нічога не хаваў ад прадстаўнікоў СМІ, якія скарысталіся магчымасцю задаць яму некалькі пытанняў. 

Журналісты заўважылі, што перагаворы з расійскім калегам працягваліся доўга. 

«Рэдка сустракаемся. Колькі часу прайшло, не бачылі адзін аднаго», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што яны абмяркоўвалі і міжнародную абстаноўку, і рэгіянальную сітуацыю, якая складваецца. «Вы ж ведаеце, агульная наша бяда і праблема — Украіна. Шмат аб гэтым казалі. — раскрыў інсайды кіраўнік дзяржавы. — І вось скончылі двухбаковымі адносінамі, пытаннямі па нафце, па газу. Па нафце мы дамовіліся, у нас сур’ёзныя дамоўленасці, праблем ніякіх няма. Па газу выйшлі на дамоўленасці. Я думаю, пасля гэтай размовы мы дашліфуем гэтыя пытанні, ужо на пяцігодку практычна. Вось у чым было пытанне — не на адзін год, а на пяцігодку». 

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што гаварылі і аб агульным рынку, і аб яго абароне, мерах, якія трэба прымаць, каб даць магчымасць працаваць нашым таваравытворцам. «Мы калі сустракаемся,— там маса пытанняў», — прызнаўся беларускі лідар. 

«За зэканомленыя сродкі можам цэлы энергаблок пабудаваць»

Падымалася і пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі ў Беларусі. 

«Мы зэканомілі прыстойна сродкаў на першай АЭС. Мы можам цэлы энергаблок за гэтыя зэканомленыя сродкі першага крэдыту пабудаваць», — адзначыў Прэзідэнт. Ён прызнаўся, што ёсць пэўныя асабістыя сумненні, ці будаваць трэці блок пры станцыі ў Астраўцы, ці размясціць яго на ўсходзе краіны. Спецыялісты і ўрад прапаноўваюць будаваць трэці блок побач са станцыяй, гэта будзе танней. «А з іншага боку, ведаеце, калі будуецца такі аб’ект, гэта дае развіццё цэламу рэгіёну. У мяне ёсць такія лёгкія ваганні, мы можам і там, і там будаваць. Думаю, мы вызначымся ў бліжэйшы час», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. Адпаведныя даручэнні ўжо дадзеныя прэзідэнтамі ўрадам дзвюх краін — разам з «Расатамам» яны ўрэгулююць дэталі. «Калі не ўзнікне непераадольных абставінаў, мы будзем будаваць трэці блок або новую атамную станцыю», — падсумаваў Прэзідэнт. 

«Мне ёсць яму што сказаць»

Журналісты папрасілі Прэзідэнта пракаментаваць заявы кіраўніцтва Украіны наконт пагроз ударыць па Крамлі. 

«Гаварыць, заяўляць можна ўсё. А калі Крэмль ударыць па Банкавай (вуліца ў Кіеве, дзе размешчаны ўкраінскія органы ўлады — Зв.), што там застанецца? Таму Уладзіміру Аляксандравічу (Зяленскаму. — Зв.) трэба супакоіцца. Ёсць на стале добрыя прапановы. Мы з Прэзідэнтам Пуціным абмяркоўвалі. Я не стану пра іх казаць, Прэзідэнт сам скажа. Добрыя прапановы. Прапановы па Украіне, якія на Алясцы ў тым ліку былі пачутыя Дональдам Трампам, вывезеныя ў Вашынгтон для таго, каб падумаць і абмеркаваць. Вельмі добрыя прапановы. Калі ўкраінцы не пойдуць на гэтыя прапановы, гэта будзе тое, што было ў пачатку СВА. Гэта будзе яшчэ горш. Яны страцяць Украіну», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, варта было спыніцца яшчэ тады, у пачатку, тады б увесь усход быў украінскі, акрамя Крыма. 

«Не, не спыніліся. Страцілі ўсход. Зараз не спыняцца (на маю думку, чалавека, які моцна паглыблены ў гэтую сітуацыю) — яны страцяць усю Украіну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар паведаміў, што разам з Уладзімірам Пуціным заслухаў даклад Генеральнага штаба Узброеных Сіл РФ, гэта быў селектар. «Уладзімір Уладзіміравіч нічога не хавае ад мяне, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — На ўсіх франтах, і асабліва на некаторых участках (я асабіста назіраю за гэтымі ўчасткамі) расіяне практычна захапілі буйныя населеныя пункты. Я так гляджу, чыста геаграфічна: а што далей? А далей ужо расійскую армію цяжка будзе спыніць. Таму, каб не страціць усю Украіну, Уладзімір Аляксандравіч павінен не проста размаўляць, а пагадзіцца на выгадныя для яго ўмовы, якія былі адобраныя амерыканцамі. Яны ўзялі паўзу, каб падумаць, расіяне пагадзіліся». 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы проста пагаварыць з Уладзімірам Зяленскім. «У мяне ёсць, што яму сказаць. Думаю, настаў той час, калі мы павінны ўступіць у кансультацыі. У пачатку СВА казаў: нам, кіраўнікам трох славянскіх дзяржаў трэба сесці і дамовіцца. Дамовіцца аб заканчэнні гэтай незразумелай вайны. Трэба дамовіцца. Не дамовімся — будзе дрэнна ўсім», — заявіў беларускі лідар. 

«Тое, што заяўляе Трамп, трэба разумець»

Журналісты ўдакладнілі, ці захоўваецца настроенасць Дональда Трампа на ўрэгуляванне ўкраінскага канфлікту. 

«У Трампа такая тактыка: націснуць — адступіць, адступіць — націснуць, недзе напралом пайсці. Бунтар. У самым добрым сэнсе слова. Я сам мала адрозніваюся ад Трампа ў гэтым плане і сябе называю трампістам. Уладзімір Уладзіміравіч паважае Трампа, з павагай да яго ставіцца не меншай чым я», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што зараз у Трампа вельмі няпростая сітуацыя, нядаўна застрэлілі яго адданага прыхільніка. «Ён прыняў гэты сігнал і рэагуе адпаведным чынам. Таму тое, што заяўляе Трамп, трэба разумець. Усебакова трэба разумець. І не трэба на яго кідацца пасля любой заявы: „папяровы тыгр“ ці яшчэ нешта. Не трэба», — параіў Прэзідэнт. Ён расказаў, што пахваліў «старэйшага брата» за спакойныя, узважаныя дзеянні ў адносінах з амерыканцамі. «Час усё расставіць на свае месцы. Блізкі час. Яшчэ раз кажу, што Трамп заняў вельмі добрую пазіцыю, прыстойную. — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае ў знешняй палітыцы — мір, мір, мір».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю