На Гродзеншчыне ў рамках пасяджэння аблвыканкама абмеркавалі выкананне праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2021–2025 гады». Вынікі паўгоддзя паказалі, што ёсць нагоды для радасці і гонару. Але разам з тым ёсць праблемныя моманты, якія патрабуюць сур’ёзнага комплекснага падыходу. Аб падрабязнасцях журналістам расказала начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда.
У першую чаргу Людміла Кеда звярнула ўвагу на значнае зніжэнне смяротнасці немаўлят, яна склала 1,3 праміле пры мэтавым паказчыку 3,0. Гэта найменшы вынік за апошнія гады і адзін з найлепшых у краіне. Таксама павялічылася колькасць шматдзетных сем’яў і знізілася колькасць абортаў. Сёння ў рэгіёне 12 172 шматдзетныя сем’і выхоўваюць траіх дзяцей, 1 921 — чацвярых, 667 — пяцярых і болей. Самыя вялікія сем’і, у якіх выхоўваецца 11 дзяцей, пражываюць у Ваўкавыскім і Лідскім раёнах, 10 дзяцей — у Іўеўскім, Лідскім, Навагрудскім і Свіслацкім раёнах. Але разам з гэтым ёсць нагоды для турботы.
— На жаль, адбыўся значны рост дзіцячай смяротнасці з-за знешніх прычын. Гэта 44 % ад усіх смерцяў. У параўнанні з мінулым годам павелічэнне каласальнае, — расказала Людміла Кеда. — Сітуацыя патрабуе цеснага міжведамаснага ўзаемадзеяння, каб урэгуляваць гэтую праблему. Найбольшая колькасць дзяцей загінула ў ДТЗ. Летась такіх выпадкаў не было, сёлета — 4.
Вядома, станоўчых тэндэнцый значна больш. Сістэма аховы здароўя нарошчвае матэрыяльна-тэхнічную базу, рыхтуюцца да адкрыцця новыя аб’екты. Шэраг ужо ўвялі ў эксплуатацыю. У 2025 годзе
запрацавалі новы інфекцыйны корпус у Слонімскай ЦРБ, дзіцячая паліклініка ў Ваўкавыску. Будынкі хуткай медыцынскай дапамогі пачалі работу пасля капітальнага рамонту ў Лідзе, былі адрамантаваны інфекцыйнае аддзяленне Шчучынскай ЦРБ і адміністрацыйныя памяшканні Дзятлаўскай ЦРБ. У Гродне адкрыты дзве новыя амбулаторыі. Чакаецца пастаўка чатырох камп’ютарных тамографаў і трох магнітна-рэзанансных.
У Гродзенскай вобласці актыўна развіваецца сістэма аказання медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву. Сёння функцыянуе 110 амбулаторый урача агульнай практыкі, 197 стацыянарных і
15 перасоўных фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
— За апошнія гады значна павялічылася колькасць мабільных ФАПаў, і цяпер практычна ўсе раёны вобласці забяспечаны імі. Сёлета чакаецца пастаўка яшчэ 9 такіх пунктаў, што дазволіць абсталяваць усе раёны ў поўным аб’ёме. У некаторых рэгіёнах, дзе ёсць неабходнасць, плануецца дадаць па адным комплексе. Гэта забяспечыць яшчэ большую даступнасць медыцынскай дапамогі для насельніцтва.
Адмысловая ўвага надаецца выязным формам працы. На перасоўных пунктах, акрамя фельчараў, выязджаюць урачы і мультыдысцыплінарныя брыгады. Напрыклад, падчас уборачнай кампаніі было арганізавана больш за 300 выездаў для агляду работнікаў сельскагаспадарчай сферы.
Для рашэння задачы, пастаўленай Прэзідэнтам, па аказанні якаснай медыцынскай дапамогі ўсім грамадзянам, і былі створаны міжраённыя цэнтры. Стварэнне такіх цэнтраў і функцыянаванне рознаўзроўневай сістэмы аказання дапамогі даюць магчымасць накіраваць пацыента на той узровень, дзе ён атрымае максімальна якасную дапамогу. Гэта забяспечвае даступнасць і аднолькавыя магчымасці для атрымання медыцынскай дапамогі як сельскаму, так і гарадскому насельніцтву.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ