Top.Mail.Ru

Узмоцнены меры кантролю за эфектыўнасцю замежных камандзіровак

Не так даўно Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 347 «Аб службовых камандзіроўках за мяжу». Дакумент накіраваны на дасягненне максімальнага эканамічнага эфекту ад службовых камандзіровак за мяжу работнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый.


Прыярытэтным заданнем для камандзіруемага за мяжу кіраўніка або яго намесніка надалей стане рашэнне стратэгічна важных эканамічных задач, якія вызначае Прэзідыум Савета Міністраў. У іх ліку задачы па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту, забеспячэнні імпартазамяшчэння і энергетычнай бяспекі. Канкрэтныя задачы на падставе пераліку, які фарміруецца і пераглядаецца на рэгулярнай аснове Прэзідыумам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца службовай асобай, якая прымае рашэнне аб накіраванні ў камандзіроўку.

Менавіта гэты пункт указа ўступае ў сілу з першых дзён наступнага года.

Акрамя таго, узмоцнены меры кантролю за эфектыўнасцю замежных камандзіровак, павышаецца адказнасць кіраўнікоў за парушэнне патрабаванняў пры прыняцці рашэнняў аб камандзіраванні. Удакладнены таксама парадак накіравання ў камандзіроўкі і іх дакументальнага афармлення.

Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал размясціў у сябе на рэсурсе Палажэнне аб службовых камандзіроўках за мяжу. У гэтым дакуменце гаворыцца, што «дзяржаўныя органы (дзяржаўныя арганізацыі) пры разглядзе пытання аб накіраванні работніка ў камандзіроўку абавязаны папярэдне прапрацаваць магчымасць дасягнення мэт камандзіроўкі сіламі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь у рамках ажыццяўлення імі сваіх функцый». А працягласць камандзіроўкі не павінна перавышаць двух каляндарных дзён (без уліку часу на праезд да месца камандзіравання і назад), калі іншае не ўстаноўлена гэтым Палажэннем.

Колькасць работнікаў дзяржаўнай арганізацыі, якіх накіроўваюць у камандзіроўку для арганізацыйна-тэхнічнага, кансультацыйнага, інфармацыйнага забеспячэння кіраўніка гэтай арганізацыі альбо яго намесніка, як правіла, не павінна перавышаць двух чалавек.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю