Top.Mail.Ru

Якімі прынцыпамі ў рабоце са сваімі выбаршчыкамі кіруецца Святлана Адзінцова

Калі чалавек звяртаецца да дэпутата, значыць, гэта для яго важна

Член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Святлана Адзінцова — дэпутат Полацкай гарадской акругі № 27. Сваю дэпутацкую дзейнасць пачала яшчэ ў 2019 годзе ў 7-м скліканні. Прыйшла ў дэпутацкі корпус са сферы аховы здароўя. Многія падыходы ў рабоце перайшлі разам з ёй на новае месца.

Святлана Адзінцова адзначае, што работа з людзьмі і клопат аб іх здароўі — гэта тое, чым яна жыла, пакуль узначальвала амбулаторную службу Полацкага раёна.

— Калі я аказалася ў Палаце прадстаўнікоў, вядома, задавала сабе пытанне, як правільна арганізаваць работу. Самы галоўны наказ я пачула ад нашага Прэзідэнта. Ён сказаў, што трэба рабіць усё, каб жыццё людзей станавілася найлепшым. На сустрэчы з дэпутатамі цяперашняга, восьмага, склікання Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што на народных выбраннікаў кладзецца асаблівая адказнасць за кансалідацыю грамадства. Менавіта гэтыя два пасылы ў аснове маёй работы. Важна дзейнічаць у інтарэсах грамадзян, грамадства і дзяржавы ў цэлым.

Дэпутат адзначае, што адзін з асноўных момантаў яе дзейнасці — работа са зваротамі грамадзян. Тут яна праводзіць паралель з працай урача і адзначае, што любы «боль» важны. Калі пацыент прыходзіць на прыём, значыць, гэта для яго важна. Тое ж самае і са зваротамі грамадзян.

  • — Для кагосьці пэўная праблема можа здацца нязначнай, але для таго, каго яна хвалюе, справы ідуць інакш. Часам чалавеку неабходны проста парада, падказка. Камусьці трэба, каб яго выслухалі. У акрузе імкнёмся ўжываць розныя формы ўзаемадзеяння. Напрыклад, у пандэмію актыўна выкарыстоўвалі дыстанцыйныя формы работы з грамадзянамі. Такая практыка захавалася і дагэтуль. Вядома, праводжу асабістыя прыёмы і сустрэчы, прамыя тэлефонныя лініі. А каб усё вырашалася максімальна прадукцыйна, важна падтрымліваць узаемадзеянне з усімі службамі, разам з людзьмі ўмацоўваць сённяшні дзень для ўпэўненасці ў заўтрашнім.

Мая суразмоўніца падкрэслівае, што работа дэпутата не абмяжоўваецца толькі вышэйпералічанымі фарматамі. Па сутнасці, парламентарый на сувязі ў рэжыме 24/7. Тэлефон многія ведаюць, і ён даступны.

— Ты проста жывеш гэтымі пытаннямі. І я хачу сказаць, што гэта не гучныя словы. Такі стан спраў дыктуецца жыццём. Паколькі самы галоўны іспыт дэпутата перад выбаршчыкам — гэта тое, наколькі ён даступны. Таму стараюся як мага часцей размаўляць з людзьмі.

Адна з форм, якая дапамагае гэта рабіць, — адзіны дзень работы дэпутата са зваротамі грамадзян. Гэта комплекснае мерапрыемства, да якога падключаюцца і прадстаўнікі розных службаў, чый удзел неабходны ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў. Мы і на месцы выязджаем, каб на свае вочы ўсё бачыць. Яшчэ адной эфектыўнай формай узаемадзеяння аказалася грамадская прыёмная грамадзянскай супольнасці. Гэта пляцоўка служыць для дыялогу. 

Святлана Адзінцова з асаблівай радасцю адзначыла, што ўсё часцей на прыём да дэпутата прыходзяць грамадзяне з ініцыятывамі, накіраванымі на развіццё горада, паляпшэнне якасці жыцця. У апошнія гады людзі становяцца ўсё больш актыўнымі і гатовымі падключацца да розных працэсаў. Бо справа ідзе лепш, калі ўсе бакі гатовы працаваць разам.

— Людзі выступілі з ініцыятывай звярнуць больш увагі на аддаленыя мікрараёны горада. Каб не толькі ў цэнтры праходзілі сустрэчы і абмеркаванні, але і было больш выязных мерапрыемстваў. Таму ў 2025 годзе аддалі комплексную ўвагу менавіта ім, бо паступала шмат пытанняў па добраўпарадкаванні, павышэнні якасці жыцця. І на ўзроўні выканкама было прынятае рашэнне прысвяціць рабоце ў мікрараёнах увесь год. І людзі гэта ацанілі і заўважылі.

І гэта сапраўды важна, каб насельніцтва не страціла сувязі з дэпутатамі ўсіх узроўняў. Таму не дзіва, што ўсе адгукнуліся на правядзенне адзінага дня работы дэпутата ў мікрараёнах горада. Жыхары заўсёды прыходзяць, размаўляюць, расказваюць. Яны ведаюць, што іх меркаванне ўлічваецца.

Вядома, вялікі пласт дэпутацкай дзейнасці — удасканаленне заканадаўчай базы. Гэтую работу Святлана Адзінцова вядзе з пазіцыі рэгіянальнасці, што якраз і немагчыма без уліку грамадскай думкі. І дасягнуць плёну тут можна толькі праз цесную камунікацыю і дзелавое сяброўства са сваімі выбаршчыкамі.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота "Витебские вести"

Чытайце таксама: «Родны край...» падарожнічае па Віцебшчыне

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю