Зараз ЕАЭС рыхтуе рашэнне, неабходнае для барацьбы з парушэннямі правоў інтэлектуальнай уласнасці ў інтэрнэце. Як паведаміў дырэктар дэпартамента развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці ЕЭК Ернар БАКЕНАЎ, часам недобрасумленныя ўдзельнікі рынку выкарыстоўваюць развіццё лічбавых тэхналогій і заканадаўчыя прабелы для абыходу абмежаванняў. «Гэта прыводзіць да пэўнага напаўнення рынку кантрабанднымі таварамі і парушэння правоў інтэлектуальнай уласнасці ў лічбавым асяроддзі. Мы назіраем рост колькасці такіх парушэнняў», — адзначыў ён.
Амаль 1,5 тысячы парушэнняў у сферы інтэлектуальнай уласнасці зафіксавана ў 2024 годзе ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Значны рост паказваюць па выяўленых парушэннях Арменія, Рэспубліка Казахстан, Кыргызстан. У Беларусі захаваўся ранейшы ўзровень выяўленых парушэнняў.
«Калі браць 10-гадовы перыяд, з 2015-га да 2024-га, то больш за 140 мільёнаў адзінак кантрафактнай прадукцыі было канфіскавана», — паведаміў Ернар Бакенаў.
Ён растлумачыў, што традыцыйна пераважаюць парушэнні, якія датычацца таварных знакаў, на гэтую катэгорыю прыпадае амаль 90 % зафіксаваных фактаў. Таксама каля 9 % складаюць парушэнні аўтарскіх і сумежных правоў.
Паводле яго інфармацыі, толькі ў мінулым годзе ў Расіі ў рамках працэдуры дасудовага абмежавання доступу Раскамнагляд прыняў меры па абароне 24 329 аб’ектаў аўтарскіх і сумежных правоў. На падставе рашэнняў суда доступ на пастаяннай аснове быў абмежаваны да 407 інтэрнэт-рэсурсаў гэтай краіны.
- Акрамя таго, паводле інфармацыі дырэктара дэпартамента, у 2024 годзе на падставе 94 судовых рашэнняў было выдалена або заблакіравана 130 сайтаў, якія парушаюць правы на таварныя знакі. Як паведаміў Ернар Бакенаў, ЕАЭС распрацоўвае пагадненні аб узгодненых падыходах у барацьбе з парушэннямі правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці ў сетцы Інтэрнэт. У прыватнасці, ужо завершана ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне праекта дакумента. «Гэта пагадненне дазволіць праваўладальнікам бяспечна размяшчаць свае творы на легальных інтэрнэт-рэсурсах і атрымліваць адпаведныя даходы», — растлумачыў эксперт.
Штогадовы абарот кантрафактнай прадукцыі складае ў свеце як мінімум 500 мільярдаў долараў, а ў цэлым увесь рынак фальсіфікаванай прадукцыі перавышае 3 трыльёны долараў, паведаміў намеснік старшыні Камітэта па эканамічнай палітыцы Дзярждумы Федэральнага сходу Расіі, член апякунскага савета Міжнароднай асацыяцыі «Антыкантрафакт» Арцём КІР’ЯНАЎ.
Большасць кантрафактных тавараў, выяўленых на тэрыторыі нашай краіны, паступаюць з трох дзяржаў: Кітая, Літвы і Германіі. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Беларусі Аляксей КУРМАН.
Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі працуе над тым, каб наша краіна была дзяржавай, дзе вынікі інтэлектуальнай дзейнасці належным чынам захоўваюцца і абараняюцца. Але парушэнні, на жаль, яшчэ застаюцца.
У 2024 годзе ў Беларусі было выяўлена 41 парушэнне на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, што адпавядае ўзроўню 2023-га. Напрыклад, за 2021–2024 гады мытныя органы нашай краіны накіравалі больш за 200 спраў па факце незаконнага выкарыстання аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці і перамяшчэння тавараў за мяжу. Часцей за ўсё кантрафактнымі з’яўляюцца тавары штодзённага попыту, парфумерыя, касметыка, маторнае масла і аўтамабільныя запчасті. Больш за 90 % падробак у апошнія гады пераважна ўвозіцца да нас з Кітая, Літвы, Германіі і іншых краін.
На думку генеральнага дырэктара, барацьба з фальшывай прадукцыяй — гэта сістэмная і шматузроўневая работа, у якой задзейнічаны ўсе зацікаўленыя арганізацыі. «У першую чаргу, я б падзяляў гэту дзейнасць на некалькі блокаў. У першы ўваходзіць работа ўнутры Беларусі і супрацьдзеянне ўвозу прадукцыі, дзе ключавую ролю адыгрываюць Дзяржаўны мытны камітэт і Нацыянальны мытны рэестр аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Да другога блоку можна аднесці аказанне садзейнічання нашым прадпрыемствам-экспарцёрам у якаснай і належнай ахове і абароне прадукцыі на экспартных рынках. Гэтым займаецца Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Мы праводзім тлумачальную работу сярод насельніцтва, супрацоўнічаем з партнёрамі ў краінах ЕАЭС і далёкай дугі, куды экспартуецца наша прадукцыя, каб сярод беларускіх тавараў не было падробак, — дадаў Аляксей Курман. Вялікі блок работы арганізацыі — правядзенне розных мерапрыемстваў, у тым ліку семінараў, форумаў, канферэнцый, круглых сталоў па непрыманні кантрафактных тавараў.
Сёння ў асноўнай групе рызыкі знаходзіцца моладзь, якая ў пагоні за моднымі тэндэнцыямі гатовая ахвяраваць якасцю прадукцыі, каб купіць «гучны» брэнд, заключыў Аляксей Курман.
Сяргей КУРКАЧ