Пра тое маюць магчымасць даведацца ўдзельнікі і глядачы ІХ Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC», які сёлета праводзіцца з 29 верасня па 3 кастрычніка. Традыцыйна кінафорум стартуе ў Смаленску, а працягваецца і завяршаецца ў Мінску. Пра насычаную праграму, якая чакае кінааматараў у беларускай сталіцы, а таксама пра адметнасці маштабнага культурнага мерапрыемства расказалі яго арганізатары на сустрэчы з журналістамі.
Фестываль некамерцыйны, яго арганізатарамі ў гэтым годзе выступаюць Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, «Еўразійскі цэнтр культурных ініцыятыў», прадзюсарскі цэнтр «Трэці Рым», Беларускі саюз журналістаў пры падтрымцы Міністэрства культуры Расіі, Міністэрстваў культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Смаленскай вобласці і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
— Інтарэс гледачоў да дакументальнага кіно расце, і гэта мы адчулі ў Смаленску. Спадзяюся, адчуем такі ж інтарэс і ў Мінску. Горад на два дні фестывалю становіцца дэ-факта сталіцай дакументальнага кіно СНД. Тэмы фестывалю сёлета — гэта не толькі 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, але, на жаль, і тэма нацызму ў ХХІ стагоддзі. Таксама ў кінаработах знайшлі адлюстраванне інтэграцыйныя працэсы Еўразійскай прасторы, тэма малой радзімы.
Многія дакументалісты вельмі дакладна і пранізліва ўглядаюцца ў глыбіню традыцый і культуры рэгіёнаў Еўразіі, што, безумоўна, упрыгожвае наш фестываль. Яшчэ адна вялікая тэма — гэта чалавек ва ўсе часы, і фільмы-партрэты пра яго таксама ёсць, — расказаў Андрэй КРЫВАШЭЕЎ, кіраўнік Беларускага саюза журналістаў, выканаўчы дырэктар фестывалю.
У мінскім паказе — 2 і 3 кастрычніка — значацца 20 фільмаў з агульнай праграмы. Акрамя гэтага, гледачам прапануецца паўдзельнічаць у шэрагу іншых мерапрыемстваў «Еўразія.DOC». Старшыня журы, дэкан Вышэйшай школы (факультэта) тэлебачання Маскоўскага дзяржуніверсітэта імя М. В. Ламаносава Віталій Траццякоў заўважыў, што, калі напачатку фестывалю пры адборы не хапала моцных фільмаў, то цяпер узровень конкурсных фільмаў вырас, кіно стала якасным і глыбокім.
Але, на жаль, не хапае мастацкага дакументальнага кіно і хочацца бачыць больш цікавых асоб і герояў, а таксама актуальных праблем, якія адлюстроўвалі б сённяшні дзень, такія як, напрыклад, дэмаграфія, масавая культура і шмат іншых, якія абмяркоўваюцца ў грамадстве, але не даследуюцца дакументалістамі.
Аднак, па меркаванні дырэктара фестывалю «Еўразія.DOC» Валерыя ШЭХАЎЦОВА, кожны год кінафоруму дае як арганізатарам, так і яго ўдзельнікам вопыт, каб расці, развівацца і ўдасканальвацца. І галоўнае, што дае фестываль — гэта кола зносін, дзе сустракаюцца аднадумцы:
— Пачынаючы гэты фестываль, мы выцягвалі на агляд аўдыторыі нікому невядомыя фільмы. Але з часам мы станавіліся больш вядомымі, аўтарытэтнымі. І пра цікавасць да «Еўразіі.DOC» сведчыць нават тое, што мы атрымалі больш за 350 заявак сёлета. І фільмы ўсе моцныя.
Нагадаем, сёлета ў праграме значацца 35 дакументальных фільмаў і 10 кінастужак у кароткім метры ад удзельнікаў маладзёжнага конкурсу. У шорт-ліст адбіралі фільмы з 352 заявак з 12 краін свету. Пераможцаў вызначаць 3 кастрычніка ўвечары. Свой выбар зробіць аўтарытэтнае журы, а гледачы прысудзяць «Прыз глядацкіх сімпатый». Свой голас за ўпадабаны фільм, дарэчы, можна аддаць на афіцыйнай старонцы фестывалю ў сацыяльнай сетцы «Укантакце».
Алена ДРАПКО