Top.Mail.Ru

Затрыманы маньяк самай працяглай і крывавай серыі забойстваў у суверэннай Беларусі

Знойдзены праз амаль 30 гадоў


Працуючы па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў, праваахоўнікі ўстанавілі асобу і затрымалі самага крывавага маньяка ў гісторыі суверэннай Беларусі. З 1996 па 1999 гады ён гвалціў і забіваў дзяўчынак і дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў.

Злачынствы адбываліся на тэрыторыі Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцей. Новыя магчымасці ў аналізе слядоў, якія пакінуў злачынца, дапамаглі ўстанавіць яго генетычны профіль, а затым і затрымаць забойцу. Падчас работы над гэтай справай праваахоўнікамі былі правераны каля 100 тысяч мужчын, у тым ліку каля 40 тысяч — толькі за мінулы год. Нягледзячы на тое, што пошук злачынцы вёўся амаль 30 гадоў, ён затрыманы і панясе заслужанае пакаранне.

Восем забойстваў па лініях чыгункі

Злачынца высочваў сваіх ахвяр каля шматпавярховікаў, выбіраючы такіх дзяўчат, якія не маглі аказаць супраціўлення. У пад’ездах, ліфтах, на лесвічных пляцоўках і дахах дамоў ён учыняў дзеянні сексуальнага характару ці згвалтаванні. Калі сустракаў супраціўленне, душыў ці забіваў ахвяру нажом. Такім чынам маньяк здзейсніў восем забойстваў беларусак, а таксама два замахі на забойства і згвалтаванне.

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр КОПІШАЎ, гарады, у якіх адбыліся нападзенні, размяшчаліся на скрыжаванні некалькіх чыгуначных пуцей і напрамкаў: «Магілёў — Орша — Віцебск» і «Орша — Мінск». Гэта дало падставы для адной з версій: злачынствы маглі здзяйсняцца работнікам чыгункі. Акрамя таго, правяраліся і работнікі сферы ЖКГ і ліфтавой службы, іншыя работнікі, камандзіраваныя ў гарады, дзе ўчыняліся злачынствы. Усе забойствы былі здзейснены ў рабочы час — з 13 да 15 гадзін, што сведчыла пра магчымасць злаўмысніка свабодна перамяшчацца падчас работы.

Каб злавіць душагуба, міліцыянерам прыйшлося правесці каласальную работу. Аператыўнікі крымінальнага вышуку адпрацавалі дзясяткі версій і тысячы асоб, аднак па гарачых слядах раскрыць злачынствы не ўдалося. Пошук не спыняўся практычна 30 гадоў, а раскрыць гэтыя злачынствы для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў стала справай гонару. У 2024 годзе па рашэнні міністра ўнутраных спраў у кожнай вобласці былі створаны рабочыя групы з ліку вопытных сышчыкаў і ўчастковых па раскрыцці гэтых злачынстваў мінулых гадоў. Гэта дазволіла выйсці на след злачынца. Ім аказаўся 53-гадовы работнік аднаго з прадпрыемстваў Магілёва. Яго затрымалі ў цэнтры горада пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення «Алмаз».

Вёў адасобленае жыццё

Як жа забойцу ўдавалася хавацца амаль 30 гадоў? Пасля службы ў войску ён працаўладкаваўся на адно з прадпрыемстваў Магілёва. Работа давала яму магчымасць перасоўвацца ў зручны час на чыгуначным транспарце. У 1999 годзе мужчына ўсё ж трапіў у поле зроку праваахоўных органаў — і з-за гэтага спалохаўся, пасля чаго і спыніў сваю злачынную дзейнасць. 

— Гэты чалавек па натуры баязлівец. Ён расказаў, што пачаў забіваць, калі спалохаўся, што яго могуць заўважыць, пачуць. У далейшым ён жыў у сваім прыватным доме, працаваў на прадпрыемстве, дзе ў яго не было ніякіх канфліктаў. У яго ніколі не было сям’і, хоць двойчы на непрацяглы тэрмін ён заводзіў адносіны з жанчынамі. У цэлым ён вёў адасоблены лад жыцця, стараючыся не трапляць ніякім чынам у поле зроку праваахоўных органаў, — расказаў Аляксандр Копішаў.

 

Начальнік галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарату Следчага камітэта Аляксандр АГАФОНАЎ дадаў, што пры расследаванні спраў заўсёды вывучаецца асоба злачынцы, яго асяроддзе. Па выніках судовай сексолага-псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ў мужчыны выяўлена псіхічнае расстройства. У той жа час эксперты канстатавалі, што чалавек быў у стане свядомасці на момант учынення злачынстваў і цяпер панясе заслужанае пакаранне.

Іншыя гучныя справы мінулага

Як паведаміў Аляксандр Копішаў, на сёння застаюцца нераскрытымі больш як 75 тысяч злачынстваў, 70 % з іх — крадзяжы (у 2003—2006 гг. штогод здзяйснялася каля 100 тысяч крадзяжоў). Астатнія — цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Работа Міністэрства ўнутраных спраў па арганізацыі іх раскрыцця не спыняецца. Толькі летась раскрыта 47 асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў, у тым ліку 17 забойстваў, 5 фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а таксама два злачынствы, звязаныя з гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару. Знайсці іх фігурантаў удаецца дзякуючы таму, што папярэдняе пакаленне праваахоўнікаў змагло сабраць і захаваць сляды, якімі скарысталіся сучасныя аператыўнікі. 

Гэта работа вядзецца на пастаяннай аснове і ў Следчым камітэце. Яскравымі прыкладамі сталі раскрытыя крымінальныя справы мінулага. У прыватнасці, раскрыта зверскае забойства сям’і з шасці чалавек у вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна, справа чорных рыэлтараў з Магілёва. Таксама працягваецца дзейнасць па пошуку і прыцягненні да адказнасці ўдзельнікаў банды Марозава — экстрадаваны з Расіі і асуджаны правая рука кіраўніка банды Дзербянёў. На завяршальным этапе знаходзіцца крымінальная справа «штатнага кілера» банды Рэцкага, якога экстрадавалі з Казахстана.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю