Кацярына ГАЙКО, настаўніца беларускай мовы і літаратуры cярэдняй школы № 73 г. Гомеля:
— На прэм’еру фільма «Класная» мы пайшлі ўсім маім дзявятым класам. І атрымалася вельмі сімвалічна. Наперадзе Дзень настаўніка, і прыемна, калі кіно адлюстроўвае тваё жыццё, кранае, як кажуць, за жывое. Дзеці вельмі чакалі сеанс. Яны пераглядалі трэйлер, ведалі, што там здымаюцца блогеры, і хацелі ўбачыць іх на вялікім экране. Нас, сапраўды, зачапіла гісторыя маладой настаўніцы. Для маіх дзевяцікласнікаў гэта тэма асабліва блізкая. Яны цяпер узважваюць свае сілы, прымяраюцца, куды будуць паступаць, і ў некаторых маіх вучняў ёсць сур’ёзнае жаданне стаць настаўнікамі. Ім, напрыклад, было важна ўбачыць, як адбываецца размеркаванне, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца педагог у першы год работы ў школе.
Пасля мы абмяркоўвалі, усім спадабалася пазітыўная канцоўка і тое, што маладая настаўніца не здалася, не сышла з абранага шляху. Дзеці пагадзіліся з галоўным пасылам фільма: у жыцці не бывае толькі лёгкіх шляхоў, але галоўнае — не апускаць рукі, нягледзячы ні на што. Гэтым даказваеш, што ты чалавек моцны духам, а таксама сваім прыкладам натхняеш вучняў. І ў мяне быў падобны вопыт яшчэ ў вучнёўскія гады. Я прыйшла ў прафесію дзякуючы сваёй настаўніцы беларускай мовы.
Галоўны пасыл фільма і маё асабістае перакананне ў тым, што настаўнік, які сапраўды «гарыць» сваёй работай, адчувае тую энергію, якой зараджаюць дзеці, адчувае аддачу ад вучняў, — справіцца з усімі цяжкасцямі. Як класны кіраўнік я таксама праходзіла праз розныя сітуацыі: і непрыманне майго прадмета і нават мяне як педагога. Але, як паказана ў фільме, заўсёды выратоўвае творчы падыход.
Людміла ЗДОРЫКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:
— Для мяне прэм’ера гэтага фільма доўгачаканая. Даўно на нашых экранах не было добрага, светлага і жыццёвага кіно з гісторыяй, блізкай і зразумелай кожнаму, — гісторыяй станаўлення і прафесійнага, і асабістага. Я сама педагог з вялікім стажам. Пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута (цяпер МДУ імя А. Куляшова) прыйшла настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў сярэднюю школу нумар 27. Прайшла шлях ад студэнткі-практыканткі да кіраўніка. І фільм «Класная», лічу, вельмі трапна і рэалістычна перадае атмасферу школьнага жыцця. Недзе ў героях і іх учынках пазнаеш сябе, эпізоды са свайго жыцця, сённяшні дзень. Усё вядома, усё блізка і зразумела. Упэўнена, кінастужка будзе цікавай шырокаму колу гледачоў. Яна пра ўсіх нас, бо ў кожнага быў свой настаўнік, школьныя сябры, усе мы родам з дзяцінства...
Аліна СНАПКО, малады спецыяліст, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 41 імя А. М. Кузняцова г. Гродна:
— У гераіні фільма «Класная» ўбачыла сябе, паколькі я таксама толькі пачынаю свой прафесійны шлях, і мне на старце даверылі класнае кіраўніцтва. Праўда, у мяне не 11-ы клас, а 6-ы, але ўсё роўна падлеткі. Да іх трэба ўмець знайсці падыход, адразу не ўвойдзеш у давер. Таму фільм пакінуў у мяне станоўчыя эмоцыі, бо ён дае падтрымку. Бо калі ў гераіні ўсё атрымалася, то і ў мяне абавязкова атрымаецца. Хачу сказаць, што кінастужка сапраўды вельмі набліжана да рэальнасці. Я думаю, шмат каму яна дапаможа паглядзець на сябе збоку. Ну і, вядома, мне спадабалася карцінка, наколькі добра фільм зняты.
Таццяна ЛОЙША, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 41 імя А. М. Кузняцова г. Гродна:
— Кінастужка выклікала шмат успамінаў, бо я ўжо 15 гадоў працую настаўнікам, цяпер таксама вяду і класнае кіраўніцтва ў 11-м. На мой погляд, фільм у большай ступені створаны для маладых спецыялістаў, якія толькі пачынаюць сваю работу і сутыкаюцца з першымі цяжкасцямі. І для выпускнікоў універсітэтаў таксама ён актуальны, бо ўсе перажываюць наконт размеркавання. І «Класная» якраз паказвае, як можа ўсё скласціся і што не варта настройваць сябе на горшае. Яшчэ мне вельмі спадабалася, што акцэнт зроблены на ўзаемаадносінах дзяцей і галоўнай гераіні. Бо важна, каб вучні разумелі: класны кіраўнік — гэта не іх вораг, а чалавек, які можа заўсёды дапамагчы.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА.
Фота з архіва гераінь