Гэта, напэўна, у нашых вяскова-гаспадарлівых генах — у разгар восені накіроўвацца на кірмаш, каб купляць, прадаваць ці проста прагуляцца... І злавіць гэты самы душэўны спакой і ўлагоджанасць: усяго ўдосталь, ураджай багаты, запасы зроблены — значыць, перазімуем. Таму і карыстаюцца сезонныя кірмашы папулярнасцю па ўсёй краіне. Хоць калі прааналізаваць цэннікі, дык прынамсі ў вялікіх супермаркетах тую ж агародніну можна купіць нават танней. Але ж у магазіне не такое раздолле, не такі багаты выбар, там не патаргуешся, не пакаштуеш, не пагаворыш аб тым, што, дзе і як расло... На кірмашы можна атрымаць настрой, які не купіш ні за якія грошы.
Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах накіраваліся на мясцовыя кірмашы па гэты самы настрой і, вядома, па інфармацыю, што пачым. Бо з сезоннага кірмашу ніхто з пустымі рукамі не вяртаецца. Гэта факт неаспрэчны, як і народная мудрасць, што запас бяды не чыніць.
«Хацелася б танней, але ўсё якаснае і прыгожае — як цукеркі»
З раніцы да пляцоўкі галоўнага кірмашу ў Цэнтральным раёне Гомеля пацягнуўся людскі паток. Прылаўкі ў яркіх колерах агародніны адразу стваралі настрой восеньскага дабрабыту. Капуста і цыбуля, морква і буракі, яблыкі, грушы, слівы, сухафрукты — гэтыя прадукты адразу трапілі ў фокус пакупнікоў. Аднак некаторыя з іх не спяшаліся рабіць вялікія закупкі адразу: многія прыйшлі «на разведку», каб прыцаніцца, прыгледзецца да асартыменту.
У гэтым годзе гандлююць не толькі буйныя сельгаспрадпрыемствы, але і фермерскія ды асабістыя падсобныя гаспадаркі, перапрацоўчыя прадпрыемствы, пчаляры, рамеснікі. Такая разнастайнасць адчуваецца на кожным кроку — ад бульбы да мёду і нават арыгінальных салёных грыбоў.
Першы восеньскі кірмаш у Гомелі сустрэў пакупнікоў звычным наборам прадуктаў, але з адчуваннем свята. Каля прылаўкаў з капустай, морквай, цыбуляй заўважалася ажыўленне, побач — сапраўдны яблычны рай: «Антонаўка», «Антэй», «Чэмпіён», «Спартан», «Беларускае салодкае». Яблыкі прапаноўвалі ад 4 рублёў за кіло, а калі пашукаць, то нават і танней. Грушы, як і чакалася, даражэйшыя: ад 7 да 10 рублёў.
Асобна вылучалася бульба — уся айчынных сартоў. «Каломба», «Гала», «Вінета» прадаваліся ад 1 рубля 20 капеек. Не вельмі танна — у крамах бульба таннейшая. Самай даступнай па цане за кілаграм аказалася белакачанная капуста — ад 98 капеек. Для нарыхтовак можна было ўзяць буракі і моркву ад 1,3 рубля, цыбулю па 1,70, часнок за 10 рублёў і журавіны па 15. Сярод адметнасцяў — шыітаке, цвятная і пекінская капуста, багаты выбар памідораў і перцу. На асобных пунктах — саленні і грыбы.
— Вельмі шмат агародніны. Цяпер жа самы час рабіць зімовыя салаты, — кажа пакупніца Наталля. — Я сёння набіраю баклажаны, перцы, цыбулю, моркву. Цэны, вядома, хацелася б
бачыць ніжэйшымі, але ўсё якаснае і прыгожае — як цукеркі.
— Асартымент добры, але сала не хапае, — лічыць пакупнік Уладзімір, які прыйшоў разам з маці. — Затое бульбачка класная, грушы — супер. І таматаў вельмі багата.
Такія дыялогі надаюць кірмашу адчуванне вялікай сямейнай сустрэчы, дзе абмяркоўваюцца не толькі цэны, але і агульны настрой.
Гандляры таксама адкрытыя і гаварлівыя.
— Яблыкі, памідоры, перцы ў топе, — расказвае прадавец павільёна Цэнтральнага рынку Дзіяна Валер’еўна. — Добра ідзе квяцістая капуста, грыбы шыітаке. Народ бярэ ўсё...
Памідоры на большасці прылаўкаў — па 5 рублёў, але можна знайсці па 3, а некаторыя фермеры прапанавалі грунтавыя таматы і па 2,70. Цвятная капуста — па 3 рублі, баклажаны — па 4.
Ірына з фермерскай гаспадаркі з Лоеўскага раёна запрашае купляць бульбу «па рублі».
А госці з Брэсцкай вобласці прывезлі свой каронны тавар — буйны балгарскі перац — па 4,50 за кілаграм.
Асабістая падсобная гаспадарка з вёскі Перарост Добрушскага раёна прадэманстравала ўвесь асартымент свайго ўраджаю. Прылавак выглядае, нібы кветнік: сакавітая зеляніна, кукуруза па 3 рублі, «пекінка» — па 6, яблыкі — па 5,50, морква — 1,50 за кіло. Гаспадар Ігар лічыць, што прапусціць кірмаш проста не дазволена:
— Жывём са сваёй агародніны. Клубніцы парадавалі, а вось кукуруза падвяла, але ёсць бульба, морква, буракі. Людзі з задавальненнем бяруць зеляніну — кроп, пятрушку. Пекінская капуста таксама разыходзіцца. Галоўны сакрэт кірмашу — спадабацца людзям, — упэўнены фермер.
Лельчыцкі гаспадар Уладзімір здолеў сабраць сапраўдную чаргу. Тры гады таму ён заклаў сад і цяпер прапануе яблыкі розных сартоў па 4 рублі.
— Да яблыкаў заўсёды прыкладаецца пазітыўны настрой, — усміхаецца ён. — Пакупнікі каштуюць, выбіраюць і вяртаюцца.
Каля аўто Уладзіміра практычна заўсёды ёсць людзі — не толькі з-за асартыменту і смаку, але і з-за шчырай размовы.
У дзень адкрыцця кірмашу гараджан чакала канцэртная праграма. Музыка, народныя песні, нават танцы стварылі сапраўднае свята.
— Крута, — адзначае лельчыцкі гаспадар. — Мы нават частавалі артыстаў сваімі яблыкамі. Спачатку былі сумненні, ці пойдзе гандаль, бо кірмашы арганізаваныя ў выхадныя дні. Летась у суботу — бітком, а ў нядзелю народ ішоў менш. Сёлета ўжо першыя кірмашы ў выхадныя паказалі, што пакупнікі наведваюць рынак і ў суботу, і ў нядзелю. Прыходзяць сем’ямі, кааперыруюцца суседзі, браты, сёстры са сваімі сем’ямі.
Атмасфера такая, што кірмаш успрымаецца не проста як месца пакупак, а як гарадскі фестываль.
Куплялі цыбулю і... авёс
Першы ў раёне сельгаскірмаш прайшоў у мінулыя выхадныя і ў Мастах Гродзенскай вобласці. Было мнагалюдна, а ад восеньскіх фарбаў, як кажуць, вочы разбягаліся.
Сярод тых, хто прыбыў гандляваць дарамі восені, былі і гаспадаркі, і фермерскія арганізацыі, і прыватнікі. На прылаўках неймаверная колькасць найменняў тавараў, але каралевай вечарынкі была бульба. Яе прадавалася шмат, людзі ахвотна збіралі запасы на зіму, цана — дэмакратычная — каля 80 капеек за кілаграм. Вялікі выбар сартоў, кожны знаходзіў нешта на свой густ. Гаспадаркі раёна прапаноўвалі розныя віды збожжа: жыта, трыцікале, авёс, пшаніцу і ячмень. Кошт зерня, якое многія гаспадары ахвотна купляюць сваім курам, вар’іраваўся ад 30 да 45 капеек за кілаграм.
Фермеры таксама не сумавалі, толькі і паспявалі адпускаць прадукцыю. Напрыклад, каля прылаўкаў «Гарызонта» ўжо з раніцы збіраліся пакупнікі. Набывалі капусту (цана — да рубля), моркву, бульбу, буракі, цыбулю...
Прылаўкі Мастоўскага філіяла аблспажыўтаварыства таксама прыцягвалі пакупнікоў разнастайнасцю агародніны. Тут можна было набыць баклажаны, памідоры, перац, часнок, яблыкі, журавіны і мёд. Яблыкі каштавалі 3 рублі 70 капеек, і гэта было значна танней, чым на рынку, дзе іх прадавалі па 5 рублёў. Грушы таксама каштавалі танней за рынкавыя цэны — ад 6 да 7 рублёў за кіло.
Не магла не прыцягнуць увагі чарга за рыбай, яе было відаць здалёк. Рыбны запыт задаволілі мясцовыя рыбгасы «Струбніцкі» і «Днепрабугскі». У «Днепрабугскім» карп каштаваў ад 7 рублёў 28 капеек да 8 рублёў 80 капеек за кіло ў залежнасці ад выгляду, а таўсталобік — 6 рублёў 52 капейкі. Індывідуальныя прадпрымальнікі таксама прывезлі шмат рыбных вырабаў, якія карысталіся вялікім попытам.
Намеснік начальніка райсельгасхарча — начальнік аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК Таццяна Ківер расказала аб выніках работы сельгаспрадпрыемстваў на кірмашы. Было прададзена амаль 15 тысяч тон бульбы. Таксама былі рэалізаваны пшаніца і ячмень. Жыта купілі менш. КСУП «Азяранскі» прадаў увесь прывезены авёс — больш за тону...
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота Наталлі КАПРЫЛЕНКА