Top.Mail.Ru

У Мінску абмеркавалі падрыхтоўку ХІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў чэрвені 2026 года

Эканамічна ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва

У сераду, напярэдадні пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, адбылася сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з намеснікам старшыні Савета Федэрацыі Юрыем Вараб’ёвым. Ключавой тэмай стала абмеркаванне дамоўленасцяў, якія былі заключаны падчас Форуму рэгіёнаў у Ніжнім Ноўгарадзе, а таксама напаўняльнасць будучага форуму. Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася тэма развіцця пабрацімскіх адносін.

Наступны Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў чэрвені 2026 года. Тэрытарыяльна ён ахопіць Мінск і Мінскую вобласць.

Гаворачы аб будучым Форуме рэгіёнаў, які прыме беларускі бок, Наталля Качанава адзначыла: 

«Мы ўжо працуем па ўсіх кірунках для далейшага падпісання пагадненняў і кантрактаў, якія будуць заключацца ў рамках правядзення гэтага важнага мерапрыемства. Яшчэ нядаўна па выніках форуму мы налічвалі 700 мільёнаў беларускіх рублёў. Сёння ўжо лічба вырасла да 900 мільёнаў. Гэта сведчыць пра тое, што тыя кантракты і пагадненні, якія былі падпісаныя, развіваюцца і прыносяць эканамічныя вынікі. Мы, вядома, адсочваем рэалізацыю тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты ў ходзе нашых мерапрыемстваў. Гэта робіцца перш за ўсё для таго, каб прырастаць, каб наша супрацоўніцтва было эканамічна ўзаемавыгадным».

  • У размове з журналістамі намеснік старшыні Савета Федэрацыі Юрый Вараб’ёў назваў гэту сустрэчу традыцыйнай. «Мы праводзім пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі, якія праходзяць паміж форумамі, кантралюем ход выканання розных даручэнняў, пагадненняў, якія заключаюцца на форуме, робім усё магчымае, каб яны рэальна выконваліся. Вы бачыце, што ў нас сёлета вельмі абноўленая, маладая парламенцкая дэлегацыя. Тут прадстаўнікі нашых новых рэгіёнаў. Таму размова адбылася вельмі падрабязная, канкрэтная, карысная для двух бакоў».

Абмяркоўваліся і новыя фарматы сустрэч паміж парламентарыямі. «Абмяркоўваецца ідэя, пачынаючы з 2026 года, праводзіць Форум рэгіёнаў адзін раз у два гады, бо з’яўляецца яшчэ адзін форум, які будзе праходзіць напярэдадні 9 Мая, — сказаў Юрый Вараб’ёў. — Вядома, гэтага недастаткова, таму старшыні верхніх палат будуць сустракацца паміж форумамі, абмяркоўваць спецыяльныя тэмы.

Ён дадаў, што тэматычнае афармленне наступнага Форуму рэгіёнаў хутчэй за ўсё будзе звязана з эканомікай.

У чацвер падрыхтоўку да XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, пытанні харчовай бяспекі разгледзелі ў Мінаблвыканкаме, паведамляе БелТА. У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксей Кушнарэнка, а таксама дэпутаты, прадстаўнікі Мінскай вобласці і расійскіх рэгіёнаў.

«У Мінскай вобласці і Мінску папярэдне плануецца задзейнічаць пляцоўкі, якія ўжо добра зарэкамендавалі сябе. Гэта ў першую чаргу Мінскі міжнародны выставачны цэнтр, дзе зможам прадэманстраваць патэнцыял нашых рэгіёнаў у многіх галінах. Плануем правесці пленарныя пасяджэнні і з улікам нашай канструктыўнай дыскусіі будзем прапрацоўваць пытанне, каб XІІІ Форум рэгіёнаў прайшоў па эканамічнай павестцы. Эканамічнае ўзаемадзеянне — сур’ёзная аснова для далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы. Мінскім аблвыканкамам сфарміраваны арганізацыйны камітэт. У нас таксама высокая ступень гатоўнасці. Планку і надалей будзем трымаць», — адзначыў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Уладзіслаў Татарыновіч.

Намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Юрый Вараб’ёў у сваю чаргу выказаў упэўненасць, што сумесная работа працягнецца. Супрацоўніцтва ўвесь час пашыраецца. «Нам важна, каб дамоўленасці, якія заключаюцца паміж рэгіёнамі, рэалізоўваліся з карысцю для нашых краін, народаў. Таму такі пастаянны кантроль з боку парламентаў ажыццяўляецца», — адзначыў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю