Top.Mail.Ru

«Мэта адна, глабальная — нікому не аддаваць свой рынак па ўсіх кірунках»

Перспектывы птушкагадоўлі і развіццё рэгіёна — якім пытанням была прысвечана камандзіроўка кіраўніка дзяржавы ў Салігорскі раён


Пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысвяціў развіццю птушкагадоўлі. Гэтае пытанне кіраўнік дзяржавы разглядаў не ў кабінеце, а на Салігорскай птушкафабрыцы. І, па традыцыі прэзідэнцкіх камандзіровак, размова ішла не толькі аб адной галіне, а па цэлым спектры пытанняў. 

Менш гаварыць, а больш рабіць

Першае пытанне — ход палявых работ. Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка далажыў, што масавая сяўба азімых якраз завяршаецца. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў, што ўборку кукурузы на сілас плануецца скончыць да 20 кастрычніка, на зерне — максімум да 7 лістапада. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па сяўбе азімых не даводзіць нейкіх жорсткіх дат, але, маючы вопыт у аграрнай сферы, разумее, калі і што аптымальна зрабіць, каб ураджай будучага года быў не горшы за цяперашні. «Мужыкі, вы рабіце, калі хочаце. Я вам даты не прызначаў. Я адчуваю, калі трэба пасеяць. Вось да першага (кастрычніка. — "Зв.") пасеялі — расліны сілу возьмуць, як у вёсцы кажуць. Яны сілу набяруць, перазімуюць. А калі мы пасеем пазней, ну будзе парастак — не больш», — патлумачыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў і крытычныя заўвагі да ўзроўню гаспадарання на зямлі. У прыватнасці, ён не задаволены якасцю ўзворвання ў асобных месцах. «Нават на падлёце — вы тут разаралі незразумела што. Але гэта не ўзворванне. Калі дрэнна ўзарана — не чакай ніякага ўраджаю. Таму што потым ужо бульдозерам будзеш раўняць поле», — сказаў Прэзідэнт. 

У цэлым кіраўнік дзяржавы даў чыноўнікам публічную параду — менш гаварыць, а больш рабіць. Каб не стаць, як пісаў Маякоўскі, «прозаседавшимися». 

«Адчужаць землі сельгаспрызначэння — ні ў якім разе»

Яшчэ адно пытанне — закінутыя прысядзібныя ўчасткі па ўсёй краіне, якія цяпер не выкарыстоўваюцца. Прэзідэнт растлумачыў, што па сукупнай плошчы такія ўчасткі параўнальныя з землямі, якія ў краіне імкнуцца ўвесці ў абарот за кошт меліярацыі. Паводле яго слоў, гэтыя землі трэба ўводзіць у сельгасабарот і з імі разбірацца. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў малых населеных пунктах ёсць шмат закінутых участкаў. «Каб усе разаралі, непатрэбнае прыбралі», — даручыў ён. Што датычыцца адчужэння зямель сельгаспрызначэння пад іншыя патрэбы, то Аляксандр Лукашэнка адназначна заявіў: «Гэта выключана. Гэта адзінкавыя выпадкі пад інвестыцыі нейкія. І то гэта ўсё рашэнні Прэзідэнта. Лес і сельгасугоддзі. Каб усе разумелі, што ў будучым годзе будзе поўная забарона на адчужэнне зямель сельгаспрызначэння. Адчужаць землі сельгаспрызначэння — ні ў якім разе». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цяперашнія землі сельскагаспадарчага прызначэння — гэта ў тым ліку спадчына, што дасталася ад продкаў, якія калісьці пачыналі асвойваць тэрыторыі. «Гэта багацце. Гэта не наш здабытак, або наш здабытак, але не мы гэта зрабілі, а нашы продкі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Прыйсці да агульнага паказчыка

Актуальная тэма — сельгастэхніка. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсім гаспадаркам патрэбна энерганасычаная тэхніка для работы, але далёка не ўсе гатовыя яе абслугоўваць і правільна эксплуатаваць, у выніку чаго яна вельмі хутка выходзіць са строю. «Нам трэба вельмі сур’ёзна думаць, каму даваць гэтую тэхніку», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Аптымальным варыянтам у гэтым выпадку бачыцца перадача тэхнікі туды, дзе яе дакладна змогуць абслужыць, але з абавязацельствам дапамагчы суседняй гаспадарцы. «Нельга аддаваць тэхніку абы-каму. Трэба ўзяць гэта на сур’ёзны кантроль», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Па словах Прэзідэнта, таксама варта прыйсці да агульнага паказчыка па тэрміне выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі. Напрыклад, 10 гадоў — трактар, 12-15 гадоў — камбайн, кормаўборачная тэхніка — 11-12 гадоў.

Не зніжаць планку 

Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на ролю старшынь райвыканкамаў. Ён нагадаў пасыл, які агучвае кожнаму старшыні райвыканкама пры назначэнні. «Старшыня райвыканкама — у сваім раёне — гаспадар і прэзідэнт, які павінен кіраваць на сваёй тэрыторыі», — сказаў ён. Патрабаваць за вынікі з іх неабходна больш строга, і сваю долю адказнасці яны павінны несці не толькі за прадпрыемствы камунальнай формы ўласнасці. 

Абмеркавалі і ўраджай збожжавых гэтага года. «Добрае было надвор’е. Падчас наліву збожжа хапала вільгаці. Таму атрымалі цяжкавагавы колас. Гэта не значыць, што заўтра будзе так. Але гэта планка. Вось вы дасягнулі гэтага ўзроўню — ніжэй нельга. Трэба на гэтым узроўні замацавацца. Хоць бы пару гадоў. Нельга ніжэй апускацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў кіраўніцтву Мінскай вобласці літаральна алічбаваць адпаведныя заданні на ўзровень кіраўніцтва раёнаў.

«Шанц, што парода будзе канкурэнтаздольная, вельмі высокі»

Што датычыцца Салігорскай птушкафабрыкі, то тут вырабляюцца курыныя яйкі, яйкі перапёлак, пастаўляецца на рэалізацыю і мяса птушкі. На птушкафабрыцы рэалізаваны праект па будаўніцтве інавацыйнай перапёлкавай фермы замкнёнага цыклу з аўтаматызаваным зборам і пакаваннем яек. Для Беларусі гэты праект унікальны. Пасля выхаду перапёлкавай фермы на праектную магутнасць плануецца атрымліваць штогод не менш за 200 млн штук перапёлчыных яек, а аб’ём вытворчасці гэтага прадукту павялічыцца ў 1,8 раза.

000019_1759483092_740882_bmain3.jpg

На птушкафабрыцы ствараецца селекцыйна-генетычны цэнтр па гадоўлі перапёлак. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў спецыялістаў, калі будзе выведзена айчынная перапёлка. Пакуль айчынная птушкагадоўля залежыць ад паставак сутачнага маладняку прабацькоў і бацькоўскіх формаў з-за мяжы — гэта вельмі актуальнае пытанне. Спецыялісты закладваюць на гэта 3,5 года. «Хутка гэта не робіцца, пяць гадоў адводзіцца на атрыманне ўласнага кросу гібрыду парод і ліній свойскай птушкі. У нас ужо генафонд створаны. У нас ёсць база, ёсць з чым працаваць. Гэта рэальная работа», — сказала дырэктар Салігорскай птушкафабрыкі Іна Талкачова. 

Прэзідэнт пацікавіўся меркаваннем на гэты конт кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Караніка. «Па перапёлцы добры шанц ёсць. Шанц, што парода будзе канкурэнтаздольная, вельмі высокі», — адказаў ён.

Цалкам даклад аб дзейнасці Салігорскай птушкафабрыкі Аляксандр Лукашэнка заслухоўваць не стаў, адзначыўшы, што ў яго ёсць усе даведачныя матэрыялы. Ён задаў кіраўніку прадпрыемства канкрэтнае пытанне: «Ты мне скажы: грошы ў цябе ёсць?». Іна Талкачова адказала сцвярджальна. «Вось мне больш нічога не трэба. Грошы ёсць — малайчына», — адрэагаваў Прэзідэнт. 

«Трэба на перспектыву, каб усё было сваё»

Генетыку абмяркоўвалі не толькі на прыкладзе Салігорскай птушкафабрыкі. Генеральны дырэктар агракамбіната «Дзяржынскі» Уладзімір Лук’янаў далажыў аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па стварэнні селекцыйна-генетычнага цэнтра птушкагадоўлі, але ўжо яйкавага кірунку. Аналагаў на постсавецкай прасторы яму няма. Айчынныя селекцыянеры ўжо ўшчыльную наблізіліся да найлепшых сусветных паказчыкаў па прадукцыйнасці курэй-нясушак. І гэта пры гэтым, што ідэальныя ўмовы яшчэ не створаныя — работа над гэтым працягваецца. «Мы ў 2029 — пачатку 2030 года створым прабацькоў», — расказаў Уладзімір Лук’янаў. Рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць не толькі з лішкам задаволіць патрэбы Беларусі ў куранятах па яйкавым кірунку, але і наладзіць супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Праектам ужо цікавяцца ў Расіі і гатовыя заключаць кантракты.

photo_2025-10-03_10-02-40.jpg

У суседзяў ёсць цікавасць па сумеснай навуковай рабоце. У Беларусі ёсць напрацоўкі па яйкавым кірунку, у Расіі — па мясным. Аснова для ўзаемавыгаднай работы ёсць. «Трэба абменьвацца ў гэтым плане. Яйка — на мяса, груба кажучы. Ім выгадна гэта», — пагадзіўся Прэзідэнт. Але ў цэлым, заявіў кіраўнік дзяржавы, трэба працаваць, каб на перспектыву ўсё было сваё — і па яйку, і па мясе.

Прэзідэнт асабіста азнаёміўся з тэхналогіямі ўтрымання прамысловага статка перапёлак, збору і ўпакоўкі перапёлчыных яек. Не абышлося і без дэгустацыі прадукцыі Салігорскай птушкафабрыкі.

Лічыцца, што па сваіх карысных якасцях перапёлчыны яйкі на трэць лепшыя, чым курыныя. Іна Талкачова адзначыла, што птушкафабрыка была б не супраць, каб іх больш закуплялі для школьнага харчавання, тым больш што вопыт ужо ёсць. «Трэба прапрацаваць з будучага года. А чаму не?» — падтрымаў ідэю кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт параіў і журналістам есці перапёлчыны яйкі. 

Пасля гэтай камандзіроўкі гадаванцаў на прэзідэнцкай ферме пабольшае: кіраўніку дзяржавы падарылі перапёлак — двух «хлопчыкаў» і сем «дзяўчатак».

Не аб поспехах, а аб праблемах і трэндах 

Вытворчасць яек і мяса птушкі, праблемы і перспектывы галіны больш прадметна абмеркавалі на нарадзе з удзелам Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, пры ўсіх недахопах, Беларусь сёння — адзін з лідараў у рэгіёне па вытворчасці мяса птушкі і яек. Свае словы кіраўнік дзяржавы пацвердзіў фактамі: у 2024 годзе на душу насельніцтва выраблена 407 яек і рэалізавана ў забойнай вазе 63 кілаграмы мяса птушкі. 

«Прадукцыя птушкагадоўлі заўсёды запатрабаваная і галіна пры правільным кіраванні вельмі прыбытковая. За 2024 год рэнтабельнасць продажаў мяса птушкі склала 8,5 %, яек — блізка да 20 %. Па названых відах прадукцыі ў нас забяспечана харчовая бяспека. Вытворчасць мяса птушкі ад уласнай патрэбы складае амаль 160 працэнтаў, яек — амаль 130 працэнтаў», — прывёў лічбы Прэзідэнт. І падкрэсліў, што на нарадзе размова пойдзе не аб поспехах, а аб праблемах і аб трэндах у галіне. Кіраўнік дзяржавы пералічыў асноўныя пытанні. 

Першае. Узбуйненне прадпрыемстваў 

«Неабходны прадуманы падыход. Птушкай займаюцца 38 сельскагаспадарчых арганізацый: 20 — мяснога кірунку і 18 — яйкавага. У краіне вырошчваюцца бройлеры, качкі, індыкі, прадстаўлена вытворчасць курыных і перапяліных яек. Шырыцца лінейка прадуктаў з мяса птушкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым ільвіная доля вытворчасці мяса птушкі (75 працэнтаў — тры чвэрці ад агульнай колькасці) прыпадае толькі на шэсць бройлерных птушкафабрык. «Дружба», «Віцебская бройлерная птушкафабрыка, „Беларуснафта-Асобіна“, Агракамбінат „Дзяржынскі“, «Смалявічы-Бройлер», «Сервалюкс Агра» — пералічыў гэтыя прадпрыемствы Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што яны працуюць эфектыўна: выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, вырабляюць якасную прадукцыю, ажыццяўляюць яе глыбокую перапрацоўку, рэалізуюць у тым ліку на экспарт. 

000019_1759483092_740882_big.jpg

«Ці здольныя астатнія птушкафабрыкі канкурыраваць з імі? Ці трэба нам такая канкурэнцыя? Што будзем рабіць далей: не будзем перашкаджаць ім развівацца, хай, што называецца, самі па сабе, ці ж прымем іншыя нейкія рашэнні? Што будзем рабіць з гэтымі дробнымі прадпрыемствамі: ці будзем будаваць дробныя птушкафабрыкі або варта разгледзець пытанне іх рэарганізацыі шляхам далучэння да больш эфектыўных птушкафабрык? — пазначыў кола пытанняў кіраўнік дзяржавы. — Але пры гэтым прашу мець на ўвазе адно з асноўных пытанняў: там, дзе ёсць дробныя птушкафабрыкі, там ёсць пэўныя, калі не школа, то навыкі. Там людзі ўжо прыстасаваныя, яны ўмеюць нешта рабіць. Гэтых людзей страціць нельга, таму што пабудаваць на пустым месцы — гэта не праблема сёння пабудаваць птушкафабрыку. Пытанне ў кадрах, у людзях. І не таму, што іх сёння не хапае ва ўсіх сферах. Патрэбныя адукаваныя, перакананыя птушкаводы». 

Другое. Сітуацыя з падзяжом 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яна, на жаль, не паляпшаецца. За мінулы год на вырошчванні і адкорме птушкі падзеж склаў 22,5 мільёна галоў. За студзень-жнівень 2025 г. — амаль 15 мільёнаў. У асобных абласцях назіраецца значны рост падзяжу: Гродзенская вобласць — 120 % да адпаведнага перыяду 2024 года, Мінская — 116 %, Віцебская — 115 %. 

Пры гэтым пагалоўе павялічваецца нізкімі тэмпамі — у 2024 годзе ўсяго на 3 % да ўзроўню 2023-га. «Тут неабходна разумець, ці трэба нам павелічэнне пагалоўя. Гэта ж залежыць ад рынкаў збыту прадукцыі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што прычыны падзяжу банальныя: незбалансаваная кармавая база, састарэлая інфраструктура, але часцей за ўсё безгаспадарлівасць і разгільдзяйства.

«Напрыклад, на птушкафабрыцы „Заходняя“ Столінскага раёна дапускалася скормліванне птушцы пратэрмінаванага камбікорму, — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. — Да гэтага часу выяўляюцца выпадкі парушэння рэжыму: пранос работнікамі асабістых рэчаў на тэрыторыю, праходжанне супрацоўнікаў у чыстую зону ў абыход санпрапускніка, а таксама праца без спецадзення. У некаторых птушкагадоўчых арганізацыях не выключана магчымасць трапляння сінантропных (дзікіх. — "Зв.") птушак. Не ў поўнай меры праводзяцца мерапрыемствы па барацьбе з грызунамі. Элементарнае не робім!». 

Птушка не заўсёды вакцынуецца, а значыць, ёсць рызыка захворванняў, працягнуў Прэзідэнт. Устаноўлены факты адсутнасці на асобных аб’ектах неабходнай колькасці сродкаў дэзынфекцыі, медыкаментаў, невыканання схем лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў. «Вы разумееце, птушка ёсць птушка — істота вельмі далікатная і ад тэхналогій залежыць сур’ёзна», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым дапускаюцца парушэнні тэхналагічных рэгламентаў і ветэрынарных правілаў.

«Шмат у чым гэта абумоўлена кадравым дэфіцытам, паколькі птушкафабрыкі ўкамплектаваны ветэрынарнымі і зоатэхнічнымі спецыялістамі на 90 працэнтаў. Вось гэтыя размовы, што ў нас чагосьці не хапае — гэтаму трэба пакласці канец. Падрыхтавалі спецыялістаў — яны павінны працаваць там, для чаго іх рыхтавалі. І гэтую тэму трэба закрыць або шляхам забароны (што не вельмі добра), або тыя, хто бярэ сёння спецыяліста-аграрыя ў горад кудысьці працаваць, на склад разносіць яйкі, а не вырабляць іх тут, хай плацяць такія грошы, што гэта таксама будзе фактычна для іх забарона. Трэба вырашыць раз і назаўжды гэту праблему».

Трэцяе. Далейшыя стратэгіі развіцця галіны

«Сёння мы ўбачылі інавацыйную перапёлкавую ферму. У агракамбінаце „Дзяржынскі“ пабудаваны комплекс па вырошчванні мяса індычкі. Гэта новыя, „модныя“ кірункі, карысныя і нават неабходныя для людзей. Таму ёсць попыт на ўнутраным і знешнім рынках, — адзначыў Прэзідэнт. — Якой бачыце далейшую стратэгію развіцця галіны, якія новыя кірункі ў птушкагадоўлі мы яшчэ можам развіваць або будзем паглыбляць існуючыя?»  

Чацвёртае. Экспарт мяса птушкі

За мінулы год ён склаў амаль паўмільярда долараў — экспартавалі амаль 250 тысяч тон мяса птушкі, 835 мільёнаў штук курыных яек. 

«Краіна ўваходзіць у топ-15 вядучых сусветных экспарцёраў мяса птушкі і яек. Асноўныя нашы контрагенты — гэта Расія, Кітай і краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аднак Расія забяспечвае сябе і мясам птушкі, і яйкамі. Кітай таксама паказвае высокія тэмпы росту вытворчасці, — прывёў факты Аляксандр Лукашэнка. — Пытанне новых рынкаў. Дзе яны?»

Пятае. Зніжэнне залежнасці галіны ад імпарту 

«У краіне няма альтэрнатывы імпарту куранят для вытворчасці інкубацыйных яек. Для камплектавання птушкафабрык прабацькоўскі статак мясных куранят мы завозім. Таксама і ў яйкавай птушкагадоўлі. Кожная птушкафабрыка працуе напрамую з замежнымі партнёрамі, — пазначыў праблему кіраўнік дзяржавы. — Поўная залежнасць ад імпарту не гарантуе стабільную работу птушкафабрык. Кожны завоз птушкі звязаны ў тым ліку з верагоднасцю заносу новых інфекцый, а таксама, што вельмі актуальна, са зрывам паставак».

3473_result.jpg

Прэзідэнт пацікавіўся, як будзе вырашацца пытанне недахопу магутнасцяў бацькоўскіх пляцовак у яйкавым і мясным кірунках? Ён нагадаў, што яшчэ ў 2023 годзе даручаў стварыць селекцыйна-генетычны цэнтр для атрымання ўласнай племянной прадукцыі. Уяўлялася, што гэта будзе ўнікальнае для Беларусі прадпрыемства поўнага цыклу. «Але, не ведаю, ні хістка ні валка там ідуць справы. Усяго тры працэнты там пабудавана», — заўважыў беларускі лідар і паставіў задачу: хутчэй увесці гэта прадпрыемства. 

Шостае. Навука

Прэзідэнт пацікавіўся: куды мы рухаемся ў дадзеным кірунку? «Мясная птушкагадоўля ў нас пакуль залежыць ад імпарту ў частцы зыходных ліній (прабацькоўскага пагалоўя), але я ведаю, што ў яйкавай птушкагадоўлі актыўна вядзецца работа па атрыманні айчынных кросаў курэй. Нашы навуковыя напрацоўкі ў селекцыі павінны даць новы імпульс развіццю эфектыўнай вытворчасці. Пры гэтым нельга пакідаць без увагі ўсе віды птушкі», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. 

Свой рынак не трэба нікому аддаваць

Рэзюмуючы пазначаныя для абмеркавання пытанні, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт, што пасля гэтай нарады павінен быць канкрэтны імпульс для развіцця таго ці іншага кірунку. І папярэдзіў: усё, пра што дамовіліся, павінна быць жалезна выканана. 

«Свой рынак не трэба нікому аддаваць. Зоймем рынак — і добра. Дапамагайце там, дзе магчыма, сваім прадпрыемствам. Гэта вельмі важна цяпер. Мэта адна, глабальная — нікому не аддаваць свой рынак па ўсіх кірунках, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ёсць рынак, калі мы бачым добрую эканоміку ў той ці іншай вытворчасці — трэба падтрымліваць гэтыя праекты, а не траціць грошы незразумела куды». 

Можам захаваць у краіне паўтара мільёна еўра

photo_2025-10-03_10-12-16.jpg

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў, што ў Беларусі мяса птушкі займае долю ў 38 % ад усёй вытворчасці мяса ў краіне. Што датычыцца мясной птушкагадоўлі, то прабацькоўскія формы закупляюцца за мяжой і пастаўляюцца на племптушкарэпрадуктар «Бройлер» агракамбіната «Дзяржынскі». «Там мы вырабляем 2 млн галоў бацькоўскага статка. Гэта 56 % ад усяго бацькоўскага статка, які нам патрабуецца ў краіне», — расказаў міністр. Астатнія 44 % бацькоўскага статка пакуль закупляюцца за мяжой, хоць гэтыя паўтара мільёна галоў можна было б атрымліваць у Беларусі. Для гэтага трэба дабудаваць яшчэ адзін рэпрадуктар першага парадку. «Ён будзе невялікім. Там літаральна два будынкі. Каб цалкам 3,5 млн галоў бацькоўскага статка вырабляць у сябе ў краіне. Сёння кошт аднаго кураняці, якога мы атрымліваем у сябе, — 5,2 еўра. З-за мяжы мы купляем за 6,2 еўра. На адным кураняці мы пераплачваем 1 еўра. На паўтара мільёна галоў — гэта паўтара мільёна еўра, якія могуць заставацца ў краіне», — адзначыў Юрый Горлаў. 

Для рэалізацыі праекта па будаўніцтве рэпрадуктара разам з абсталяваннем спатрэбіцца каля 20 мільёнаў рублёў. «Сем мільёнаў долараў па максімуме. А то і ў пяць укладземся», — зрабіў выснову кіраўнік дзяржавы.

«Нам гэта трэба заўтра ці мы не гатовыя, яго пабудаваўшы, эксплуатаваць? Калі яно будзе заўтра, вы яго можаце выкарыстоўваць? Фабрыкам гэта трэба?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. Міністр адказаў сцвярджальна. Больш за тое, паводле яго слоў, гэта гарантуе не толькі адыход ад залежнасці па імпарце, але і забяспечыць прафілактыку і мінімізацыю хвароб.

Валерыя СЦЯЦКО

Чытайце таксама: Пабывалі ў салігорскай шахце, паглядзелі, як здабываецца экспартнае багацце краіны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю